Баран і Гусар доўга раіліся над здаўна запланаванай работай, за якую Федзя Гусар узяўся адразу ж пасля прыезду ў Менск. Гэта была гранда, або — як выражаўся Федзя — стопка. Гэта значыць, разбойны напад. Баран, як кваліфікаваны стары злодзей, вельмі неахвотна ішоў на гранду. Наогул, злодзеі-спецыялісты не любяць такога кшталту спраў. Маўляў, «нічога тут складанага няма, фраерам руляй пад насы тыцкаць і форсу трэсці. Гэта любы хамуйла зможа. Ты яму пыл у вочы пусці і так нагрэй, каб ён сам нічога не заўважыў».
У гэтай непрыхільнасці прафесійных злодзеяў да разбойных нападаў вялікую ролю грае звычайны разлік. Калі трапіцца на крадзяжы, прысуд не будзе занадта вялікім. А вось засыпаешся на грандзе — і пакаранне можа быць вельмі суворае… Удзел прафесійных злодзеяў у разбойных нападах мінімальны. Большасць з іх у нармальныя часы наогул такога віду работы не прызнае. Пераважна гэта сфера дзейнасці людзей, выпадкова збітых з панталыку, яны пачынаюць напады ў роспачы, а працягваюць, не маючы дарогі назад (калі іх выкрываюць), і так і ідуць гэтай сцежкай… да смерці або да здрады і шматгадовай турмы.
Напад планавалі зрабіць на кватэру багатага ўладальніка фабрыкі малочных прадуктаў і некалькіх спецыялізаваных крамаў. Пасля падрабязнага вывучэння тэрыторыі і складання плана, было прынята рашэнне, што для работы будзе дастаткова пяці чалавек. Паўдзельнічаць прапанавалі і Ясю. Гусар зморшчыўся: «Замалады!» Але Баран сказаў: «Я яго добра ведаю. Супольнік. Не горшы за цябе або мяне будзе». Ясь ахвотна пагадзіўся. Канакрад Малыш і яго калега Рулет, якія мелі зброю, замыкалі пяцёрку. Для Яся Алік назаўтра набыў бельгійскі браўнінг. У яго самога быў наган. Ён не давяраў аўтаматычнай зброі.
Праз два дні, цёмным вечарам, уся пяцёрка шпацыравала вуліцай паблізу месца планаванага нападу. Яны былі тут ужо даўно, але работы не пачыналі. Утварылася перашкода: па іншым баку вуліцы, амаль адначасова з імі, з’явіліся дзве групкі людзей па трое, яны праходжваліся туды-сюды. Было так цёмна, што іх фігуры ледзь можна было адрозніць.
Пяцёрка Барана чакала, калі перашкода знікне. Думалі, што гэта звычайныя мінакі або гуляе сабе хто. Але тыя прайшліся да канца вуліцы павярнулі і такім самым парадкам пайшлі назад.
Гэта паўтарылася некалькі разоў. Федзя Гусар вылаяўся і вярнуўся да Барана:
— Што гэта за халера! Можа, псы?.. Пайду зірну…
— Табе нельга, — запярэчыў Баран, — ты засвечаны… Паніч пойдзе…
Ясь пакінуў Аліку свой пісталет і перайшоў на супрацьлеглы ходнік. Там паволі скіраваўся да людзей, што ішлі яму насустрач. Калі яны размінуліся, недаверліва, але пільна прыглядаючыся ў паўзмроку, у першай тройцы Ясь пазнаў Ігната Кулікоўскага.
— Паніч?! — гукнуў Ігнат.
— Я.
— А там хто? — Ігнат паказаў рукой на супрацьлеглы ходнік.
— Свае хлопцы: Мангол, Гусар і яшчэ двое.
— Што вы тут робіце?
— А вы што?
— Шпацыруем.
— Мы таксама.
На гукі размовы Алік Баран і рэшта яго прыяцеляў перайшлі вуліцу. Сталі гурмой. Пасля кароткай размовы злодзеі зарыентаваліся, што прыйшлі дзвюма групамі на адзін напад. Для іх гэта было дзіўна і камічна. Пасля кароткай нарады вырашылі рабіць гранду разам. Шкада было змарнаванага часу, але яны спадзяваліся, што будзе чым падзяліцца.
Спехам пачалі складаць новы план дзеяння. Ясь павінен быў застацца на вуліцы і пільнаваць калег. Баран, Федзя Гусар, Ігнат і Малыш павінны былі ўвайсці ў кватэру спераду. Рулет пільнаваў падворак і чорны выхад. Пяць чалавек: Антэк Турак, Жарабок, Партач, Міхась Глузд і Ландыш — атрымалі заданне глядзець за сыраварнямі і складамі, каб ніхто з прысутных там работнікаў не выйшаў з двара.
Алік Баран яшчэ дома дамаляваў сабе крыху большыя вусікі і падвёў цені пад вачыма. Акрамя таго, зрабіў зморшчыны ад куткоў вуснаў да барады і наляпіў пластыр на левую шчаку. Ігнат надзеў акуляры і зачасаў валасы нізка на лоб. Падбароддзе ён хаваў у пастаўленым каўняры курткі. Іншыя — хто павінен быў працаваць у кватэры — таксама розным чынам падмянялі твары і адзенне. Федзя Гусар ніякім грымам не карыстаўся. Ён і так быў «засвечаны», таму не пераймаўся, што яго апісанне трапіць у паліцыю.
Гусар пазваніў у пярэднія дзверы. Усе скіраваліся на вызначаныя месцы. Праз пэўны час у кватэры раздаліся крокі, а пасля дзверы прачыніліся.