Выбрать главу

Божа-божа, як жа ўсё ў мяне пайшло не тым бокам! Я колькі разоў вылаяўся, потым пачаў ліхаманкава хадзіць сюды-туды па сцежцы. Навокал стаяла поўная цішыня, толькі недзе паводдаль, паблізу альтанкі каралевы, нейкія мамкі каталі немаўлят у вазках, а больш нідзе не было відаць нікога. Мяне разбірала зло, і я, як шалёны, лётаў вакол сваёй лаўкі. Як жа недарэчна, што ні кажы, усё паварочвалася! Трохчасткавы артыкул мог быць не напісаны з тае простае прычыны, што ў мяне ў кішэні не было алоўка за якія дзесяць эрэ! А што, калі вярнуцца на Пілестрэдэт і папрасіць вярнуць мне аловак? Мне яшчэ хопіць часу, каб напісаць вялікую частку задуманага, перш чым у парку будзе поўна пешаходаў. Ад гэтага трактата пра філасофскае пазнанне шмат што залежала… можа быць, шчасце многіх людзей – хто ведае? Я сказаў сабе, што, напісаўшы яго, я здолею сур’ёзна дапамагчы не аднаму маладому чалавеку. Паразважаўшы, я вырашыў не закранаць Канта – гэтую праблему я мог бы абмінуць, незаўважна перавёўшы размову на пытанні часу і прасторы,   – але ж за Рэнана, за гэтага старога вясковага папа Рэнана я заступацца не буду… У кожным разе, я мусіў напісаць працу на столькі і столькі калонак тэксту: неаплачанае жытло, пільны позірк гаспадыні дома ўранку, калі я збягаў сходамі паўз яе, даймалі мяне цэлы дзень і нават аднекуль усплывалі ў радасныя хвілі, калі змрочных думак у галаве нібыта і не было. Гэтаму трэба было пакласці канец. Я шпаркімі крокамі выйшаў з парка і пашыбаваў да ліхвяра, у якога застаўся мой аловак.

Спусціўшыся з Замкавай гары, я дагнаў дзвюх дам. Абмінаючы іх, я дакрануўся да рукава сукенкі аднае дамы, я паглядзеў на яе: яна мела паўнаваты, крыху бледны тварык. І раптам яна заліваецца чырванню і робіцца надзвычай прыгожаю – напэўна, пад уражаннем слова, пачутага ад прахожага, а можа, проста ад думкі, што раптоўна прамільгнула ў яе галаве. А ці не таму, што я да яе дакрануўся? Яе высокія грудзі пачалі гожа ўздымацца, гэта доўжылася нейкія хвілі, рука мацней сціснула парасонік. Што з ёю сталася?

Я спыніўся і прапусціў абедзвюх дам зноўку наперад, у мяне на хвілю як бы адняліся ногі, усё падалося мне нейкім надзвычай дзіўным. Я адчуў сябе ўзбуджаным, прытым моцна злаваў на сябе праз гісторыю з алоўкам, да таго ж мне крыху не пайшла яда на галодны страўнік. І раптам дзіўны паварот маіх думак надаў мне дзіўнаватага жадання папужаць тую дамачку і пазлаваць яе сваёй учэпістасцю. Я зноўку даганяю яе, абмінаю, потым гляджу ёй проста ў твар. Стаю, зазіраю ў вочы і прыдумляю сабе нейкае дзіўнае, ніколі не чутае імя, што вымаўляецца як бы послізгам: Юлаялі! Калі яна зноў апынаецца амаль што побач, я ёй кажу:

– Паненка, вы згубіце сваю кніжку!

Прамаўляючы гэта, я чуў, як б’ецца маё сэрца.

– Кніжку? – пытаецца яна ў сваёй спадарожніцы. І ідзе далей.

Але злосная ўпартасць не пакідала мяне, і я пайшоў услед за імі. Вядома, у той момант я добра ведаў, што я раблю вар’яцкія рэчы, але быў не ў змозе пераадолець сваіх памкненняў, хваляванне вабіла мяне наперад, прымушала рабіць недарэчныя рухі, і я ўжо не валодаў сабою. Колькі я сабе ні казаў, што раблю як ідыёт, – анічога не дапамагала, і я ўвесь час строіў за спінаю дамы дурнаватыя грымасы, а абагнаўшы яе, гучна кашлянуў. Цяпер я павольна ішоў паперадзе, трымаючыся за некалькі крокаў ад яе, адчуваў яе погляд у сябе на спіне і міжволі апускаў галаву ад сораму, што гэтак брыдка сябе з ёю паводжу. Паступова мною авалодвае дзіўнае адчуванне, што я дзесьці далёка адсюль, у мне нараджаецца цьмянае пачуццё, што не я, а нехта іншы ідзе па гэтых каменных плітах, патупіўшы зрок.

Праз некалькі хвілін, калі дама падышла да кнігарні Пашы, я ўжо стаяў каля першай вітрыны. Я зрабіў крок ёй насустрач і паўтарыў:

– Паненка, вы згубіце сваю кніжку!

– Але якую кніжку? – пытаецца яна спалохана. – Пра якую кніжку ён кажа?

І яна спыняецца. Я злацешна пасміхаюся, бачачы яе збянтэжанасць; разгубленасць у яе вачах захапляе мяне. Ёй аніяк не зразумець той роспачы, што рухае мною, у яе няма абсалютна ніякай кніжкі, ніводнага аркуша якой-кольвечы кніжкі, але яна ўсё ж такі нешта шукае ў сваіх кішэнях, глядзіць сабе на рукі, круціць галавою, азіраецца, напружвае свае далікатныя мазгі, спрабуючы зразумець, пра якую гэта кнігу я кажу. Яна то чырванее, то палатнее, адзін выраз твару змяняецца на іншы, я чую, як цяжка яна дыхае, і нават гузікі з яе сукенкі глядзяць на мяне, нібы спалоханыя вочы.