Раптам хлопец пачуў крокі: хтосьці спускаўся па сходах. Людзі гучна размаўлялі. Праз шчыліну ў дзвярах ён заўважыў, што гэта ідзе мужчына, а з ім тры жанчыны і двое дзяцей, усе святочна ўбраныя. Як толькі кампанія выйшла на двор, Ясь хутка адчыніў дзверы і з трэскам зачыніў іх за сабою. Выліў вадкасць з бляшанкі на зямлю, поруч з уваходам у Цэнтрхарчзабкам і падвал. Бляшанку паставіў поруч, ля дзвярэй. Пасля бесклапотна і з усмешкай выйшаў на двор, удаючы, што валізка лёгенькая, і спешна далучыўся да кампаніі, што кіравалася ў бок брамы. Там адна з жанчын размаўляла з вартаўніком. Немец смяяўся. Ясь, ідучы за мужчынам, праз веснічкі ў браме выйшаў на вуліцу. На яго не звярнулі ўвагі.
Толькі цяпер, апынуўшыся па-за межамі галоўнай небяспекі, ён адчуў хваляванне.
На Захар’еўскай Ясь затрымаў рамізніка. Нагандляваўся — гэта таксама было задумана — і паехаў на Нізкі рынак. Рамізніка адпусціў перад прызначаным месцам. Увайшоў у браму. А калі грукат колаў сціх, вярнуўся на вуліцу і скіраваўся ў размешчаную напаўбліз трушчобу Цыпы.
Барана і Ажура ён застаў у апошнім пакоі. Яны прывіталі яго з заўважнай радасцю і палёгкай. Дзверы зачынілі на засаўку. Усе прыехалі сюды на рамізніках, што было зроблена праз паліцэйскіх сабак, якіх выпусцяць, як толькі выявяць крадзеж. Дзеля гэтага Ясь і разліў у калідоры смярдзючую сумесь. Ён распавёў, як выйшаў з падвала. Баран толькі зірнуў на Ажура, позіркам кажучы: «Бач, які хлопец». Ажур ухвальна свіснуў і кінуў на стол схаваныя ў сябе пачкі купюр. Баран пераняў ягоны прыклад. Да гэтага дадалі тое, што было ў валізцы.
Ясь і Ажур лічылі грошы. Гэта было няцяжка, бо амаль усе былі перавязаныя стужкамі з пазначэннем сумы. Іх хутчэй дзялілі, чым лічылі. Але і на гэта сышло шмат часу. Ясь разважаў, ці супольнікі дадуць яму долю, ці толькі пэўную частку. Ён разумеў, што ягоны ўдзел у сапраўднай працы быў другасны. Але яму было прыемна, калі ён убачыў, што Ажур дзеліць усё на тры часткі. Гэта канчаткова ўмацавала ягоны прэстыж ва ўласных вачах. Ён стаў паважаным фірмовым злодзеем. З гэтага дня ў размовах з іншымі злодзеямі ён менш круціў. Менш казаў і быў больш замкнёны.
Назаўтра і цягам некалькіх наступных дзён паліцыя, злодзеі і пэўная частка гараджан былі пад уражаннем здзейсненага ў Цэнтрхарчзабкаме крадзяжу. Суму перабольшвалі ў разы. Паліцыя і Следчы камітэт бязмэтна гойсалі па малінах і зладзейскіх трушчобах. Пракацілася шмат арыштаў. Але ані грошай, ані віноўнікаў узлому не знайшлі. Зладзейскі свет таксама не ведаў, хто прааперыраваў скрынку. Некалькі паважаных блатных звязвалі ўзлом сейфа са з’яўленнем на даляглядзе Ажура, але пра гэта ніхто не казаў. А вось Баран і Ясь былі па-за падазрэннямі.
У сераду ўвечары Ажур, ахайна і сціпла апрануты, у акулярах, спакойна ішоў Петрапаўлаўскай вуліцай з тросткай у руцэ. Ён спыніўся каля кінатэатра «Люкс». З сумным тварам агледзеў фота і рушыў далей. Стаў каля вітрыны крамы з цацкамі. Вітрына выглядала не так, як мінулым разам: таварам перагружана не была, але — стварала ўражанне асартыменту і выклікала зацікаўленне.
Ажур ціхенька насвістваў вальс. Зайшоў у краму. Запольская сядзела за прылаўкам. Убачыўшы яго, яна падарвалася з месца.
— Як добра, што вы прыйшлі! — сказала яна з яўнай радасцю.
Ажур пытальна падняў бровы і ўсміхнуўся вачыма.
— Штосьці важнае ў краме?
— Не… Толькі я.
Яна пачырванела.
Ажур глядзеў ёй у вочы… Пасля гэты позірк пабег па ейным твары і бачнай з-за прылаўка фігуры. На момант затрымаўся на маленькай, вузкай руцэ. Потым Ажур паволі развярнуўся і, не развітаўшыся, выйшаў з крамы.
«Усё ведае!»
Пасля ягонага сыходу дзяўчына моўчкі села. Па ейных шчоках цяклі слёзы.
Ажур вярнуўся ў краму толькі ў панядзелак. Пачакаў, пакуль выйшлі пакупнікі, а пасля сказаў:
— Лаўку будзем зачыняць.
Запольская здзіўлена паглядзела яму ў вочы.
— Вам не шкада?
— Зробім новую… на Захар’еўскай. Я ўжо знайшоў добрае памяшканне… Запішам усё на вас… Будзеце адзінай уласніцай.
Ажур хацеў надзейна і добра ўкласці грошы. Сам ён увесь час быў пад прыцэлам і жыў, галоўным чынам, у дарозе. Яму было важна аддаць усё вернаму чалавеку і стварыць сабе надзейную апору на будучыню. У Запольскай ён убачыў тое, пра што часта марыў у сваім нікчэмным, беспрытульным жыцці — добрую і надзейную жанчыну, на якую заўжды і ва ўсім можна разлічваць.
Праз два тыдні на Захар’еўскай вуліцы адчынілася крама канцылярскіх тавараў. Ад цацак адмовіліся. Законнай уладальніцай крамы была Запольская. У дапамогу яна ўзяла прадавачку, некваліфікаваную дзяўчыну, якую хутка ўвяла ў курс справы. Цяпер яна магла днём выходзіць з крамы, каб вырашыць працоўныя пытанні ў горадзе. Пры краме — ззаду — была двухпакаёвая кватэра з кухняй.