— Слухайце, вар’яты, — сказаў Янка. — Рабіце вашу стачку, рабіце паліцыю, але перастаньце пра гэта балбатаць. На ваніты цягне, а тут такі абед.
Бяседа працягвалася. Пад вечар да калег далучыліся Грузінка і Лёдзя, дзве прыблатнёныя дзяўчыны. Гаспадыня падаслала іх для таварыства. Ставіліся да іх як да сябровак. Без заляцанняў. Яны таксама ставіліся да хлопцаў па-прыяцельску. Са сваіх хлопцаў грошай за «каханне» не бралі, не падманвалі. Калі хворая дзяўчына ведала, што хлопец блатны, то такога ніколі не заражалі. Фраерам такое ўчынялі на злосць. Натуральна, па-за межамі ўстановы, з панэлі, каб нельга было прыцягнуць да адказнасці.
Блатны не бачыць у прастытутцы горшую жанчыну, ніжэйшую істоту. Не саромеецца яе, пакінуўшы ложак. Блатны лічыць прастытутку лепшай за фраерку. Дзяўчаты з вуліцы і з бардэляў гэта адчуваюць і маюць да злодзеяў сапраўдны сантымент. Яны ахвотна робяцца іх каханкамі, напраўду клапатлівымі і абсалютна вернымі. Маючы на працы перабор мужчын, яны туляцца да сваіх хлопцаў і толькі ім аддаюцца напраўду.
Лёдзя спявала:
І так песняй і алкаголем, быццам морфіем, яны сунімалі свой боль. Гэта была адзіная мізэрная аздоба іх марнага жыцця.
У нядзелю Ясь не прыйшоў на прызначанае Марусяй Лобавай спатканне. Разам з Баранам яны трапіліся на маліне ў Кацярыны Сперды. Трапіліся праз Казіка Марэцкага. Такія гісторыі ў зладзейскім свеце рэдкія і непрыемныя.
Адзін злодзей, Маміда, сібірак, які не карыстаўся вялікай павагай сярод сваіх, палез супраць блатных законаў. Заціснуў долю аднаго з хлопцаў, Манькі, які атрымаў гэтую дзіўную мянушку таму, што пасля смерці сваёй каханкі ўвесь час пра яе гаварыў і згадваў яе: «Як Манька была жывая!..», «Мая Манька была іншая»… І ўвесь час Манька.
Дык вось, пайшлі яны разам на ўзлом. Здабыча была даволі багатая. Сталі яе ліквідаваць. І тут Манька выпадкова трапіўся. Праз тыдзень яго выпусцілі. Ён выйшаў без усяго. Адразу ж знайшоў супольніка і нагадаў пра сваю долю. Але Маміда заявіў, што «фацыент» сеў на маліну. Што нічога ў яго з гэтай работы не было. Манька пачаў дазнавацца і высветліў, што Маміда прадаваў «шмокты» ў розных месцах. Тады хлопец выступіў са скаргай перад калегамі і прывёў доказы супраць Маміды. Справу Маміды вырашылі скіраваць у зладзейскі суд. Суддзямі былі: Жаба, Філіп Лысы і Казік Марэцкі. На разбор выклікалі Маміду. Звычайна абвінавачаныя на такія разборы не прыходзяць, бо ведаюць, што вынік іх часцяком бывае смяротны. Але Маміда заявіўся і абараняўся вельмі спрытна.
Разбор вёў Жаба. Ён быў, як заўжды, халодны і спакойны. Нічога не ўпусціў. Асісціравалі Філіп Лысы, які справай не цікавіўся, і Казік Марэцкі, які злаваўся і чапляўся да Маміды. Манька абвінавачваў. Доказы ягонага абвінавачвання было лёгка праверыць, таму яму верылі на слова. Маміда сцвярджаў, што ўсё ў поўным парадку, бо, калі супольнік сеў, ён прадаў усе шмокты як мага хутчэй і планаваў з Манькавай долі дапамагаць яму ў турме. Прадставіў сведку — завочна — дачку сваёй маліншчыцы, праз якую ён адправіў пасылку ў турму, але пасылку не прынялі, бо Манькі там тады не было. Грошы ён выдаткаваў на свае пільныя справы, бо ведаў, што Маньку яны цяпер непатрэбныя. Але ныкаць долю супольніка ён не збіраўся. Сказаў, што верне ўсё бліжэйшымі днямі.
Падчас гэтай «дзінтойры» між Мамідам і Казікам Марэцкім завязалася спрэчка. Казік занадта пераймаўся справай і не стрымліваў свайго абурэння з нагоды выкрутлівасці абвінавачанага. Спрэчка абвастрылася. Маміда сказаў Казіку штось зняважлівае. Той падарваўся з месца і ўдарыў Маміду. Пачалася бойка. Іх расцягнулі.
Прысуд быў такі: «Доказаў таго, што Маміда хацеў прысабечыць долю супольнікаў, няма. Справа тут цёмная, і праясніць яе немагчыма. Маміда павінен бліжэйшым часам вярнуць долю Маньку і ў будучым глядзець, каб такое не паўтарылася».
Калі разбор скончыўся, Казік сказаў:
— Я гэтую справу нажом праясню.
Маміда ведаў, з якім злодзеем мае справу, і, хоць і быў нахабны, збаяўся. Яму прыйшла ў галаву ідэя ліквідаваць Марэцкага раней, чым ён да яго дабярэцца. Быў у Маміды знаёмы «гінт», якому злодзей і здаў Казіка. Указаў маліну, лад жыцця, віленскі псеўданім і іншыя падрабязнасці.
Марэцкаму нават у галаву не прыйшло, што фірмовы злодзей — хай сабе і з далёкіх мясцін (сібірак) — можа пайсці на такую здраду. Таму ён не мяняў ані маліны, ані ладу жыцця. Часта бачыўся з Баранам, з якім сябраваў як з супольнікам па многіх работах у Вільні і як з таварышам па турмах. Пасля таго як засыпаўся Ясь, яны сустрэліся з Марэцкім у Бондараўскім завулку, у Кацярыны Сперды. Туды ж у суботу ўвечары пайшоў Ясь, каб убачыцца і пагаварыць са сваім настаўнікам. Паніч збіраўся там заначаваць і назаўтра пайсці на спатканне з Марусяй Лобавай.