Але часам адбываліся незразумелыя ўсплёскі быцьця, і вакол раптам пачыналі ўзьнікаць сябры дзяцінства. Зьяўляліся наплывамі – адразу памногу, розныя, маладыя, старыя, разнаполыя, рабыя, пярэстыя. Ідзеш па бульвары, прыкладам, а насустрач мужык у пухнатым капюшоне, раскарачаны, шчакасты. Яшчэ здалёк пачынае прыглядацца i ўсьміхацца, зьбівае капюшон на патыліцу, расчыняе рот: Ро... Але ты ныраеш у цёмную арку. Ён не рызыкуе за табой, расчаравана праплывае міма. У цёмнай арцы – уркі-падлеткі, трое. Здароў, Ролю! Як ты, прачухаўся пасьля выпускнога? Мы тут гэта, з адным жэўжыкам хочам перацерці. Пастаіш на шухеры? А потым піўка вып'ем! Няпэўна матнуўшы галавой, вынырваеш назад, пад ліхтары. Там табе ўжо махаюць зь нісана пышныя шматдзетныя брунэткі: Ролю, Ролю, ты настаўніцу павіншаваў? Паехалі з намі ў рэстарацыю! Тоўстыя чырвоныя вусны, салодкія блясткі. Мужык у капюшоне аглядаецца на іхны сьмех: Роооллю! Вось ты дзе! Колькі гадоў! Радасна паварочвае і насоўваецца, пар з рота. Падлеткі круцяць мантыроўкай, прыязна выскаляюцца скрозь сьняжынкі.
Ідзіце к чорту! Я вас ня ведаю! Усе мае сябры даўно здохлі!
Бяжыш, бяжыш, кудысь па прыступках, да засьнежаных набярэжных.
97. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Кафяня
У далёкія школьныя гады мы з брацікамі любілі зьбірацца ў старой дрывотні, якая выходзіла тылам на пустку. Калісьці тут запасіліся дровы, а цяпер захоўваліся дошкі, іржавыя ровары ды ўсякая драбяза, якую шкада выкінуць. У паўзмроку мы рассаджваліся па сваіх улюбёных мястэчках і вялі бясконцыя гутаркі пра высокае і чыстае. А аднойчы ў пачатку ліпеня мы засьпелі ў дрывотні чалавека: маленькі, худзенькі мужчына за трыццаць, з шэрай скурай і замучаным тварам, ён убіўся паміж дошкамі і зламанай шафай, сьціскаючы ў руках кніжку. Убачыўшы нас, ён спалохана прыгнуўся, але ня ўцёк. Колік працягнуў руку, і той пакорліва аддаў яму кнігу, якая аказалася Кафкай.
Мы празвалі яго Кафяня. Ён амаль не размаўляў і быў істотай бяскрыўднай і рахманай – пакорліва чысьціў нам чаравікі, паслужліва праціраў рукавом дошкі, каб мы не запэцкалі штаны, і нават некаторы час вырашаў за нас арытмэтыку, пакуль ня высьветлілася ягоная слабасьць у дробах. Мы зьлітаваліся над ім, не праганялі, і нават прыкормлівалі рэшткамі сьняданкаў, але еў Кафяня квола. Кафку мы час ад часу адбіралі ў яго й выкідалі, але ён кожнага разу зноў аднекуль здабываў яго і зноў чытаў. Мы прыносілі яму нармальныя кніжкі, але здаровага рэалізму ён не разумеў і, прачытаўшы паўстаронкі, уздымаў на нас зьдзіўленыя журботныя вочы. Мы любілі яго дражніць: Валік выскаляў зубы і праводзіў адзінцам па горле, намякаючы на Ёзэфа К., Толік мераў падлогу дрывотні шырокімі крокамі, паказваючы каморніка, а я знаходзіў вялікага жука-гнаявіка, саджаў яго ў запалкавы скрынак і прапаноўваў Кафяняці паглядзець. Ён высоўваў скрынак і пацешна ўздрыгваў, палохаючыся жука. У адзін зь дзён Кафяня сьціпла адкашляўся і выказаў ціхае жаданьне пабачыцца з нашым татам, але мы толькі пасьмяяліся. Наш тата цябе праглыне й не заўважыць! Лепш ня лезь.
У жніўні, калі надышла сьпёка, і мы ўсе дні бавіліся на возеры, Кафяня яшчэ больш заціх і запаволіўся. Ён пачаў худнець, зьмяншацца, скукожвацца, і за тыдзень зусім сышоў на нішто. Ягонае прахалоднае бязважкае цельца зьмясьцілася ў кардонке з-пад красовак, і мы закапалі яе на пустцы.
– Можа, мы дрэнна зь ім абыходзіліся? – спытаў я.
– Ды кінь. Ня білі, не абражалі, не прымушалі. Нават кармілі. Што яшчэ чалавеку трэба? – запярэчыў Колік.
– Там кніжак не засталося пасьля яго? Трэ было б спаліць, – прадбачліва сказаў Толік.
І сапраўды, за дошкамі мы знайшлі некалькі Кафкаў у безнадзейна карычневых вокладках, рознай ступені зачытанасьці. Мы выграблі іх у гарод, лінулі газай і дачакаліся, пакуль дагараць.
98. Аповед Коліка. Пра галоўнае пытаньне
Аднаго разу, вярнуўшыся з суду ў прыўзьнятым настроі, цалкам апраўданы, Колік распавёў пра дзіўнага спадарожніка ў прыгараднай электрычцы:
– Аўтобусы я не выношу, а на таксі грошай не хапіла. І вось вам загадка, брацікі. Падсеў да мяне мужык зь перабітым носам і пачаў пытаньні задаваць. Паслухайце. «Сябра, куды гэтая электрычка ідзе?» Я кажу, куды; зразумелая рэч, што ён і сам ведаў – але трэба ж размову распачаць. «Сябра, вінца вып'еш?» Я адмаўляюся – ня п'ю ўраніцу. «Сябра, як цябе зваць?» Кажу. Ён кажа, што ў яго адзін сябар добры ёсьць, таксама Коля. «А гадоў табе колькі, Колік?» Кажу. Ён кажа, што яму трыццатнік восеньню. Ні многа, ні мала, кажа. «Колік, а футбол ты любіш? За каго балееш?» Кажу. Расказвае хвілін пяць, як ён таксама зь дзяцінства заўзее за Дынама. «Колік, а дзяўчына ёсьць у цябе?» Кажу. Гэта было важнае для яго пытаньне: ён зажурыўся і два прыпынкі бедаваў пра памылкі маладосьці і пра страту каханай. І тут мне надышоў час сыходзіць. Ну дык вось, брацікі, гэта я ўсё навошта. Калі я падняўся, ён затрымаў маю руку ў сваёй і, засяроджана ўзіраючыся ў мяне, задаў апошняе, сёмае, самае галоўнае пытаньне. Вось вам і загадка! Якое было самае галоўнае пытаньне?