Выбрать главу

9E. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра люты

У нашай сям'і люты ненавідзелі ўсё: мама за свой дзень нараджэньня, які штогод старыў яе, а тата за тое, што занадта кароткі; Толік за холад, а Хуліё за безвыходнасьць; Колік за тое, што памёр Летаў, а Валік за тое, што Пастэрнак плакаў. Мы прыдумалі, як пазбавіцца ад лютага: вырваць яго з календара спрэс, а кожную дату студзеня расьцягнуць на два дні. Студзень атрымаўся задоўгі, але затое пасьля яго адразу надыходзіў сакавік! Так мы жылі доўга й шчасна, пакуль аднойчы люты не заявіўся да нас асабіста. Ён аказаўся даволі прыемным чалавекам з бародкай і ў карычневым швэдары, з пахам адэкалёна. Люты прынёс зялёнага чаю й завёў ветлівую гутарку пра кінэматограф, але мы насьцярожана маўчалі. Нарэшце змоўк і ён, а потым папрасіў тату на пару слоў. Потым дзьверы бразнулі, і тата вярнуўся зь цёмным тварам. Што, што, татухна? Ён сказаў, што раз мы такія паскуды, ён вымушаны зрабіць ультыматум, – сказаў тата. Ён сказаў, што бярэ жнівень у закладнікі, і што заўтра пачне адрэзаць у яго па дню ў дзень, пакуль зусім нічога не застанецца. Ліпень, а потым адразу верасень. Блеф, блеф! Не, ня блеф, ён пакінуў фотаздымкі. Каламутныя, мабільныя, але ўсё было відаць: заплаканыя вочы, разьбітыя вусны жніўня. Толік усхліпнуў і пабег тэлефанаваць у жандармэрыю, але там яго абсьмяялі й кінулі слухаўку. Дык што ж, паддавацца на шантаж? Ні ў якім разе! – і Колік агаліў нож. Спыніся, ён мацнейшы за нас, – і тата затрымаў ягоную руку. І ўсё паніклі, зьвялі. Давайце, нясіце каляндар, што рабіць... І пакуль несьлі каляндар, я памеркаваў і наважыўся. Што мне? Давайце я буду ўвесь час жыць у лютым, за вас! Яны, вядома, не хацелі мне даваць, але я настаяў, што мне, на самой справе, ну? Ён мне нават чымсьці падабаецца, ага. Буду часам да вас у госьці заходзіць, у красавіку там ці ў траўні! Гэта нічога страшнага, нават весела. Чаму б і не? Хаця б часова? І яны пагадзіліся.

І з таго часу я заўсёды жыву ў лютым.

9F. Зь ліста Толіка. Пра маленькае сьвята

<...> Сёньня наогул нейкі дзіўны выдарыўся дзень, зламаліся тры лінейкі запар, а потым верабей заляцеў у фортку, ледзь выгнаў на вуліцу, але гэта ўсё драбяза. Пасьля абеду прыйшоў хлапец з суседняга дэпартамэнту, мы зь ім ня вельмі знаёмыя, так, здароў-здароў, і прынёс канвэрт.

Гэта вам, кажа. Мне? А што там? А тамака грошы, бярыце. Грошы? Якія грошы? Ну, там ня вельмі шмат, паўтары тысячы даляраў, для вас. Паўтары тысячы? Гэта такая прэмія, ці што? Ды не, ня прэмія, гэта я сам сабраў, адмыслова для вас, зрабіць прыемнае. Прыемнае?? Ну, купіце сабе штосьці, я ад чыстага сэрца.

Я падумаў быў вясёлкава, можа ён закахаўся? Але не ж, у яго жонка й дзетачкі быццам, і каляндар зь дзяўчынаю ў бікіні над сталом, дый я прыгажун сумніўны, не, тут нешта іншае. Можа, я выглядаю, як жабрак, і ён хоча дапамагчы? Ці мо ён гангстэр які ці наркадылер, і думае, што я яго недзе бачыў, і за маўчаньне плаціць? Але ён кажа – не, не, што вы! Гэта проста падарунак, ад душы, зарабіў, адкладваў патроху і вам дару. Ну дык купіў бы мне скрыню гінэса, быў бы нармалёвы падарунак? Не, гінэс – гэта занадта просты падарунак, а мне хочацца нешта ярчэйшае, нібы маленькае сьвята. Сьвята??

Карацей, я яго выставіў і грошы браць ня стаў, бо раптам заўтра ягоная жонка заявіцца з паліцыяй, ці яшчэ якая-небудзь засада? Хіба можа чалавек узяць і грошы проста так падарыць? Лухта.

Як вы там, братачкі? <...>

A0. Уцёкі ды туляньні. У шахматы