– Пакажы!
– Пачакайце, дайце дараспавесьці. Вы глядзелі калі-небудзь на жаночы твар зьнізу? Паглядзіце. Гэта прыгожа: плыўныя абрысы ніжняе сківіцы, цёмныя авалы ноздраў, чароўная сымэтрыя... Трохі абвыкшы да мяне, яна пачала паводзіць сябе вальней: пакашлівала, папраўляла шлейкі, перахілялася цераз парапет, каб разгледзець маленечкіх павучкоў, якія жывуць у расколінах каменя. Ейныя галёнкі былі моцныя, мускулістыя, а зьлёгку сітаватая скура толькі дадавала шарму. Мне хацелася дакрануцца да яе, правесьці далоньню па доўгім цягліцам, але я баяўся, што зь нечаканасьці яна можа ўбрыкнуць і зашыбіць мяне. Я стаяў побач, радуючыся блізкасьці, любаваўся, сьмяяўся, штосьці казаў, і ўжо наважыўся запрасіць яе на вячэру, як раптам яна абвясьціла, што ёй пара – муж чакае. Што ж, нядзіўна, падумаў я, яна занадта прыгожая, каб быць вольнай. Яна падала мне руку – неабсяжную і далікатную, з гнуткімі пальцамі, якія моцна звужваліся да кончыкаў. Вось чаму яна ня носіць заручальнае кольца, разважаў я – кольца спадае. Падае на падлогу, на асфальт, і коціцца, закочваецца пад канапы, пад лаўкі... Памарудзіўшы, яна сказала, што бачыць у маіх вачах смутак, і падарыла мне магніт на халадзільнік – на разьвітаньне. І Хуліё, раскрыўшы торбу, нарэшце паказаў нам усё, што засталося ад вялікай жанчыны: плястыкавы слоічак з-пад сьмятаны зь сінім надпісам «Гармалзавод №2», дужы волас сантымэтраў дваццаці даўжынёй, які канчаўся незвычайна магутнай цыбулінай, і круглы жоўты магніт з выявай смайліка.
C0. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра адрозьненьні
Калі мы былі маленькія, нас заўсёды зьдзіўлялі пакуты аднагодкаў, якія быццам шукаюць і не знаходзяць адрозьненьняў паміж мамай і татам. Усе гэтыя тэлеперадачы, кніжкі, дактары са сваімі шматпавярховымі тэорыямі – мы глядзелі на іх з жалем і крыху пагардліва. У нашых мамы й таты адрозьненьні былі выпуклыя, выразныя і запаміналіся выдатна.
Па-першае, мама сыпала ў гарбату дзьве лыжачкі цукру, а тата – тры. Мы не аднойчы крадком перамянялі іхныя кубкі, ужо прыгатаваныя, і яны імгненна адчувалі няслушнасьць слодычы: тата моршчыўся і выплюхваў гарбату ў рукамыйніцу, а мама хмурылася, адсоўвала кубак і казала, што вып'е пазьней, але ніколі не выпівала.
Па-другое, мамчын наказ нязьменна складаўся з сарака пяці слоў, а татаў – са ста дванаццаці. Куды б мы не накіроўваліся, хай нават цераз дарогу па квас, яны настойліва прамаўлялі нам наказ, жадаючы здароўя ды дабра, і нагадвалі пра правілы прыстойнасьці, адпаведныя дзяцінству: мама – крыху стрымана, тата – болей шырока.
Па-трэцяе, на наша частае пытаньне «матухна, ну чаму мы такія мярзотныя?» мама пляскала рукамі й суцяшала нас: «што вы, вы ніякія не мярзотныя, вы вельмі нават добрыя», і пералічвала прычыны і ўчынкі, якія рабілі нас несумненна добрымі. Тата ж на такое пытаньне адказваў зусім інакш: «нічога, дзеткі, гэта нічога, усе людзі мярзотныя, і я мярзотны, і матуля таксама, а пра суседзяў я наогул лепей прамаўчу».
Гэта трэцяе мае брацікі ўспрымалі гэтак жа, як гарбату ці наказы – як пацешную неістотную другаснасьць; але мяне яна выбівала з каляіны, і я надоўга заставаўся быццам між двух крэслаў, у трывожнай няўпэўненасьці, якая ледзь чутна зьвінела на фоне будзённага жыцьця. Здаралася, я нават пачынаў зьвяртаць увагу на тэлеперадачы, на кніжкі, прыслухоўвацца да дактароў, пакуль штосьці радаснае не адцягвала мяне, і я з паўусьвядомленай палёгкай не забываў.
C1. Зь ліста Толіка. Заўсёды разам
<...> Ведаеце, што такое «ляжачы паліцэйскі»? Гэта горб на асфальце, ля пешаходнага пераходу, перад якім зьмяншаюць хуткасьць, аберагаючы падвеску.
Калі пярэднія колы пераяжджаюць церазь яго, ты чакаеш, каб машыну прыпадняла на задніх – і тады можна будзе зноў паскорыцца. Але ўсё не прыпадымае й не прыпадымае... Трывожнае адчуваньне. Дадаеш газу. Дрэвы й хаты праплываюць за акном – але дарога роўная. Паліцэйскі зьнік? Ці твая каламажка ператварылася ў неверагодна доўгі лімузын?
А можа, ляжачы паехаў з табой?..
Так! Ён паехаў з табой!
Ён немаведама за што палюбіў цябе, і зараз вы заўсёды будзеце разам. <...>
C2. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра яечню
Калі мы былі маленькія, тата няспынна вучыў нас знацца на людзях. Прыкладам, за сьняданкам: