Ажур усё яшчэ жыў у гатэлі. Праз тыдзень пасля адкрыцця новай крамы Запольскай ён увечары прыйшоў да яе ў кватэру. Папрасіў, каб яна зрабіла яму гарбаты. А перад сыходам уручыў металічную скрыначку.
— Тут пяць тысяч рублёў залатымі царскімі манетамі. Добра схавайце гэта. Найлепш у падвале, у калідорчыку.
На шматку паперы ён намаляваў ёй месца. Запольская адразу ж зразумела, дзе гэта.
— Добра, — сказала яна. — А што вы збіраецеся рабіць?
— Заўтра еду на тыдзень у Смаленск.
— Гэта небяспечна, — сказала Запольская, — Там мяжа… Бальшавікі…
Ажур усміхнуўся.
— Я спраўлюся… Трэба ратаваць калегу… Верны друг…
Ажуру было прыемна ў таварыстве гэтай разумнай, добрай дзяўчыны, якая злёту яго разумела і якой ён так давяраў, што не толькі грошы, але і жыццё сваё, не вагаючыся, аддаў бы на захаванне. Кватэрка была ахайная, утульная, і ён так добра тут пачуваўся.
Развіталіся яны досыць позна. Ён ведаў, што мог бы застацца з ёю. Нават спаць з ёю разам — як з каханкай. Але ён занадта паважаў яе і сябе, каб паставіцца да гэтага шаблонна. Тое, што купляюць сэрцам, цэніцца асабліва дорага.
Баран — быццам бы яны змовіліся — за свае грошы таксама набыў золата. Ён не верыў у аўтарытэт ані банкаў, ані ўрадаў, што бяруць на сябе адказнасць і гарантуюць плацежаздольнасць. Але і Паўлінцы грошай не аддаў.
Увечары ён падышоў да будкі Мілага і пасунуў яе ўбок разам з сабакам, нажом выкапаў у зямлі ямку і паклаў туды старанна закаркаваную алюмініевую нямецкую біклагу, у якой былі манеты. Зямлю прытаптаў. Падмёў навокал і вярнуў будку на месца. Пагладзіў сабаку.
— Сцеражы, Мілы… Табе аднаму веру…
Паўлінцы Баран падарыў прыгожы залаты гадзіннік з бранзалеткай. Яна была ў захапленні і горача яму дзякавала, адначасова распытваючы:
— Работа была, Алічак?
— Не, я купіў.
Больш ён ёй нічога не сказаў. А грошы даваў не шкадуючы.
Толькі Ясь нідзе не мог прыткнуць грошы. Ён хаваў іх па розных кутах: на гарышчы, у прыбудовах. То лічыў, то збіраў разам, то дзяліў на часткі і хаваў у розных месцах. Накупіў сястры, маці і Марусі розных дарагіх рэчаў, але большай сумы нікому даць не мог, баючыся выклікаць здзіўленне.
Урэшце яму прыйшоў у галаву дзядзька Жардонь. Ясь пайшоў да яго. Той мыў у балеі бутэлькі. На продаж.
— Бачу, дзядзька, вы ў вялікі гандаль выбіліся, — пакпіў з яго Ясь, карыстаючыся стылем самога Жардоня. — А можа, вы, дзядзька, аптэку адкрываеце або рэстаран?
— Табе якая справа?
— Ніякай… Хачу да вас у супольнікі пайсці.
— То закасвай рукавы і шкрабі бутэлькі.
— Я рук мачыць не люблю. Гэта для баб і старых праца.
— Ты што, кпіць прыйшоў?.. Зараз я цябе па-кітайску бласлаўлю.
— Я параіцца прыйшоў. Вы мне, дзядзька, калісьці пра таго чалавека расказвалі, што пад Воршай жыве. Які сам і не д’ябал, але з д’яблам справы мае.
— Што ты вярзеш?
— Вы, дзядзька, не перапыняйце. І нібы той малойца ад д’ябла можа грошы мець, колькі заманецца яму.
— Ну?
— Дык вось я сам з д’яблам пазнаёміўся, і ён мне даў шмат грошай.
— Насміхаешся, смаркач!
— Вось, калі ласка!
Ясь пачаў даставаць з кішэні тоўстыя пачкі купюр. Дзядзька перастаў мыць бутэлькі і ўважліва назіраў за сваяком.
— І чаго табе трэба?
— Я хачу, каб вы нейкі інтэрас прыдумалі, каб грошы не марнаваліся. Мне трэба маму і Гэлю забяспечваць. Разважце, дзядзька. Я па інтарэсах не вялікі спецыяліст.
Пачалася сур’ёзная размова.
Праз тыдзень на Залатой Горцы, у Каменным завулку, дзядзька купіў на імя Ясевай маці невялікі дамок з садам. А на плошчы ля Коннага рынку паўстаў новы рэстаран. Уладальнікам і дырэктарам там быў Жардонь. Капыльскі Бусел цяпер набраўся важнасці і красаваўся за прылаўкам не першакласнага, але добра размешчанага і адразу ж паспяховага рэстаранчыка. Прыбытак вырашылі дзяліць напалам. Гэта задавальняла і Яся, і Жардоня.
— Праз год у цябе гэтая лаўка быццам задарма купленая будзе! — сказаў дзядзька хлопцу.
Такім чынам разышлася і знайшла прытулак каса Цэнтрхарчзабкама.
ЯСЬ ЗАСВЕЧВАЕЦЦА
Каменны завулак адрозніваецца ад іншых вуліц і завулкаў Менска тым, што там не знойдзеш аніводнага каменя. Калі бабам увосень патрэбна было чымсьці прыціснуць у бочцы агуркі ці капусту, яны ішлі далей, часам нават за горад.