На наступны дзень пасля з’яўлення партрэта пан «міністр» увайшоў у краму.
— Цыгары!
Армянін кінуўся да шуфляды і дастаў скрынку тых цыгар, якія звычайна набываў саноўнік. Падняў вечка і з павагай адвёў рукі. Ён ведаў, што «князь» не любіць, калі да цыгар дакранаюцца рукамі. Міністр узяў са скрынкі шэсць цыгар і паклаў іх у вялікі скураны партсігар.
— Плаціць! — на прылавак упала пяцісотрублёвая купюра.
Гаспадар паспешліва адлічваў рэшту. І тут раздаўся сухі энергічны голас:
— А гэта што?
Армянін убачыў выцягнуты над прылаўкам кій з манаграмай, скіраваны на дзірку ва ўпакоўцы карціны… Ён крыху збянтэжыўся, але паслужліва падскочыў да карціны і сказаў:
— Партрэцік, яснавяльможны пане…
— Разгарнуць!
Адразу ж з рамы зляцелі шнуркі і ўпаковачная папера. Карціну паставілі на прылаўку, армянін трымаў яе. «Князь» то адступаў, то падыходзіў бліжэй. Аглядаў з бакоў. Урэшце зблізку ён агледзеў палатно з абодвух бакоў і сказаў:
— Вы шмат хочаце… Плачу любыя грошы…
Армянін аслупянеў.
— Ну!.. — губляў цярпенне саноўнік.
— Я не ведаю…
— Што не ведаю… Усё мае сваю цану… Хіба што гэта не прадаецца.
— Прадаецца… натуральна…
— Тады колькі?
У галаве гандляра з’явілася думка: «Гэта ж можна зрабіць дасканалы інтэрас!». Праз момант быццам бы разваг над цаной ён сказаў:
— Яснавельможны пане, наконт цаны я павінен параіцца з жонкай.
— Хм… Ну добра, — сказаў саноўнік. — Прашу вас пасля вызначэння цаны паслязаўтра прынесці мне карціну а сёмай гадзіне вечара ў гатэль «Еўропа». Там парцье пакажа вам маё месцазнаходжанне. Калі ласка! — і саноўнік кінуў на прылавак візітоўку.
Пасля ён дастаў з партманэ пачак ост-рублёў пяцідзесяцірублёвымі купюрамі. На перавязцы пачка была пазначаная сума ў пяцьдзясят тысяч.
— Гэтую драбязу я даю вам у якасці задатку… Папярэджваю, што цяпер я маю права першачарговага выкупу карціны безадносна таго, якую суму прапануюць іншыя прэтэндэнты.
Калі праз чвэрць гадзіны жонка ўласніка прыйшла замяніць яго на час абеду, то падумала, што ейны муж звар’яцеў.
— Ты разумееш! Разумееш! — крычаў ён, размахваючы пачкам купюр. — Так робяць інтэрасы: 50 тысяч за 5 хвілін… Ну я і галава!
Ён пачаў хаатычна расказваць здзіўленай жанчыне пра размову з кліентам, паказаў ёй задатак і візітоўку, на якой значылася:
— Цудоўны інтэрас! — ускрыкнула ў захапленні жонка. — Трэба толькі добра ім скарыстацца.
— Адно мяне здзіўляе: за такое рыззё аднаго задатку ён даў пяцьдзясят тысяч. Сказаў яшчэ, што гэта драбяза і што заплаціць любыя грошы.
Жонка армяніна скончыла гімназію, і гэта заўжды імпанавала мужу, які ўмеў толькі чытаць, пісаць і лічыць, узяла слова:
— Вартасць карціны не залежыць ад таго, што на ёй намалявана або ў якім яна стане, толькі ад таго, як гэта намалявана і што за мастак гэта зрабіў. Ёсць карціны, якія ацэньваюцца ў мільёны не ост-рублёў, а золата або даляраў… Тут трэба пільнаваць, каб той дырэктар нас не ашукаў… Хто-хто, а ён найлепш такія рэчы ведае…Можа, гэта карціна Рубенса, або Тыцыяна, або іншага славутага мастака мінулых стагоддзяў.
Пара пачала раіцца, як далей весці справу. Найбольш іх непакоіла тая акалічнасць, што кліент, які пакінуў карціну, мог перадумаць яе прадаваць. Альбо не пагадзіцца прадаць яе без ацэнкі спецыяліста. А што пакажа ацэнка — невядома… У тытунёвай краме нецярпліва чакалі прыходу Яся, але той не прыходзіў.
Толькі назаўтра зранку ён, прыгожа апрануты і вясёлы, вярнуўся ў краму. Там ён застаў уласніка з жонкай, якія амаль усю ноч не спалі, узбуджаныя магчымасцю лёгкага і вялікага заробку.
— Добры дзень, — сказаў Ясь. — Цыгарэты, калі ласка, і я б хацеў забраць карціну.
Твары сужэнцаў выцягнуліся.
— Прыехаў той пан, што скупае карціны?
— Прыехаў і зноў паехаў. Гэтым разам у Берлін. Так мне сказалі ў гатэлі. Таму няма чаго чакаць, бо невядома, калі ён вернецца. Можа, і ніколі…
— А што з карцінай?.. Не будзеце яе прадаваць? — трывожна спытаўся гаспадар крамы.
— Не… Прадам штосьці з залатых рэчаў… Бо, разумееце, прадаць за бясцэнак — шкада… А адпаведную цану дасць толькі знаўца!.. Наогул гэты партрэт вельмі каштоўны… Я добра не ведаю наколькі… Я б аддаў яго і за пятую частку яго вартасці, бо гэта надоўга б пазбавіла мяне клопату… Але і гэтага ніхто некампетэнтны не дасць.