Выбрать главу

A5. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра мірыяды часьцінак

Калі мой брат Хуліё адчуваў, што закахаўся, ён у той жа дзень ішоў на пошту і набываў новы тэлефон. Распараны са сьпёкі, ён уваходзіў, пасылаў нам лагодны погляд і, не здымаючы сандаляў, сядаў да стала. Мы абставалі яго, прасілі паказаць мэлёдыі, але ён адганяў нас, і не даваў нават нумару. Шорхаючы пэргамэнтам, ён разгортваў тэлефон, калыхаў яго на руках, увільгатняў подыхам і праціраў гузікі шматком аксаміту. Мы назіралі з кутоў. Ён усоўваў батарэйку, уводзіў у памяць нумар каханай і пяшчотна гладзіў экранчык. «Кахаю, кахаю цябе!» – выдыхаў Хуліё. Ён хаваў тэлефон на грудзях, пакідаў нам для забавак кардонку, а сам сыходзіў у аранжарэю, аддавацца мроям. Мы назіралі звонку, скрозь ішкло ды апэльсінавае лісьце, як ён, закінуўшы галаву, шэпча вершы, як праводзіць пальцамі па вуснах, як павольна разгойдваецца. Часам ён ускідаўся і пачынаў складаць каханай прызнаньне, гадзінамі падбіраў словы, мучыўся, а потым выдаляў усё, бо словы слабыя, і надоўга прыпадаў да экранчыка пацалункам. Мы плямкалі па шкле панамай ці плаўкамі, і Хуліё ўздрыгваў, але не зьвяртаў на нас увагі. Мы хадзілі вакол, назіралі і ўсё чакалі званка, каб пачуць, якая зайграе мэлёдыя, і ўбачыць, як Хуліё будзе прызнавацца. Але ягоны тэлефон не званіў ніколі. Бывала, да самага вечара ён праходжваўся між пульхнымі ялінкамі морквы, мучыўся, таміўся, нібы тлеў; але потым раптам успыхваў, хапаў люстэрка, шчотачку, папраўляў прычоску і, раскінуўшы рукі ды зачыніўшы вочы, усклікаў ва ўсе грудзі кудысьці ўверх: кахаю, кахаю!

– Ах, братцы! – нарэшце Хуліё выходзіў, і ягоныя вочы гарэлі, шчокі палалі, – я перапоўнены каханьнем! Знутры бурліць, булькоча, уздымаецца! Тугі ток крыві! Калі я бачу жанчыну, я адчуваю – я магу зрабіць яе шчасьлівай! Любую! Нават кульгавую п'янічку! Калі б я быў зь ёй, яна б не была такая! Оо, якая б яна была! Сьвет пасьмешкі, чырвань радасьці, вочы-зоры! Я б напоўніў яе жыцьцём – паўнаважкім, паўнавартасным! Усіх, усіх жанчын! Кожная бясконца цудоўная! Я хачу разарвацца на мірыяды часьцінак – і не магу! Я хачу зрабіць шчасьлівымі ўсіх!

Мы хмыкалі.

– Ты хоць бы адну зрабі шчасьлівай, вось тады й паглядзім, – значна казаў Толік.

– Эх! Пра што мне з вамі! Мужыкі! – ён махаў рукой і сыходзіў марыць у ноч, у зоры.

A6. На адвароце партрэта. Пра перамогу над дзікай прыродай

«Працэс эмансыпацыі набраў такую сілу, што ўжо ня можа спыніцца, яго рухае нястрымная інэрцыя. Роўныя з мужчынамі правы даўно абмінутыя, але цяжкі лякаматыў нясецца далей, да незалежнасьці ад прыроды наогул. На вокладцы вядомых часопісаў (а значыць, зь некаторым спазьненьнем, і ў чытацкіх мазгах): "Вібратар з пультам кіраваньня", "Каханьне да сябе", "У пошуках аргазму", "Што рабіць, калі цябе прымушаюць нараджаць". Традыцыйная вокладкавая мадэля па-ранейшаму прывабная й дагледжаная, але гэта – часова. Лёгіка й сумленнасьць патрабуюць адмовіцца ад прыгажосьці й паказаць сваё сапраўднае аблічча – кволае, бруднае й бессэнсоўнае.

Зрэшты, да гэтага яшчэ далёка, пакуль няма ні неабходных сацыяльных магчымасьцяў, ні ўнутранай сьмеласьці. Але ў пэрспэктыве нас чакае поўная перамога над дзікай прыродай – гэта безумоўна.»

A7. Зь ліста Толіка. Пра смутак

<...> Мы сядзелі зь ім у бары, і ён да таго сумны быў, што нават піва гаркавіла, але я ведаў, што ў яго ў жыцьці збольшага ўсё няблага. І раптам ён мне: «За гэтыя паўгадзіны, што мы пражываем зараз, ты калісьці будзеш гатовы аддаць некалькі гадоў – ці нават усё астатняе жыцьцё». «Чаму б гэта?» – кажу. «Таму што мы не адчуваем часу». «І таму ты такі маркотны?» «Так. Хвіліны цякуць, сьцякаюць, і я загадзя смуткую па іх, быццам з будучыні». «Смуткуеш, значыцца?» «Я смуткую па тым, што калі памру, буду смуткаваць па ўсім па гэтым, па піўной пене, па бульбе, па песеньцы з радыё, па плёмбе ў зубе, па табе». І ледзь ня плача. А сам здаравенны, і пры сям'і, і не бядкуе, і не залежны не які, я ж яго ведаю, працуем разам колькі гадоў. «Ну а калі б цябе, – кажу, – араць, лес валіць?» А ён толькі ўздыхае. Вось як людзі з сыці шалеюць!

Як вы там, братцы? <...>

A8. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра старэчую грэблівасьць

Калі мы былі маленькія, сьпякота пачыналася ня як цяпер, бліжэй да абеду, а з самае раніцы, і ўжо пасьля першага сьняданку можна было ісьці на возера купацца. Мы выходзілі праз далёкія весьніцы ў гародзе і йшлі – пустэчай, шэра-зялёным палыновым полем, поплавам. Перад возерам шырокай дугою ляжаў пясчаны пляж, у тыя часы яшчэ малалюдны. Дзяўчыны са швейнае фабрыкі прыгожа гулялі ў мяч, мускулістыя хлопцы слухалі рэйв па радыёпрыёмніку, сямействы зь немаўляткамі бялелі пад парасонамі, бабулі ў старамодных бікіні куналіся й сьціпла сыходзілі загараць ў высокія травы. Мы ныралі, плавалі й куляліся, пакуль у галаве не пачынала зьвінець, а потым выпаўзалі на бераг і заводзілі з кім-небудзь размову.