Выбрать главу

6

Стары пацук ноччу баляваў у Малашынай каморы. Гаспадыня яшчэ з вечара, калі налівала брагу з бочкі ў вялізны чыгун, распырскала гэты, як здавалася пацуку, найсмачнейшы на свеце і п’янкі напой. Ён вылізаў усю падлогу, адчуў насалоду і незразумелую весялосць. Цяпер можна было б зашыцца ў нару і адсвяткаваць бражны дзень, не дбаючы пра ежу. Але дарожка з пралітых кропель цягнулася праз сенцы ў пакой і пацуку карцела яшчэ і яшчэ лізаць гэтую п’янкую слодыч, напаўняць страўнік цёплай энергіяй, якая разлівалася па ўсім целе, расслабляла кожную мышцу, што нават хада ягоная стала няўпэўненая, а хвост зрабіўся быццам чужы і ніяк не жадаў падпарадкавацца гаспадару.

Дзверы ў камору заставаліся прыадчыненыя. Пацук выслізнуў праз іх, нюхаў вусатаю пысаю падлогу і сквапна злізваў разлітыя кроплі. Мусіць, у ягонай галаве, калі дапусціць, што пацукі могуць думаць, у гэты момант жыла адна думка: напіцца, налізацца брагі дасхочу, каб ужо і сілы не было ні есці, ні варушыцца. Зрэшты, тое самае адчувае п’яніца, калі трапляе на вялікую гулянку, дзе ніхто не сочыць, колькі ты выпіў, а таму можна набрацца пітва да непрытомнасці.

З пакоя сыходзіў такі неверагодна моцны пах брагі, што пацук ледзь не самлеў пад парогам у цемры сяней. Дзверы адчыніліся, нехта ў цемры пераступіў праз грызуна і пайшоў на вуліцу, а няпрошаны госць прыпаў да шчылінкі, нюхаў і не мог наталіцца жаданым водарам. Калі дзверы зноў адчыніліся, пацук ускочыў праз парог у пакой, цьмяна асветлены лучынаю, агледзеўся, убачыў каля печы стол, на якім ўзвышалася вялізнае карыта, згледзеў старую і маладога мужчыну, што моўчкі сноўдаліся па пакоі.

Пацук сігануў у вілашнік, потым убачыў пляму пралітай брагі каля печы, пасунуўся туды, злізаў усё да кроплі. Ад цяпла і бражнага паху ў хаце адчуў неймаверную млявасць ва ўсім целе, неадольна захацелася спаць. Ён слізгануў за рог міма падпечча, з цяжкасцю ўскочыў на ляжанку, зашыўся ў нейкае рыззё і заснуў так соладка, як не спаў ніколі. Гэта быў сон шчаслівага і ўсім задаволенага пацука, які дасягнуў найвышэйшай асалоды, спасціг яе кожнаю клетачкаю цела і цяпер, калі прачнецца, да канца жыцця будзе згадваць гэтыя незабыўныя хвіліны і спадзявацца, што яны некалі паўторацца зноў.

Малаша з Аўдзеем усю ноч гналі самагонку, якая па тонкай ільняной нітцы кропелька за кропелькаю капала ў пляшку, напаўняла яе мутнаватай вадкасцю. Сын насіў снег з вуліцы, сыпаў яго ў карыта для ахаладжэння змеевіка. Гнаць самагонку зімой было вельмі зручна. Не трэба было насіць ваду з агульнага калодзежа, які стаяў за тры хаты на другім баку вуліцы. З напоўненай пляшкі Аўдзей лінуў трохі гарэлкі на стол, чыркнуў запалкаю — вадкасць успыхнула сінім полымем, пабегла да краю стала, пакуль не выгарала і не згасла.

— Пяршак! — задаволена сказаў Аўдзей, глытнуў з пляшкі і ажно крэкнуў ад нечаканасці, што занадта моцным аказалася пітво.

— Пакаштаваў і годзе, — спыніла сына Малаша. — Наліжашся раней часу, дык і справу не давядзеш да канца.

Да світання паспела гаспадыня з Аўдзеем перагнаць усю брагу, разабраць і схаваць самагонны апарат у камору, дзе бутэлькі з гарэлкаю таксама занялі сваё таемнае месца. Засталося ўпарадкаваць прыпечак, памыць чыгуны, памыі занесці свінні, няхай і яна паласуецца. Тут ужо за справу ўзялася Таіса, хутка і спрытна падмяла земляную падлогу, паставіла посуд на месца, усё лішняе вынесла ў сенцы і там ужо гаспадарыла на свой лад. Стомлены і сп’янелы Аўдзей, які нанюхаўся і накаштаваўся самагонкі, заваліўся спаць на запечак. Малаша, таксама змораная дарэшты, прылегла на ляжанцы.

Таіса падаіла карову, працадзіла малако, пакарміла свінню, растапіла печ, пачала варыць сняданак і абед. Усе спалі, і ёй было добра адной рабіць адвечную жаночую справу без прыдзірлівага нагляду свекрыві і думаць пра цяперашняе ўласнае існаванне. Яна ўважліва прыглядалася да тутэйшых людзей і іхняга жыцця. Заробкаў не было ніякіх, у калгасе зімой працы таксама няма, каб хоць чым заняць людзей. Мужчыны і хлопцы збіраліся ў гурты, гулялі ў карты, жлукцілі самагонку. Ужо і яе Аўдзей, які раней ад кухля піва п’янеў, прывыкаў піць гарэлку, а сп’янелы рабіўся гняўлівы і жорсткі. Трэба было нешта думаць, нешта мяняць у жыцці, але пакуль не магла яна зрушыцца з месца, бо пад грудзьмі варушылася дзіця, якое неўзабаве павінна было з’явіцца на свет, і дзеля гэтага трэба забыцца на ўсе свае мітрэнгі: малое павінна нарадзіцца здаровенькае. Ёй вельмі хацелася падараваць мужу сына.