Выбрать главу

Пасля матчынай смерці Паўлінка вымушаная была заняцца пахаваннем і домам. Увечары яна на хвілінку зазірнула да Барана. Хутчэй па патрэбныя ёй рэчы, чым каб паведаміць пра смерць маці. Яна сказала:

— Алічак! Я колькі дзён буду занятая дома. Ты тут справішся!

— Добра, — адказаў Баран.

Ён усё яшчэ сядзеў дома. Працаваў. Сам гатаваў. І думаў, думаў, думаў…

Калі ў кватэры зняць са сцяны карціну або люстра, якое даўно, хай сабе і без патрэбы, там вісіць, адчуваецца недахоп чагосьці. Нас уражвае і непакоіць пустое месца. А калі не стае каханай жанчыны — магіла. Халодная, цяжкая пустка. А ў ёй жыве чалавек з парванай душой, які пакутаваў усё жыццё. Падманлівым каханнем ён ратаваў сябе.

Вечарамі Баран ішоў да Мілага і прыносіў яго ў майстэрню. Сабака хапаў зубамі рукі свайго гаспадара і заціскаў сківіцы. Але ніколі не пракусваў скуру. Гэта была ягоная дзіўная пяшчота. Бо Мілы любіў толькі аднаго чалавека і толькі аднаму чалавеку давяраў. Ягонае беднае сабачае сэрца таксама павінна было любіць, каб ратавацца ад пусткі і пачварнасці жыцця.

Ясь ціха пагрукаў у акно Марусі Лобавай. Жанчына амаль адразу адгукнулася. Яшчэ не ўбачыўшы Яся, яна сказала:

— Ясь, ты?

Быццам бы чакала яго.

— Я. Адчыні.

Ясь распавёў пра свае ўцёкі. Маруся жахнулася:

— Божа, як ты выглядаеш!

Яна пачала шукаць для яго бялізну і адзенне.

— Ведаеш, па мяне могуць прыйсці.

— Пачуем. Вылезеш праз акно. Зрэшты, зараз усё будзе.

Праз чвэрць гадзіны Ясь быў гатовы. Ён радаваўся, што абачліва пакінуў у Марусі свае рэчы. Яго падранае адзенне і бялізну Маруся вынесла ў сарай і засунула за складзеныя дровы. Каб у кватэры не было доказаў.

— Што ты цяпер будзеш рабіць?

— Я засвечаны. Буду хавацца. Малін хапае. Зраблю левыя паперы.

— Бедны хлопчык… Ты стаміўся? Можа, хочаш адпачыць?

— Не. Я не засну. Зранку пайду на маліну. Хлопцы мне дапамогуць… Цяпер я на могілкі. Пасяджу там да раніцы.

— І я з табою.

— Добра.

Маруся зачыніла кватэру, і абое паціху выйшлі на вуліцу. Прыслухаліся. Па вуліцах звычайна кружлялі вайсковыя і паліцэйскія патрулі. Таму Ясь і не хацеў ісці на маліну ўначы. У цемры ён мог натрапіць на засаду.

Было ціха.

Яны хутка перайшлі вуліцу і выйшлі на вялікую плошчу перад залатагорскім касцёлам. Плошча парасла травой. Там іх ужо не было відаць. Яны дайшлі да рова, які аддзяляў плошчу ад могілак. Селі.

Здалёк убачылі мігатлівы агеньчык. Хтосьці запаліў цыгарэту. Значыць, паблізу была варта, толькі яна не заўважыла, як хутка яны перайшлі вуліцу.

Маруся маўчала, седзячы поруч з Ясем. Яна аберуч трымала яго далонь на сваіх каленях. Пачала паволі яе гладзіць. Ясь адчуў, як на яго руку ўпала кропля. Пасля яшчэ адна. Лобава ціха плакала.

— Чаго ты? — ціха спытаў Ясь.

— Не ведаю...

— Ты мяне не шкадуй. Я спраўлюся.

Маруся маўчала.

Цяпер яна была маленькай дзяўчынкай. Знікла кудысьці яе веданне жыцця, і ўпэўненасць у сабе, і гонар. Яна чаплялася за гэтага хлопца як за аздобу свайго існавання, як за відзежу далёкай маладосці, якая нічога ёй не дала, а пакінула тугу, што жэрла сэрца, і нянавісць да падману і мішуры жыцця. Гэта кінула яе ў абдымкі партыйнага дзеяча. Яна хацела жыць для людзей, разам з імі супольна змагацца за іх шчасце і свабоду. Але ўбачыла халоднага, асцярожнага кар’ерыста, які лічыў партыйную барацьбу і сваіх таварышаў драбінай, па якой можна было падняцца па-над вартым толькі пагарды натоўпам. Яе ён палічыў адной з прыступак гэтай драбіны. Яе прывялі ў жах ягоны эгаізм, пыха, адсутнасць шырэйшага гарызонту мыслення. Ягоным ідэалам выявілася турма, дзе ён быў бы вартаўніком з пугай у руцэ і заўсёднай праўдай на сваім баку. У ягоных калегах яна ўбачыла сухіх, марных тэарэтыкаў без фантазіі, сквапных і падступных.

Яна пачала пазбягаць іх. І радавалася, калі выпадак разлучыў яе з мужам — цяперашнім камуністам, намеснікам старшыні Рэвтрыбуналу ў Арле.

У ейным пачуцці да Яся былі моманты мацярынскай любові. Спачатку яна ставілася да яго як да дурнога смаркача, якога вучыла розуму. Пасля палюбіла яго як маці. Яна хавала гэта ад Яся, каб не абразіць пачуцці амбітнага хлопца, які ва ўсім хацеў пераймаць дарослых мужчын. Ягоная простая, шчырая і ахвочая дапамога расчульвала Марусю. Цяпер ён акурат спытаў: