– Ціха! Не вярзі лухту! – перарываў Колік. – Татка! Як можна цярпець гэтую гніль і брыдоту! Свабодаў занадта шмат! Людзі нахабнеюць, слабеюць і разбэшчваюцца! А што, калі заўтра зьняславяць матухну, а потым і нас, тваіх дзетачак? Выкажаш ім гуманны дакор? Альбо нават зусім прамаўчыш?
– Браткі, апамятайцеся! – гукаў Толік. – Пратэставаць трэба супраць крайнасьцяў і невуцтва! Тата, мы павінныя цьвёрда выступіць за закон і супраць беззаконьня! Усё павіннае вырашацца не наводмаш, а законнымі працэдурамі! Трэба абапірацца на сусьветны шматвяковы вопыт юрыспрудэнцыі й палітыкі!
– Тат, ня слухай! – Хуліё ускокваў на крэсла. – Трэ проста любіць адно аднаго! Трэ проста любіць дабро й пагарджаць злом! Трэ разам выступіць супраць няпраўды! Разбурыць хісткую хлусьню! Чым менш зла, тым больш дабра, гэта відавочна! Вось за што трэба змагацца!
Пакуль брацікі выкрыквалі, тата нячутна адыходзіў і вышмыгваў цераз запасны выхад. Ён сыходзіў вузкімі сьцежкамі між градак і парнікоў, хаваўся ў плямістым цені памідорнага лісьця, а я краўся за ім. Прывіўшы вішню і ўгнаіўшы агрэст, ён зрываў напаўсьпелы салодкі агурочак і паварочваў яго, прымерыцца дзе смачней. І ўздрыгваў, заўважыўшы мяне: «Ролю? Навошта ты тут? Ідзі да брацікаў, бо няёмка ж…» Я імпэтна кідаўся да яго, абдымаў за нагу, прыціскаўся да цьвёрдага галіфэ. «Што з табой, дзіця?» Я шаптаў яму ў штаны, як я таксама саромеюся сваёй пасіўнасьці, але як мне ўсё абсалютна незразумела, і як я ня ў сілах змагацца з чымсьці адвольным, з адное толькі вітальнае актыўнасьці. Тата пасьмейваўся і казаў, што ў мяне, падобна, характэрны прыступ юнацкага старэцтва. «Табе трэба больш назіраць несправядлівасьці. Вось глядзі!» І ён, злачынна расчыніўшы рот, рыкаў і люта адкусваў палову цела ў далікатнага пупырчатага агурочка.
92. На адвароце партрэта. Пра палітыку
«Калі ты не цікавісься палітыкай, дык палітыка зацікавіцца табой.
Калі ты не цікавісься эканомікай, дык эканоміка зацікавіцца табой.
Калі ты не цікавісься каустыкай, дык каустыка зацікавіцца табой.
Калі ты не цікавісься акрабатыкай, дык акрабатыка зацікавіцца табой.
Калі ты не цікавісься табурэткамі, дык табурэткі зацікавяцца табой.»
93. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра каханьне і запалкі
Увясну мы з брацікамі любілі сядзець на вэрандзе, паліць запалкі і размаўляць. Толік умеў выцягнуць запалку са скрынкі й падпаліць яе адной рукой, Хуліё ўмеў сунуць падпаленую запалку ў рот, а Колік саскрабаў серу, загортваў у бляху ад кансэрвавай банкі і рабіў пэтарды. І чамусьці відовішча агня, хай і мізэрнага, натхняла нас на размовы пра каханьне, калі асабістыя і прадметныя, а калі й няўклюдна-агульныя.
– Калі хочаш спраўдзіць сваё каханьне, – уздымаў раптам паказьнік Толік, – трэба адкінуць ейную зьнешнасьць. Уявіць яе бязь цела й падумаць, за што яшчэ яе можна кахаць. Калі знойдзецца, за што – дык гэта й ёсьць сапраўднае каханьне. Бо цела тленнае.
– Не, Толік, – адказваў натхнёна Хуліё, – сапраўдным каханьнем кахаюць менавіта за прыгажосьць. Прыгажосьць – гэта боская іскра, і ў часовасьці – ейная праўдзівасьць. Кахаць мінучае – вось сапраўдны арыстакратызм духу! Вечнасьці прагне толькі баязьлівец альбо дурань.
– Што вы вярзеце? – абураўся ў такія моманты Колік, – хіба не зразумела, што кахаць за нешта – гэта нізасьць? Прыгожае цела, шчырая душа, тонкі густ аб'екта – гэта ўсё толькі мыліцы для вашага каханьня! Адкіньце іх! Вы можаце хадзіць! Сапраўднае каханьне ня ведае прычынаў.
Яны глядзелі на мяне, але мне было няма чаго сказаць, і я нічога ня ўмеў рабіць з запалкамі. Я казаў толькі: «я люблю вас, брацікі!» – і лашчыўся. «Але мы не пра гэта!» – хмурыўся Толік. «Ён як раз пра гэта!» – заступаўся Хуліё. «Не пра гэта ані ён, ані мы!» – заяўляў Колік. Ну а Валік дык і зусім грэбаваў спрачацца, ён увесь час працаваў: бяз стомы майстраваў з запалак хаткі, дрэвы, чалавечкаў і нават сэрцайкі.
94. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра служанак
Наш тата, люты й непрымірымы сноб, любіў зьневажаць простых звычайных людзей і ўсяляк зь іх зьдзекавацца. Прыкладам, прыблізна раз на месяц, зьведаўшы, што Валік дапісвае чарговы партрэт, ён абавязкова клікаў служанку і загадваў ёй мыць, а сам сядаў у фатэль і чакаў. Неўзабаве зьнясілены музай Валік, кладучы на палатно апошнія мазкі, пачынаў – гэта было ягонай нязьменнай артыстычнай манерай – пачынаў крычаць са свайго пакоя «о, як жа цяжка канчаць! о, лепш бы я не пачынаў! о, канчаць цяжэй за ўсё на сьвеце!» – і тата гукаў яму ў адказ «будзь мужны, сыну! канчай цьвёрдай рукою!» Тата ведаў, што на плябейскім арго «канчаць» азначала «аргазьміяваць», і чакаў рэакцыі служанкі. І калі служанка хіхікала, ці хаця б усьміхалася, ці хаця б сарамліва чырванела, тым самым прызнаючыся ў веданьні нізкага нэалягізму – тата ў той жа момант ускокваў і пагардліва роў: «што?! ды як вы можаце! прэээч! прэээч з маёй хаты, бессаромная пачвара! разьлік вам дашлюць па пошце! прэч адсюль прэээч!» Няшчасная са сьлязьмі ўцякала, мы рагаталі, а тата адзьдзімаўся й разгладжваў змакрэлыя з гневу вусы. Але аднойчы каса снабізму трапіла на камень жыцьцёвай мудрасьці – пажылая служанка, пачуўшы Валікавы крыкі, выпрасталася, задуменна абаперлася на швабру і з уздыхам мовіла: «так, дзеткі, канчаць цяжэй за ўсё на сьвеце, чыстая праўда». Тут ужо тата нічога ня мог зрабіць, і прыйшлося яму зь вялікай неахвотаю пакінуць служанку яшчэ на адзін месяц.