Выбрать главу

Бузыга, быццам мяшок з мукой, рухнуў на падлогу. Шалёным ударам галавой у нос і зубы Баран паваліў на зямлю другога хулігана. Пасля заўважыў, што скрыпач Парадак жалезнымі рукамі душыць Ісая, таму кінуўся яму на дапамогу і схапіў хулігана ззаду за каўнер пінжака. Удвох яны прыціснулі яго да акна. Ісай біў і пінаў Парадка, але той не пускаў. Тады Філіп Лысы схапіў Ісая за ногі і падняў іх угару. Лопнулі рамы, і Ісай цяжка рухнуў на зямлю. Там яго сустрэлі ўдары сяброў. Яны пільнавалі пад вокнамі і не ведалі, што гэта іх правадыр. Ісай ускочыў на ногі.

— Хлопцы, унутр! Валіце кіямі!

Праз некалькі хвілін бяседны пакой быў зруйнаваны. Усё было пабіта, паламана, падзёрта. Пад напорам зацятай бойкі звінела шкло. Хуліганаў было сямнаццаць. Злодзеяў, разам з Парадкам і Папугаем, адзінаццаць. Але злодзеі біліся смялей і спрытней. Акрамя таго, ім дапамагалі жанчыны. Кася Залатая Труба шалела і пакідала спусташэнне, што тая віхура. Яна біла гаршкамі з кветкамі, пляшкамі, кусала і драпала. Скрываўленая, з ускудлачанымі валасамі, яна лютавала і траілася ўваччу. Тоська Сарока, абсалютна спакойная, толькі бледная, трымала ў руках два відэльцы: адным яна абаранялася ад атакі, а іншым біла ў спіну і рукі сплеценага ў ком з Ясем хулігана. Той зароў з болю, выпусціў хлопца і кінуўся на Тоську. Дзяўчына ўбіла яму відэлец у вока. Хуліган адной рукой схапіўся за вока, а другой магутным ударам у сківіцу кінуў Тоську на падлогу. Ён кінуўся на яе, рыкаючы ад болю і злосці. Тады Ясь падфутболіў нагой яму ў твар. Хуліган бокам споўз на падлогу. Тут Ясь атрымаў удар кіем ззаду. Ён абярнуўся да сцяны і падставіў руку пад другі ўдар, спрабуючы абараніць галаву. Сам ён брыкнуў нападніка нагой у прамежнасць. Хуліган адпусціў кій і асеў на падлогу. Нават слабенькая Лёля Ландыш дапамагала злодзеям у бойцы.

Раптам пагасла лямпа, і пакой патануў у цемры. Адразу ж пасля бліснула святло кішэннага ліхтарыка і грымнуў стрэл. Пачуўся гучны, упэўнены голас:

— Хто не быў на вечарынцы, прэч з кватэры; бо буду страляць у кожнага чужога.

І натуральна, прагучалі яшчэ два стрэлы. Страляў Жаба, ён не браў непасрэднага ўдзелу ў бойцы. Жаба прастрэліў плячо Свісталу, які качаўся з Янкам Залатым Зубам па падлозе.

Хуліганаў агарнула паніка. Хто мог уцякаць, кінуўся праз дзверы і вокны на падворак. Злодзеі пераследавалі ўцекачоў.

Кася Залатая Труба, напалову аголеная, перамазаная ў крыві, з апухлым вокам, сядзела верхам на Вугру і, брыдка лаючыся, таркай шаравала яму твар.

— Я цябе навучу, як са злодзеямі звязвацца!

Гэтай дзікай зброяй яна за пару секунд ператварыла твар стомленага доўгай бойкай, шматлікімі ўдарамі і стратай крыві Вугра, найсмялейшага з хуліганаў, у абскрэбеную катлету.

Кацярына Сперда таксама не сядзела без справы. Аднаго нападніка яна абясшкодзіла адразу ў сенцах, выліўшы яму на галаву вялізны рондаль кіпню. Пасля з сякерай у руках яна стала на абарону кухонных дзвярэй і не пусціла нікога праз вузкі праход.

Чатыры хуліганы засталіся ў кватэры на падлозе: Свістала — збіты на горкі яблык, з прастрэленым Жабам плячом; ягоны абвараны кіпнем прыяцель выпінаўся ад болю ў сенцах; трэці — той, якому Тоська ўсадзіла ў вока відэлец, а Ясь скончыў справу выспяткам; і Бузыга, з якім скончылі Філіп Лысы, Фіська і Парадак.

Са злодзеяў непрытомнымі ляжалі Пецька Бык і Фіська. Тоська праз пару хвілін ачомалася. Бойка перанеслася на падворак. Біліся Баран, Ясь, Янка Залаты Зуб, Свабода, Філіп Лысы і Парадак. Рэшта зладзейскай партыі была няздольная біцца з прычыны ран і траўмаў. Хуліганаў было ўжо толькі сямёра, бо рэшта (акрамя тых, што засталіся ў кватэры) уцякла.

У віры калатнечы раптам з’явіўся Ісай з вялікай жалезнай завалай у руках. Ён змёў з ног Яся і кінуўся на Філіпа. Туды ж бегла Кася з таркай напагатове: яна ўжо кінула непрытомнага Вугра. Ісай выцяў яе завалай збоку, і Кася са зламанай рукой упала на зямлю.

Гэтым момантам скарыстаўся Парадак і, схапіўшы завалу левай рукой, правым кулаком ударыў Ісая ў скронь. Завала засталася ў руках Парадка. Тут Ісай вырашыў кінуць сваіх дружбакоў, пераскочыў праз невысокую агароджу і кінуўся наўцёкі. Баран надставіў яму нагу — той грымнуўся. Ззаду Баран адчуў удар каменем і ўпаў поруч з Ісаем.

Хуліган падарваўся на ногі. Баран спрабаваў сесці, але яму было млосна. Раптам ён заўважыў у руках Ісая лязо нажа. Кашэчым рухам Баран выкруціўся ад удару і аберуч схапіў Ісая за правіцу. Угрызся зубамі ў ягоныя пальцы, і нож вылецеў з хуліганавай рукі. Баран схапіў нож і адным кароткім рухам знізу ўверх джгануў ім Ісая ў жывот. Ісаеў кулак, нацэлены ў скронь Барана, не завершыў удару і апаў.