Па прыездзе ў Менск Ажур адразу ж знайшоў колькі знаёмых: блатных з турмаў і розных гарадоў колішняй Расеі. Але з імі ён толькі падтрымліваў кантакт. Гарэлкі з імі не піў, не ўдзельнічаў у іх забавах, не хадзіў па зладзейскіх прытонах. А пасяліўся не на маліне, а ў ціхім і прытульным гатэльчыку «Новарасійск» побач з цэнтрам горада. Запісаўся купцом і напраўду заснаваў краму на Петрапаўлаўскай вуліцы побач з кінатэатрам «Люкс». Гэта была цацачная крама. Па аб’яве ў газеце Ажур знайшоў прадавачку. На пасаду прадавачкі цацак да яго звярнулася больш за дзясятак жанчын. Некаторыя мелі значныя фізічныя перавагі — прыгожыя, элегантныя, маладыя. Але Ажур пасля кароткага прасвечвання кожнай сваім «рэнтгенам» выносіў рашэнне: «Не падыходзіць», а ў выніку выбраў немаладую ўжо, хударлявую, ледзь не брыдкую і досыць негаваркую дзяўчыну. Ён здаў ёй краму і тавар, патлумачыў, як весці адзіную «прыходна-расходную» кнігу, а сам толькі час ад часу зазіраў па справах. Нягледзячы на гэта, ужо праз месяц крама заквітнела. Прадавачка зрабіла вельмі густоўную вітрыну. Прыгожа абставіла інтэр’ер, сама замаўляла ў крэдыт і брала на камісію цацкі, і крама замест дэфіцыту, на які разлічваў Ажур, пачала прыносіць прыбытак. Праз два месяцы Ажур, які ўсё яшчэ мала цікавіўся існаваннем крамы, зарыентаваўся, што тавару ў ёй у пяць разоў больш, чым напачатку, нягледзячы на тое, што, апроч першых выдаткаў на абсталяванне і закупку, ён не даў ані капейкі. Час ад часу ён зазіраў у краму, праглядаў кнігі і ўжо крыху лагаднейшым позіркам — у ім цяпер было больш агню і менш сталі — прасвечваў сваю прадавачку. Дзяўчына, звычайна спакойная і сабраная, пачала баяцца гэтага погляду. Яна не магла зразумець: чаму? Позірк гэтага дзіўнага мужчыны вельмі раздражняў яе. Яна адчувала, што з яе здымаюць не адзенне, а ўсё цела. Гэты позірк быў быццам адваротна ўсталяваны перыскоп падводнай лодкі, ён ішоў звонку ў сярэдзіну карабля — у ейную душу — і ўладна, халодна назіраў за механізмам, што кіруе рухамі і памкненнямі ейнага цела. Праз некаторы час дзяўчына — смелая і ўпэўненая ў сабе — пачала чырванець, калі Ажур размаўляў з ёю. «Лепш бы ён свістаў», — думалася ёй, і гэта спачатку здзіўляла і злавала. Зрэшты, іхныя рэдкія размовы былі такія дзіўныя для яе, што часам яна гублялася, не ў стане знайсці адказу. Напрыклад, размова на першай сустрэчы, калі дзяўчына прыйшла да яго ў гатэль у пазначаны ў газеце час, выглядала так:
— Вы шляхцянка? — хутчэй засведчыў, чым спытаў Ажур.
— Так, — адказала яна.
— Вы добра ведаеце мовы.
— Так.
— Прадаваць вы не ўмееце.
— Не ўмею.
— Вы навучыцеся. Заробак я вам дам у залежнасці ад вашых патрэб. Дамову падпісваць не будзем. Праца з заўтра.
Ён прызначыў ёй час прыходу на працу і развітаўся.
— У вас няма гадзінніка.
— Няма.
— Вазьміце гэты, — ён дастаў з шуфляды новы дамскі гадзіннік з бранзалеткай.
Дзяўчына хацела пратэставаць. Але Ажур не даў ёй і слова сказаць.
— І ў мяне не заўжды гэта было. Без гадзінніка працаваць нельга. Я вылічу гэта з заробку.
Здзіўленая жанчына выйшла на вуліцу. Ажур, седзячы нерухома за сталом, паліў цыгарэту і насвістваў нейкі вальсік. Ён быў упэўнены, што зрабіў добрую інвестыцыю, наняўшы гэтую дзяўчыну прадавачкай. На наступны дзень, як толькі пачаўся гандаль у краме, Ажур дастаў з кішэні партманэ і адлічыў 1000 ост-рублёў. Ён упісаў гэтую суму ў кнігу ў калонку «расход» і пазначыў мэту выдатку — рэклама. Гэтыя грошы ён даў прадавачцы і сказаў:
— Прашу вас прыгожа і модна апрануцца.
Дзяўчына здзівілася, але не пратэставала. Словы проста прыліпалі ёй да горла ў прысутнасці гэтага чалавека. Праз пару дзён яна змяніла сваю адзіную, мазольна зацыраваную, заношаную сукенку на прыгожы, але сціплы касцюм і боцікі. Рэшту грошай і рахункі яна аддала Ажуру. Ажур пачаў штось насвістваць, пасля змоўк і сказаў:
— Прашу вас купіць сабе паліто, бялізну і што там трэба. Гэтая тысяча рублёў — адзінаразовы выдатак, без вылічэнняў.
Беручы яе на працу і цягам наступнага месяца Ажур не пытаў яе пра імя і прозвішча. Толькі потым, калі яму трэба было на тыдзень з’ехаць з горада, ён пацікавіўся ў яе пра гэта.
— Мяне завуць Марыя Антонаўна Запольская.
— Полька.
— Так.
— І я паляк… З Варшавы… Бацькі ў вас ёсць?
— Так, яны памерлі ў Маскве… Тыф і турма…
Ажур насупіўся і доўга маўчаў.
— У Польшчы ў мяне ўжо нікога няма, — дадала дзяўчына.
Праз нейкі момант Ажур быццам апамятаўся ад задумення, падняўся і развітаўся з Запольскай.