Выбрать главу

Тым часам Парадак жалезнай завалай дабіваў рэшту хуліганаў. Яму ўжо не была патрэбная дапамога. А ягоны сябрук — гарманіст Папугай — сядзеў сабе на лавачцы перад домам і, абыякава назіраючы за бойкай, граў на гармоніку вальсік. Што яму з гэтай бойкі, ён такога шмат бачыў на вечарынках. Што праўда, не так маштабна, але як на яго, то і досыць.

Ісай кінуўся наўцёкі, але ў яго пачалі вывальвацца кішкі. Ён сеў. Кішкі выпалі на пясок — паміж ног. Ісай, ціха скуголячы, ліхаманкава збіраў іх і запіхваў у брушную поласць. Сабраў. Закрыў растапыранымі пальцамі. Устаў і, хістаючыся, паспрабаваў бегчы на паўсагнутых нагах.

Праз момант ён зноў сеў. Кішкі зноў вываліліся на пясок. І тады Ісай завыў нізкім, згасаючым, перарывістым голасам.

А згары на ўсё гэта пазірала халодная, бледная, абыякавая поўня.

НАЙВЫШЭЙШЫ

ЗЛАДЗЕЙСКІ ПІЛАТАЖ

Ажур ужо два месяцы праходжваўся вуліцамі Менска і вузкімі шэрымі вачыма, у якіх зіхцелі водбліскі сталі і агню, даследаваў горад. Тонкі розум чалавека, які вырас і жыў у заўсёднай небяспецы, быццам рэнтгенаўскім апаратам прасвечваў камяніцы і душы людзей — ворагаў, ахвяр і калег. Ён быў шукальнікам скарбаў — без розніцы, дзе яны хаваюцца: у жалезе, бетоне, пяску і азбесце сейфаў ці ў душах сяброў. Сталых супольнікаў ён не меў, бо не раз расчароўваўся ў людзях. Падбіраў іх з ліку калег па цэху, а нярэдка працаваў і з фраерамі. Ажур быў чалавекам выключна негаваркім. Ён змаўляўся вачыма і рухамі жывых, нервовых рук. Выглядаў ён элегантна. Высокі, хударлявы, заўжды ахайна апрануты. Па натуры ён быў нервовым, але пры гэтым дасканала валодаў сабой, усе і лічылі яго чалавекам са сталі.

У злачынным свеце Ажур меў рэпутацыю цудоўнага «скрыначніка». Ён быў адным з найлепшых медзвяжатнікаў у Еўропе, адседзеў некалькі тэрмінаў у розных турмах Расіі, Германіі, Францыі і Румыніі, куды ездзіў на «гастролі». Сам малаадукаваны, ён валодаў некалькімі мовамі і меў прыстойны багаж ведаў. Па прафесіі ён быў слесарам, некаторы час працаваў электратэхнікам.

Упершыню ён трапіў у турму па палітычнай справе. Праз знойдзеную ў яго кватэры падчас вобшуку эсэраўскую брашуру яго западозрылі ў прыналежнасці да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Ажур не выдаў сябра, ад якога атрымаў брашуру. Сказаў, што знайшоў яе на вуліцы. Сядзеў ён нядоўга, але пасля вызвалення ніяк не мог знайсці працу. Тады ён з’ехаў з Каліша ў Варшаву і там уладкаваўся электратэхнікам. Але няўдача і тут яго напаткала. Яго абвінавацілі — зноў памылкова — у крадзяжы грошай з кватэры, дзе ён працаваў. Іх скраў хтосьці з сямейнікаў, карыстаючыся тым, што ў кватэры бываў чужы чалавек. Пры вобшуку ў Ажура знайшлі крыху грошай, у якіх пацярпелы «пазнаў» частку тых, што ў яго зніклі. Сур’ёзнейшых доказаў супраць яго не было, і Ажур або застаўся б на свабодзе пасля суда, або атрымаў бы маленькі тэрмін. Але яму пашкодзіла папярэдняя адседка — судзімасць. Невінаваты Ажур адседзеў у макатоўскай турме два гады.

Выйшаў і зноў не мог нідзе знайсці працы. Галадаў, бедаваў і, урэшце, праз год галечы і тулянняў, у трэці раз трапіў у турму. Гэтым разам заслужана. Скарыстаўся сваімі слесарскім ведамі і здзейсніў крадзеж.

Вызваліўшыся ў трэці раз, сумленна жыць і працаваць Ажур ужо не спрабаваў. Ведаў, што грамадству і паліцыі зручней бачыць у ім злодзея, чым працаўніка. Ён пагадзіўся з гэтым і, карыстаючыся сваімі практычнымі ведамі і трыма турэмнымі школамі, стаў прафесійным злодзеем.

Цяпер Ажуру было каля 50 гадоў. Ён дасканала ўмеў змяняць знешнасць і пашпарты. А найцяжэйшыя работы планаваў і выконваў так упэўнена і ўмела, што быў няўлоўны. Ажурам яго назвалі прыяцелі за тое, што ён прыгаворваў: «Для мяне ўвесь свет ажурны, — як дамская панчоха… І людзі, і дамы, і сейфы, і тайнікі… Я гляджу не паўзверх, а ў сярэдзіну». І напраўду, так ён і глядзеў.

Ажур хоць і быў вельмі негаваркі, але любіў свістаць. Гэтаму ён навучыўся ў турме, дзе ў адзіночнай камеры адбываў свой першы тэрмін. Правілы забаранялі вязням спяваць, крычаць, шумець, нават гучна гаварыць, але пра свіст нічога не было сказана. Каб не ўваходзіць у канфлікт з уладамі, Ажур свістаў ціхенька і неўзабаве так налаўчыўся, што лёгка выконваў самыя складаныя мелодыі.

Калі часам ён пераймаў салаўя, то ніхто б не паверыў, што гэта свішча чалавек… Плывучы па бурлівых хвалях жыцця, за трыццаць гадоў Ажур адсвістаў шмат тэрмінаў. Так ён навучыўся свістаць і на пазбаўленае сэнсу жыццё, і на людзей, што жылі, як зграі сквапных, жорсткіх, баязлівых, подлых, агідных, хлуслівых шакалаў.