– Дзядуля, мы табе падабаемся? – сарамліва пыталіся мы, прыкладам, у пэнсіянэра на стракатым ручніку.
Мы прысядалі на кукішкі вакол і разглядалі ягоны загарэлы жывот з тугім пупком.
– Хе-хе-хе, – сьмяяўся ён, прытрымліваючы брылёк кепкі й безь цікавасьці паглядаў на нас. – Гэткія вы хітруны. Вы думалі што ж? Э не! З гадамі, дзеткі, іншымі ўсё больш грэбуеш, затое сам сабе ўсё больш падабаесься. Бач якія, хе-хе. Будзьце самакрытычныя, хлопчыкі: у цябе радзімка вунь дзе выскачыла, у цябе верхняя губа занадта тонкая, а ў цябе каленкі тырчаць. Ідзіце, сонца не заступайце, нічога вам ад мяне не перападзе.
Незвычайна крыўдна! Спадзеючыся ўзбудзіць пэнсіянэраву рэўнасьць, мы перамяшчаліся да дзяўчын з фабрыкі і часам азіраліся. Але ён абыякава накрываў твар газэтай і ані не шкадаваў пра нас.
A9. Змрочныя засьценкі. Гэта мыла
Пасьля абароны курсавой работы праграмары страцілі да мяне ўсякую цікавасьць. Зь нясьмелым недаверам я назіраў, як іхныя погляды губляюць драпежнасьць і засмужваюцца нудой. Склаўшы рукі на каленях, яны стомлена разглядалі мяне, паварочваючы то бокам, то тылам. Нарэшце, загадаўшы не спыняць рэкляму локшыны ні на імгненьне, яны канчальна забыліся пра мяне й прыступіліся спачатку да піццы, грунтоўна абмяркоўваючы маянэзы й кетчупы, а потым да новых пэрспэктыўных праектаў. Зразумела, я адразу ж спыніў рэкляму і больш да яе не вяртаўся. Дні напралёт я варочаўся на тапчане й блытаўся ў прасьцінах, прыдумляючы пляны помсты і разбурэньня Вучылішча. Я марыў пра дынаміт – пра высокую піраміду з чырвоных выбуховых цыліндраў і чорны бікфордаў шнур, пра аглушальны грукат і клубы белага дыму – але дзе было здабыць дынаміт? Ні дынаміту, ні падводных тарпэдаў, ні запальных бомбаў са сьмелых самалётаў, нічога. Што заставалася рабіць? Павагаўшыся колькі часу, я вырашыў вынішчыць праграмароў па адным – хай не ў адкрытым баі й без урачыстых тратылавых грымотаў, хай подла – але мне было не да высакароднасьці. У прыбіральні я нагледзеў вялікі кавалак гаспадарчага мыла, запасны, і ў адну хмурную раніцу панёс яго за пазухай і схаваў пад тапчаном. Плян ужо нарадзіўся, просты й бязьлітасны: нацерці прыступкі ганка мылам, густа, да сьлізкасьці, каб праграмары, ступіўшы на ганак, зрыналіся й гінулі. Я ведаў, якія падазроныя й асьцярожныя могуць быць гэтыя істоты, і таму прымеркаваў адмысловую тактыку, каб усыпіць іхную пільнасьць: націраць кожны дзень па маленькаму кавалачку прыступкі, нязначнаму й непрыкметнаму паасобку. Я ўставаў рана-ранюсенька і пачынаў мыліць прыступкі ля самых краёў, пад парэнчамі, зганяючы ў траву мурашак і павольную напаўпразрыстую тлю. Мыла клалася ліпкім жаўтлявым пластом, згладжваючы смалістыя хваёвыя валокны, і пахла помстай. А дзясятай зьяўляліся першыя праграмары, яны бадзёра зьбягалі ўніз, на асфальтаваны надворак, і пад акорды Чыка Корыя рытмічна прысядалі й разводзілі ў бакі злачынныя рукі. Жмурачы вочы, я жадаў ім зла. Яны пазіралі на мяне, але я прыгінаўся дадолу і прыкідваўся, што здзьмухваю пыл і таполевы пух. З кожным днём бясьпечная матавая дарожка на ганку звужалася, замяшчаючыся мыльным глянцам, і я лічыў дні й сантымэтры да расплаты. І вось, у адну суботу, падхапіўшыся на досьвітку, я пасьпешліва замыліў апошнюю палоску, самую сярэдзінку. Затаіўшыся за дзьвярыма, я са стукатам сэрца чакаў, і, пачуўшы будзільнік, плюхнуў на ганак вадой з таза. Пацякло, бліснула. Расчыніліся дзьверы: пабеглі. Пабег Галоўны Праграмар, выскаляючыся ваўчынай усьмешкай, пабеглі прыхвасьні. У гумовых красоўках, у нагавіцах зь лямпасамі, яны падскоквалі, распырсквалі мыльную пену і ўпэўнена спружыньвалі на тоўстых порыстых падэшвах. Я ня верыў вачам – чаму яны не сьлізгаюць, не зрынаюцца, ня гінуць? Няўжо фізыка нямоглая, няўжо законы фрыкцыйнага ўзаемадзеяньня нікчэмныя? «Здохніце!» – у нямоглай лютасьці захрыпеў я й закалаціў палкай у таз, але яны нават не пачулі мяне. Усё было дарма.
AA. Уцёкі ды туляньні. У навушніках
Барахло, што засталося на антрэсолях ад старых гаспадароў кватэры, я выкідаць ня стаў, і раз на месяц, зацьвердзіўшы драбіны, падымаўся й паглыбляўся па пояс у прасторнае цёмнае нутро. Працягнуўшы руку наўздагад, я шнарыў, мацаў і цягнуў. Што толькі не знаходзілася! Медныя тазікі, бадмінтонныя ракеткі, храмаваныя зьмяшальнікі, гумовыя купальныя кругі-акулы, флянэлевыя кашулі. Аднаго разу трапіліся вялікія чорныя навушнікі, мяккія, утульныя, з завітой у працяглую сьпіраль провадам. Навушнікі прыйшліся мне па памеру, і я палюбіў насіць іх на вуліцу замест шапкі. Акрамя цяпла навушнікі даюць значную гукаізаляцыю: зьнешні шум заціхае, а замест яго зьяўляюцца таямнічыя прыгукі ад дыханьня, крокаў па сьнезе, трэньня валасоў аб каўнер.