Па вечарах я сядзеў дома й паліў сьвятло, апусьціўшы хвалістыя жалюзі. Мне падабалася ўмыкаць і вымыкаць лямпачкі, разглядаючы іхны адбітак у прыжмураных вачах: жоўты, які хутка згасае да чырвонага, барвовага. Ці падоўгу ляжаць у ваньне, раз-пораз апускаючыся пад ваду і ўяўляючы сябе чалавекам-амфібіяй з жабрамі маладое акулы. Не выцірацца ручніком; сушыцца голай сьпіной да батарэі, рэбры да рэбраў, мокрыя да гарачых. Паліць запалкі, прымушаючы згараць кожную да самага кончыка, у апошні момант перахапляючы іх за астылую галоўку. Пагасіўшы сьвятло, паліць блакітны газ, назіраючы, як напякаюцца да бардовага краты. Гуляць у плястмасавыя шахматы з адламатымі шышачкамі ў каралёў.
Гуляючы з сабой у шахматы, добра паставіць з процілеглага боку дошкі чый-небудзь фотаздымак. Толькі ўявіце сьпіс магчымых спаборнікаў: зь ягонага багацьця займае дух! Алёхін і Бацьвіньнік, Чачот і Чарот, Холмс і Ўотсан. Зь літаратурнымі героямі лёгка дазволіць сабе любыя вольнасьці, уключаючы дзіцячы мат і фук, бо часьцяком няма ніякіх дадзеных пра іхны ўзровень падрыхтоўкі. Для забаўкі можна сабраць цэлую кампанію супраціўнікаў, прыкладам доктара Жывага, прынца Гамлета, камісара Мэгрэ й дзядзьку Антося, напышліва даць фэрзя ў якасьці форы, прымусіць іх бялець, спалохана раіцца, сьціскаць адзін аднаму локці. Некалькі бліскучых хадоў – і яны зьняважана капітулююць. Зрэшты, удосталь нацешыўшы ўласнае самалюбства, пачынаеш шукаць больш цікавых партнэраў. Кшталту слоіку фасолі ў таматавым соўсе. Нечалавечыя павароты ейнае шахматнае думкі зачароўваюць, падахвочваюць задумацца пра глыбінныя пытаньні жыцьця, сьмерці, сьвядомасьці. Аднаго разу я нават ледзь не прайграў.
Пасьля перамогі добра павячэраць зрынутым спаборнікам. Ён маўчыць і згодны насычыць трыюмфатара сваім кансэрваваным целам, ці відэльцам, ці лыжкай. З кожным слоікам мая магутнасьць узрастае.
A1. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра фарбоўку платоў
Калі мой брат Валік, мастак, быў малады, ён раз на год увясну кідаў маляваць партрэты і наймаўся да кагосьці з гараджан маляром. Сапраўдны мастак, заяўляў Валік, павінен умець фарбаваць. Мастак, які ня ўмее пафарбаваць плот, падобны да шэф-кухара, які ня здольны пасмажыць яечню. Ганьба гэткаму мастаку! Нацягваючы камбінэзон, ён абводзіў нас пільным поглядам, быццам мы таксама мелі дачыненьне да мастацтваў. За дзень, асабліва калі фарба была жоўтая, Валік мог пафарбаваць па пэрымэтры двароў пяць, а гэта ж цэлы кілямэтар платоў. Прафарбаваўшы тыдзень-другі, ён задавальняўся, здымаў камбінэзон і вяртаўся да мальбэрта.
Але прыходзіла лета, фарба на платах трэскалася са сьпёкі, і на дошках праступалі выявы, якія складаліся ў партрэты: нейкія незнаёмыя постаці, няясныя, туманныя, то дарослыя, то дзеці, то старыя. Гараджане ня скардзіліся на Валіка, ім гэта нават падабалася – яны разглядалі ўзьніклыя твары, абмяркоўвалі, пасьмейваліся, а часам і хваліліся адзін перад адным, у каго больш артыстычна. Валік жа, які не вяртаўся на адно месца двойчы, доўга ні пра што не падазраваў, а калі яму нарэшце расказалі пра нечаканы эфэкт, быў вельмі раззлаваны – бо ён, атрымліваецца, ня ўмеў як сьлед пафарбаваць плот.
У чарговую вясну ён пачаў фарбаваць больш павольна і дбайна, наносіў два пласта з інтэрвалам, каб не засталося ні найменшае прагаліны. Пасьля кожнага плота ён запрашаў нас ацаніць ягоную працу; мы ўважліва ўглядаліся, не знаходзілі ані заганаў, ані неаднароднасьцяў, і супакойвалі Валіка. Новыя платы пасьпяхова вытрымалі лета, але восеньню, нажаль, вятры і дажджы прымусілі фарбу пажухнуць, набухнуць, выцьвісьці плямамі – і партрэты праявіліся з новай сілай. Рысы твараў набылі выразнасьць, настроі – глыбіню, і цяпер яны глядзелі прама ў вочы, іншыя сур'ёзна, іншыя з усьмешкай, а іншыя з пагардай. Валік злаваўся, хадзіў змрочны, а гараджане радаваліся.
Наступнай вясной да Валіка выстраілася цэлая чарга ахвотнікаў да мастацтва, але ён прыняў толькі адзін заказ, у пажылой выхавальніцы. Ён купіў самыя трывалыя фінскія фарбы, купіў замест валіка нямецкі фарбапульт, і працаваў з гэтым плотам цэлы месяц: зачышчаў наждачкай кожную дошку, грунтаваў і паліраваў паверхню да поўнае гладкасьці, пакрываў італьянскім пакостам, фарбаваў у тры пласта, а зьверху наносіў ахоўны вадастойкі лак. Мінула лета, мінула восень, а узімку, у самыя маразы, з плотам здарылася такое... Пажылая выхавальніца прыбегла да Валіка праз завіруху, у тапках – яна стаяла й глядзела на яго застыглымі вачыма, і ў іх яшчэ можна было ўбачыць водбліск асьляпляльнай прыгажосьці, што засьвяцілася з плота.