Выбрать главу

Калі Ажур па вяртанні з Вільні запрасіў Запольскую на вячэру, а пасля правёў яе дадому, яна была шчаслівая. Пазней з’явілася просьба аб далікатнасці ў захаванні таямніцы і далікатная пяшчота. Гэта вывела Марысю з раўнавагі. Нават саромеючыся сваіх слёз, яна доўга плакала.

Аднойчы сумнай роспачнай восенню Ажур прыйшоў у краму Запольскай. Ён прывітаўся, сеў за столік і стаў пісаць ліст. Пасля ўзяў аркуш паперы і штосьці намаляваў асадкай. У паветры ціха лунала мелодыя вальсіка. Кліентаў у краме не было. Прадавачка пайшла на вакзал па тавар. Запольская скоса назірала за Ажурам, удаючы, што чымсьці занятая. Ажур зрэдку кідаў на яе погляды. Панавала досыць няёмкае маўчанне. Цішыню абарвала Марыся:

— Што вы малюеце?

— Зараз я вам пакажу… Гэта два партрэты… — Ажур засвістаў.

— Партрэты?

— Так… Адзін маёй сяброўкі… А другі… маёй жонкі…

— Жонкі?!. Вы ніколі... — яна не паспела скончыць.

— Не казаў, што жанаты… Бо вы не пыталі… Жонка мая цудоўная… Толькі пра такую я і марыў…

Марыся маўчала. Гэтая навіна непрыемна здзівіла яе… З арэолу, якім яна акружыла Ажура, знікла шмат бляску… Гэта было расчараванне…І непрыёмнае..:. Насвістваючы, Ажур наблізіўся да прылаўка. Паклаў на шкле вітрыны паперу.

— Гэта мая сяброўка. Надзейная сяброўка.

Запольская ўбачыла малюнак чэрапа..

— А гэта мая жонка.

Ажур перавярнуў аркуш. Марыся глядзела і маўчала. Ажур свістаў. Ён бачыў, як твар дзяўчыны залівае чырвань. Марыся не адрывала вачэй ад паперы. Яна не магла іх падняць. Дзяўчына пачула ціхі, крыху іншы, чым звычайна, голас:

— Ці падобны гэты партрэт да маёй жонкі?

— Так… Але цяпер я папрашу вас выйсці. Я хачу пабыць сама.

— Добра. Я прыйду да цябе заўтра на абед…

Ажур пацалаваў Марысю ў руку каля локця і выйшаў. А Марыся стаяла разрумяненая і ўсё глядзела на паперу, на якой прымітыўна, але смела і ўпэўнена быў намаляваны ейны твар. Прадавачка здзівілася, калі, вярнуўшыся з таварам, знайшла краму зачыненай. Яна загадала фурману заехаць у двор. Зайшла ў кватэру сваёй начальніцы. Застала яе светлай ад радасці і быццам бы непрытомнай.

— Што здарылася?

— Нічога. Сёння субота, і я раней зачыніла краму. Я хачу прывесці ўсё ў парадак да свята. Заўтра вялікае свята.

— Якое вялікае?! Нядзеля.

— Так… Нядзеля…

Марыся рассмяялася, падышла да прадавачкі і пацалавала яе.

— Нядзеля! Нядзеля! Разумееш — мая нядзеля.

У той дзень Марыся замовіла ў квяцярні вялікі букет белых руж. Але назаўтра яна атрымала два букеты. Другі быў з іншай квяцярні. Таксама ружы, але чырвоныя.

За абедам Ажур, насуперак сваёй звычцы, шмат гаварыў. І зусім не свістаў. Хітра назіраў за Марысяй. Яна выглядала на дзіва маладой і светлай. А калі часам пазірала на Ажура, у яе вачах дрыжэла радасць.

Яны пайшлі на аперэтку ў «Рэнесанс». Пасля на вячэру ў рэстаран гатэля «Еўропа». Пасля доўга блукалі вуліцамі. У пэўны момант у Губернатарскім садзе — дзе яны апынуліся ў цені ліп, а далей усё было заліта святлом вялікіх ліхтароў — Марыся спыніла Ажура.

— Скажы, як тваё сапраўднае імя? Тваё першае імя.

— Ян.

— Слухай, Янка. У мяне нічога няма. Усё маё — тваё. Але я ні за што не дзякую, толькі за партрэт.

І яна горача, жарсна пацалавала яго ў вусны. Тады Ажур узяў яе на рукі і падняў. Перайшоў сцежку і стаў над вадой.

— Марыся, дзіцятка маё, спакойна, бо я цябе зараз у ваду кіну.

— Добра.

Але ён не кінуў. Толькі спытаў:

— Хочаш, каб я сёння спаў з табой?

— Хачу.

І яны моўчкі пайшлі вуліцамі…

Гэтыя два сэрцы з такой рознай жыццёвай гісторыяй біліся ва ўнісон. Яны былі добрыя, верныя і смелыя.

Сэрцы чалавечыя збольшага адкрытыя, яны распавядаюць і крычаць пра свой боль і свае радасці. Але як жа шмат такіх, якія жывуць і канаюць ад болю ці палымнеюць ад шчасця моўчкі.

ЗЛАДЗЕЙСКАЯ ПРАЎДА

Ясь падумваў прынамсі на нейкі час змяніць раён пражывання. Фальшывыя дакументы ў яго ўжо былі. «Ліпы» яму зрабіў Ігнат. Цяпер хлопец жыў на вуліцы Нова-Чырвонай, у раёне публічных дамоў. Тут хавацца было найпрасцей. Раён быў вялікі і густа населены. Блатных тут жыло мала, таму паліцыя і агенты асабліва гэтымі мясцінамі не цікавіліся. З тузоў падпольнага свету тут хаваўся толькі Янка Залаты Зуб. Ён акурат і параіў Ясю пасяліцца ў гэтым раёне.