Выбрать главу

«Цяпер тая будзе яго даіць».

Ліся выйшла ад папярэдняга каханка нашча, разлічваючы паснедаць у Гусара. І ўсё так кепска абярнулася. Яе агарнуў шал. Яна ўяўляла сабе, як Федзя цяпер з той «дрыздай» аб’ядаецца прысмакамі і як яны кпяць з яе — з беднай Лісі, якая галодная туляецца па вуліцах. План дня быў разбіты. Яна не ведала, што рабіць. Нечакана ў ейным жыцці ўтварылася пустка, якую нельга было хутка запоўніць. У Лісінай галаве пачалі раіцца планы помсты. «Заб’ю шэльму! І яе таксама!.. Яе першай!»

Але замест таго, каб хапацца за зброю, яна ўхапілася за крыху іншы спосаб помсты — той, якім звычайна карыстаюцца гістэрычкі і духоўна слабыя людзі. Яна скіравалася на Серпухаўскую ў Следчы камітэт.

Ліся апамяталася толькі тады, калі праспявала ўсё. Яна ўяўляла, як здасць Гусара і такім чынам адпомсціць Зінцы. «Ані мне, ані табе!» Акрамя таго, яна даткліва, але слушна пакарае двудушнага каханка. Тым часам у аддзяленні зарыентаваліся, што госця ведае шмат, і прысвяцілі Лісі асаблівую ўвагу.

Калі дзяўчына даспявала тое, што хацела сказаць сама, яе пачалі дапытваць падрабязна. Ліся не хацела «сыпаць» больш нікога. Тады яе адправілі ў камеру. Да вечара. У камеры яе акружылі іншыя зняволеныя, што сядзелі тут даўжэй. Яны яшчэ лічылі Лісю сваёй. Пад уплывам размоваў у камеры Ліся апрытомнела.

Тут сядзелі пераважна блатныя жанчыны, якія ненавідзелі «гінтоў». Калі Лісю спыталі, за што яна трапілася, яна збянтэжана адказала:

— Гэта непаразуменне. «Лягавы» мяне з вуліцы ўзяў. Павінны зараз вызваліць. Можа, яшчэ сёння.

— Трапіць сюды лёгка, выйсці — горш! — адказала скептычна адна са зняволеных, прафесійная шапенфельдэрка.

Ліся неўзабаве сама ў гэтым пераканалася.

Увечары яе выклікалі на допыт. Яна была ў жаху. Ад сукамерніц Ліся ведала, што гэтыя вечаровыя допыты часта заканчваюцца рукапрыкладствам. Адна з жанчын паказвала ёй вынікі такога допыту на ўласным целе: пісягі, сінякі і ацёкі.

У пакоі на трэцім паверсе, куды Лісю выклікалі з камеры на першым, было чацвёра мужчын. Інспектар і трое агентаў. З першых Лісіных паказанняў было зразумела, у чым тут справа і што ведае яна вельмі шмат. Інспектар сказаў:

— Трэба яе грунтоўна прыціснуць. Тады ўсё спяе.

Лісю ветліва папрасілі сесці і далі цыгарэту. Дзяўчына хвіліну паліла і неспакойна слізгала позіркам па тварах мужчын. Яны не прарочылі нічога добрага. Яе пачалі дапытваць. Адразу заўважылі, што дзяўчына круціць, бо рабіла яна гэта вельмі няўмела. Інспектар сказаў ёй:

— Раю табе казаць праўду, тады, магчыма, мы цябе адпусцім. Калі будзеш хлусіць, атрымаеш у косці і трапіш у турму.

Ліся распавяла ўсё, што ведала пра Гусара, але іншых хлопцаў здаваць не хацела. Агенты гэта лёгка зразумелі, бо перапужаная, дурная па сутнасці, хоць і хітрая ў практычным жыцці, дзяўчына не ўмела пераканаўча хлусіць.

Праз чвэрць гадзіны інспектар устаў і звярнуўся да старэйшага агента.

— У мяне няма часу… Папрашу вас дапытаць яе без мяне… Калі пачне казаць праўду, складзіце пратакол… Пасля ў адзіночку…

Калі інспектар выйшаў за дзверы, старэйшы агент звярнуўся да Лісі сухім, злосным голасам:

— Цяпер мы інакш з табой пагаворым. Распранайся!

Ліся ў жаху глядзела то ў вострыя, халодныя вочы «гінта», то на гумовы дручок у ягоных руках. Яна не магла паварушыцца. Раптам яе падарваў з месца адчувальны ўдар гумовай дубінкі ў спіну, і адначасова другі агент адным рухам кінуў яе на падлогу. Яна выла ад болю, але рот у яе быў заткнуты. Рукі ёй трымаў адзін з агентаў, і ён жа каленам прыціснуў ёй шыю. Ліся давілася. Праз імгненне яна самлела.

Апрытомнела дзяўчына, калі яе ўсю аблілі вадой. Слізістая носа гарэла ад нейкай пякучай вадкасці. Яна не магла зразумець: аміяк гэта ці шкіпінар.

— Усе раскажаш? — спытаў злосны, задыханы голас.

Ліся толькі глядзела перапужанымі вачыма і дрыжала. Зубы ейныя ляскаталі і ад страху, і ад холаду. Гаварыць яна наогул не магла.

Яе кінулі ў цёмную адзіночку. Там яна праседзела ўсю ноч і дзень. Ёй не далі ані есці, ані піць. Горла дзяўчыны апухла. Яе біла ліхаманка. Цяпер Ліся скуголіла з роспачы і праклінала сваю прыдумку адпомсціць Гусару.

У той дзень увечары яе зноў навялі на допыт. Яна зноў убачыла за сталом інспектара, а ў пакоі трох учорашніх агентаў.

— Сядай, — сказаў інспектар. — Дайце ёй гарбаты і есці.

Ліся выпіла шклянку гарбаты і з’ела вялікую булку з маслам і шынкай. Ёй далі цыгарэту. Цяпер паслухмяна, быццам на аўтамаце, яна казала ўсё, што ведала. Спакойна і апатычна адказвала на ўсе пытанні. Дасведчаныя супрацоўнікі тайнай паліцыі ведалі, што яна не хлусіць, і ўжо не карысталіся аніякімі сродкамі, каб прымусіць яе гаварыць праўду.