У наступны ж дзень плот раскупілі па дошках бліжэйшыя галерэі, музэі й калекцыянты, а Валік нават не пайшоў глядзець. З тых часоў ён больш аніколі не фарбаваў платы, больш анічога не заяўляў, і ў ягоных бакенбардах завялася першая сівізна. А аднойчы мы засьпелі яго на выхадзе з будаўнічага рынка, з шырокай дошкай у руках. Памуляўшыся, ён патлумачыў нам, што мае намер шліфаваць, апрацоўваць і фарбаваць гэтую дошку незьлічонымі пластамі доўга-доўга, шмат гадоў, можа нават да самае сьмерці – каб потым, рана ці позна, на ёй успыхнуў і зазьзяў Абсалют.
A2. На адвароце партрэта. Пра Сонца
«Больш за ўсё на сьвеце я люблю сьвятло. Сьвятло Сонца. Сонца.
Калі я палюбіў Сонца, я палюбіў электрычныя лямпачкі. Я запальваю лямпачку й ведаю – мірыяды драбнюткіх істотаў, што насяляюць мой пакой, радуюцца ёй. Для іх мая лямпачка – Сонца. Я ніколі не гашу лямпачку.»
A3. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра тагасьветнае вітаньне
Аднойчы ўдосьвітку нас абудзілі хроп і ржаньне. Спачатку мы падумалі, што нам прысьніўся сон, і працягвалі ляжаць, заспана пераглядваючыся. Але зыкі паўтарыліся, зараз ужо ў зваротным парадку: спачатку іржаньне, а потым хроп. Мы выйшлі на балькон, і на сапраўды ўбачылі ўнізе каня, карычневага з чорнай грывай. Мы накінулі махрыстыя турэцкія халаты і спусьціліся да яго. Ён стаяў рахмана, зрэдку ўздрыгваючы скурай. На конях мы зусім ня зналіся й нікроплі не разумелі, якой ён пароды і скуль узяўся. «Магчыма, гэта конь Пржэвальскага, – зьмеркаваў Толік, – ён адбіўся ад табуна й забрыў да нас». «Болей падобны да траянскага каня, – западозрыў Колік, – ад ворагаў». Мы з апаскаю агледзелі каня, але нічога пагрозьлівага не знайшлі. «Можа, ён уцёк з цырка альбо зь мясакамбіната?» – паспачуваў Хуліё. Але сьлядоў зьдзекаў, катаваньняў ці спробаў забойства таксама не было; конь нават дазволіў сябе пагладзіць, не брыкаючыся й не шарахаючыся. «Давайце лічыць, што гэта нам тагасьветнае вітаньне ад Пятрова-Водкіна», – прапанаваў Валік. Мы прыжмурыліся: водбліскі ранішняга сонца на ягонай гладкай шэрстцы папраўдзе былі чырвоныя. Мы паспрабавалі пагаварыць з канём і патлумачыцца: «Мы, конь, зусім ня знаўцы, каб ты разумеў. Скакаць мы ня ўмеем, а араць нам няма патрэбы». Конь ніяк не рэагаваў, і мы пайшлі расказаць пра яго маме з татам. Але яны й чуць нічога не захацелі пра каня – падумалі, што гэта чарговы наш жарт. «Разьбірайцеся самі», – сказалі яны. Што ж, мы адвялі каня ў хлеў, далі ўдосталь аўса й сена, налілі сьвежай калодзежнай вадзіцы й расчасалі грыву. Да вечара ён аддзячыў нас добрай порцыяй гною для мамчыных гартэнзіяў і лёг спаць. Мы з брацікамі павячэралі спаржай і бульбяным пюрэ, абмяркоўваючы, як у суботу павядзем каня купаць, потым паглядзелі жахі пра зомбі і таксама заснулі. А ўраніцу нас чакаў нябачаны дагэтуль фэномэн: замест вялікага жывога каня мы знайшлі ў стойле невялікую цацку, з чырвонага плюшу зь белай тканкавай мордай. Мы былі дужа зьбянтэжаныя і, хоць мяккі конік нам спадабаўся, рассудзілі яго не чапаць і пачакаць далейшых мэтамарфозаў. Сапраўды, праз тры ночы адбылася яшчэ адна трансфармацыя: гэтым разам у буйнога чорнага шахматнага каня, са злосна зьведзенымі бровамі й ашчэранымі зубамі. Мы ня вытрымалі й аднесьлі яго таце, вялікаму аматару шахматаў. Пра тагасьветнае мы палічылі за лепшае змоўчаць. На дошцы конь не зьмясьціўся, але тата ўсё роўна быў рады і ўдзячны нам, ён паставіў каня на сэрвант, на прыгожую робленую сурвэтку. Потым мы час ад часу заходзілі праверыць яго, але ён ужо канчальна застыў і больш не зьмяняўся.
A4. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра сястрычку
Калі мы з брацікамі крыху пабольшалі, мы зьмеркавалі, што было б цудоўна мець малодшую сястрычку, летуценную й вясёлую, абараняць яе й песьціць, і ганарыцца, што яна самая прыгожая. Але рэакцыя мамы нас зьдзівіла: «Ай не, – сказала яна, – спачатку можа й так, а потым не. Мы б зь ёй увесь час спрачаліся, сварыліся, вы ж ведаеце, я люблю, каб усё было па-мойму, ай не, я б не хацела. І потым, яна б нагадвала мне пра маладосьць». «А мы? Мы не нагадваем табе пра маладосьць?» «Вы – не». Рэакцыя таты зьдзівіла нас яшчэ больш: ён і чуць анічога не хацеў пра дачок, і нават самое пытаньне засмуціла яго – ён закрыў твар рукой і маўчаў, пагойдваючы галавой. «Я б ня вытрымаў, – нарэшце сказаў ён, – я б ня вытрымаў, што яна, далікатная й родная істота, вырасьце й пачне здымацца ў порна». «Але чаму, – усклікнулі мы – чаму абавязкова ў порна? Хіба ўсе дзяўчаты здымаюцца ў порна?» «Усё роўна гэта жудасна, – сказаў тата. – Яна б кахалася з нэграмі, з жандарамі, са скінхэдамі, гэта быў бы бесьперапынны кашмар, я б не перажыў яго». Мы пераглянуліся і разьвялі рукамі. «А калі мы будзем здымацца ў порна?» «А вы рабіце што хочаце».