Але, нягледзячы на нашыя агульныя намаганьні, роўна ў год Колік адкашляўся й выразна прамовіў:
– Мама.
Разгубленыя і зьдзіўленыя, мы запыталіся тату: як жа так? Значыць, усе нашы намогі былі дарэмныя? Але тату немагчыма было зьбіць з панталыку ці прывесьці ў засмучэньне:
– Не, дзеткі, не дарэмныя. Мы выканалі свой абавязак. Цяпер мы ўпэўненыя, што Колік не цярпеў лінгвістычны гвалт і зрабіў свой выбар сьвядома й разумна! Дык ура! Шампанскага!
11. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра нараджэньне Валіка
Аднойчы, бліжэй да абеду, тата гучна паклікаў нас у гасьцёўню. Адклаўшы гульні, мы спусьціліся ўніз і замерлі ў паважлівым чаканьні. Тата паглядзеў на маму, мама кіўнула.
– Дзеці, – сказаў тата. – Мы доўга адкладалі гэтую навіну, але час надышоў. Дык вось: у вас ёсць яшчэ адзін брат. І пойдзем адразу знаёміцца.
Мы зьдзівіліся, але зрабілі выгляд, што нічога такога. Усьлед за бацькамі мы прайшлі ў правае крыло, падняліся па лесьвіцы і апынуліся перад звычайнымі хваёвымі дзьвярыма. Тата націснуў на клямку, штурхнуў дзьверы і прапусьціў нас наперад. Сьветлы пакой, акуратны ложак, стол, кніжныя паліцы з політэхнічнымі слоўнікамі. Ля вакна муляўся цыбаты хлопчык у шэрым строіку.
– Гэта Валік, – шапнуў тата за нашымі сьпінамі, і яны з маці ціха адышлі, каб нам не перашкаджаць.
Мы раўніва агледзелі пакой і, ня ўбачыўшы цікавага, запыталіся:
– Дзе твае цацкі?
Валік прыадчыніў рот, потым зачыніў і паціснуў плячыма.
– Ўва што ты ўмееш гуляць?
– У шахматы.
– А ў тэтрыс?
– Не.
– Мы цябе навучым.
– Сапраўды?
Валік раптам надзвычайна ажывіўся: ён падбег да нас, пачаў паціскаць рукі, сьмяяцца, зазіраць у вочы.
– Дык вось вы якія, мае брацікі! Тата доўга не хацеў мяне да вас пускаць, маўляў, вы гуліганы й навучыце мяне благому. Але ж гэта перабольшаньне? Так? Зараз тата раптам дазволіў, незразумела чаму – можа, пераканаўся, што я таксама гуліган? Ах, я ўжо ведаю, што мы будзем добрымі сябрамі! Хто з вас Хуліё, дазвольце мне адгадаць? Ты? Ура! Вось бачыце, вось бачыце! Я так даўно марыў пра вас, і вы нават сьніліся мне. А я, ці сьніўся вам я?
Мы, вельмі расчуленыя, сардэчна цалавалі Валіка і запэўнівалі, што і ён нам сьніўся.
– Але што ж гэта я! Запрашаю!
Ён пасадзіў нас за стол, разьліў па кубках гарбату ды пасунуў кожнаму сподачак зь печывам і мармэлядам. І раптоўна спыніўся й гукнуў:
– Мо пойдзем у лес? Па грыбы, па ягады! Вы любіце па грыбы?
Мы шчыра ўхвалілі грыбы, і ён зазьбіраўся: расчыніў шафу, надзеў кашнэ і плашч, абраў моцны кошык, прычасаў шчотачкай валасы і прысеў на ложак, каб перашнураваць туфлі. Але тут яго напаткала зьнясіленасьць: ён сядзеў, абапёршыся локцямі на калені, і ня рухаўся. Мы дапілі гарбату.
– Валю?..
– Ах, пакіньце мяне…
Але мы, вядома ж, не пакінулі яго, павялі з сабой і з тае пары больш не расставаліся.
12. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра мужчыну
Аднойчы мы з брацікамі паспрачаліся, у якім узросьце робяцца мужчынамі: у чатырнаццаць альбо ў шаснаццаць? Даказаць лёгікай аніводную з гіпотэзаў не атрымлівалася, і мы мусілі зьвярнуцца да таты, хоць і баяліся, што ён скажа васемнаццаць, і прыйдзецца чакаць занадта доўга. Але тата, як звычайна, палічыў за лепшае не канкрэтаваць, а распавесьці казку:
– Жыў-быў калісьці падаўней хлопчык, які таксама хацеў як мага хутчэй зрабіцца мужчынам. Гэта здавалася яму амаль недасяжным, неверагодным, але ён набраўся цярплівасьці й паклаў сабе пэўны ўзрост: васемнаццаць. Доўгія гады ён правёў у чаканьні, і вось нарэшце адметны дзень надышоў. Было шмат гасьцей, шмат урачыстых прамоваў, дарослы наручны гадзіньнік і корцік у падарунак. Некалькі дзён хлопчык прыслухоўваўся да пачуцьцяў, але мужчынам сябе па-ранейшаму не адчуваў. Напэўна, трэба навучыцца курыць цыгару і піць віскі? – падумаў ён і прыступіўся да заняткаў. І навучыўся, але гэта таксама не наблізіла яго да мэты. Тады ён раптам натхніўся: усё проста! неабходна спазнаць жанчыну! І ён пайшоў і спазнаў. Мужчына я цяпер ці не? – разважаў ён, час ад часу спазнаючы для надзейнасьці іншых жанчын. Але няўпэўненасьць не пакідала яго. Тады хлопчык запісаўся добраахвотнікам у войска, адслужыў некалькі гадоў, а апошняга году трапіў на сапраўдную вайну, дзе забіў некалькі ворагаў і цудам выжыў сам, абышоўшыся шнарам. Калі ён вярнуўся дадому, дык замнога не разважаў – ажаніўся, нарадзіў сына, пасадзіў дрэва й пабудаваў хату, усё як запаветалі клясыкі. А каб замацаваць вынік, нарадзіў яшчэ аднаго сына і дзьвюх дачок. Пасьля гэтага думкі пра мужчыну на некаторы час пакінулі яго, але потым... потым вярнуліся з новай сілай. Разбагацець! – вырашыў хлопчык і заняўся бізнэсам. Было няпроста, але за тузін гадоў упартае працы ён дасягнуў мэты, і зрабіўся адным з найбагацейшых людзей у горадзе. Але мужчына не пускаў яго й мучыў нават на тэрасе ўласнага паляццо на ўзмор'е. Улада! – прыйшло яму ў галаву неяк уноччу. Падумана – зроблена. Перамовы з уплывовымі сябрамі, узаемакарысныя паслугі, сумесныя ўгоды, прадуманыя шлюбы сыноў і дачок – і вось ён ужо катаўся зь мігцелкай. Ён загадваў, і яму з паклонамі ды страхам у вачох слухаліся сотні людзей. Але й гэта не спатоліла ягоную прагу зрабіцца мужчынам. Трэба зьдзейсьніць нешта добрае, – прыйшоў да высновы хлопчык, – нешта добрае й бескарысьлівае. Выдаткаваўшы палову багацьця, ён пабудаваў шыкоўны шпіталь для бедных і буйную школу для сіротаў, а тым, хто цярпеў асаблівыя нястачы, прызначыў шчодрыя пэнсіі й стыпэндыі. Да таго часу і дзед ягоны, і бацька памерлі, і ён зрабіўся старэйшым у сям'і. А ў горадзе ён стаў сама паважаным чалавекам, сапраўдным старэйшынам. Барада ягоная была раскошна доўгая й сівая, апранаўся ён у беласьнежны гарнітур, а ў рукох заўсёды трымаў моцны кій. І вось тады, калі хлопчыку споўнілася восемдзесят пяць, ён усьвядоміў аканчальна: мужчынам робіцца той, хто годна сустрэне сьмерць. І памёр. Вось як, дзеткі.