Неяк апоўдні Залаты Зуб завітаў да Яся. З сабой ён прывёў Грамадзяніна, які прынёс хлопцу ліст ад Лобавай. Ліст быў дасланы зладзейскай поштай праз Барана ў трушчобу Цыпы. Адтуль яго забраў Грамадзянін. Лісты злодзеяў не губляюцца і не падлягаюць таемнай цэнзуры. Часам такая «малява» вандруе з Варшавы ці Адэсы некалькі месяцаў. Часам перадаецца з рук у рукі нават праз турмы.
Лобава пісала, каб ён не прыходзіў да яе пакуль, бо ў кватэры быў вобшук. Шукалі яго. Распытвалі жыхароў двара. Прасіла, каб прыйшоў у нядзелю ўвечары, калі сцямнее. Яна будзе чакаць яго на плошчы перад касцёлам.
Паніч лічыў неабходным пачаставаць Янку і Грамадзяніна. Дома ў яго нічога не было, таму яны пайшлі ў бліжэйшы лупанарый. У гэты час ён быў зачынены, але «бандэрша» была свая, і кухня ў яе была добра забяспечаная. Яны прайшлі ў залу для гасцей, цяпер пустую і ціхую. Там і чакалі абеду. Грамадзянін быў ужо на падпітку. У размовах са злодзеямі ён больш піў, чым еў. Так ён заліваў тугу, што жэрла знутры ягонае сэрца, і хваляванне за блізкіх, якіх ён пакінуў на бальшавіцкім баку. У лупанарыі іх знайшоў Чэсік Свабода. Яму быў патрэбны Янка Залаты Зуб.
— Ты як сюды трапіў? — здзівіліся блатныя.
— Злодзей злодзея як сабака сабаку знойдзе, — адказаў Чэсік.
І яго запрасілі на абед. Ягоную «прапаганду» не вельмі любілі, але самога Свабоду шанавалі як фірмовага, характэрнага злодзея.
Калі падалі абед — тлусты і багаты, як звычайна ва ўстановах гэтага тыпу, — хлопцы пачалі піць. Грамадзянін адразу ж напіўся і выступіў з новым праектам:
— Ведаеце што, дзеці мае, — сказаў ён урачыста, — вы павінны абавязкова зладзіць стачку. Стачку ўсіх блатных Менска.
— Не рабі ветру, — сказаў Янка Залаты Зуб.
Але Чэсік Свабода ўжо зацікавіўся:
— Ну, і як гэта?
— У знак пратэсту, — працягваў Грамадзянін, — супраць здзеку са злодзеяў на допытах, марэння іх голадам у турмах, зацягвання разгляду спраў на месяцы.
— Дасканала! — рубануў рукой па стале Чэсік. — Пратэст люмпен-пралетарыяту супраць метадаў прыслужнікаў капіталізму.
— І як гэта будзе выглядаць? — зацікавіўся Ясь.
— А так. У адзін цудоўны дзень мы расклеім паўсюль улёткі, калі нельга будзе інакш, то напісаныя ўручную, што з сённяшняга дня злодзеі не крадуць, пакуль справу іх не разгледзяць і не выправяць нанесеныя крыўды.
— І што далей? — працягнуў Янка.
— Дык вось мінае дзень, два, тыдзень, два: у горадзе аніводнага крадзяжу, аніводнага злачынства. Газеты не маюць пра што пісаць, аніводнай сенсацыі. Паліцыя непатрэбная. Следчы камітэт таксама. Пракуратура занепакоеная. Судам няма чаго рабіць.
— Добра, а на што тым часам будуць жыць злодзеі?
— І на гэта ёсць спосаб. Да стачкі трэба падрыхтавацца. Цягам пэўнага часу кожны злодзей павінен даваць 25 адсоткаў заробку ў стачачны фонд. За пару месяцаў створыцца капітал, якога хопіць на сціплую дапамогу для ўсіх стачачнікаў.
Чэсік Свабода пляснуў у далоні.
— Дасканала! Не памятаю, як гэта называецца ў Маркса… Але кажыце, таварыш, далей…
— Акрамя таго, — вёў далей Грамадзянін, — трэба стварыць Бюро пасярэдніцтва працы і прымаць усе работы. Часова кінуць злодзеяў на рынак працы як танную працоўную сілу. Тыя, хто здольны гадамі галадаць у турме і там працаваць амаль задарма, змогуць супольна стварыць сур’ёзную канкурэнцыю як працаўнікі. Злодзеі здольныя, амбітныя, цягавітыя і трымаюць сваё слова. Калі за што возьмуцца, то зробяць.
З гэтай прамовы Янка Залаты Зуб зрабіў высновы, што Грамадзянін паехаў з глузду. Таму і спытаў у яго:
— А ты яшчэ не кусаешся? Трэба табе ўкол зрабіць.
Але Ясь прапанаваў іншую думку:
— А калі паліцыя, Следчы камітэт, суды, газетчыкі, ведаючы, што могуць страціць пасады і прыбытак, створаць сваю арганізацыю і пачнуць часова красці, каб пазбегнуць небяспекі, якую створыць для іх стачка?
— Такіх у каршэнь! — кінуў Свабода.
— Не, — сказаў Грамадзянін. — І на гэта ёсць спосаб. Трэба адначасова з арганізацыяй стачкі арганізаваць тайную зладзейскую паліцыю, якая будзе пільнаваць сумленных людзей, каб не кралі.
— Гэта ты ўжо лухту вярзеш, — сказаў Янка. — Злодзея можна адвучыць і ўпільнаваць. А з сумленнымі не ўправішся. Бо сумленныя крадуць па законе: там, дзе ты гэтага не заўважаеш. Хто крадзе ва ўдоў, сірот, хворых, пенсіянераў і вязняў?
— Праўда, з гэтым мы не справімся, — пацвердзіў Грамадзянін. — Але мы можам упільнаваць, каб не было афіцыйных злачынстваў. Каб нам стачкі не псавалі.