— А хто ў полі жыве?
— Палявік, — з усмешкаю адказала Малаша.
— А ён што робіць?
— Сочыць, каб на полі быў лад. Калі гаспадыня абы-як збярэ ўраджай, дык палявік прыйдзе, забярэ рэшту збожжа ці бульбы з поля і занясе да дбайных гаспадароў. А тое поле зробіць няплодным. Глядзі, як мы адсталі ад гурту, — спахапілася старая, — пайшлі даганяць.
Ліза заўважыла нечыя вялізныя сляды на зямлі і пачала ступаць па іх.
— Не ўступай у чужыя сляды, набярэшся чужой бяды, — сказала старая і зноў пачала стукаць па плоце і выкрыкваць у лад з іншымі людзьмі:
Ідзі, зіма, да Кіева,
Бо ты ўжа нам наківала.
Ліза таксама малаціла дубцом па штыкетніку і паўтарала ўслед за бабай замову. Зіму прагналі далёка за вёску і задаволеныя вярнуліся дамоў.
На другі дзень раніца выдалася па-сапраўднаму сонечная і вясновая. І зноў здарылася вясёлая прыгода: у Ляды прыехаў фатограф. На хаце старога Кузьмы павесілі посцілку, на якой быў намаляваны куточак парку з дарожкаю, павернутаю ўлева. Дзяўчаты прыхарошваліся перад люстэркам. У гэтым гаманкім і вясёлым гурце апынуліся Малаша, Ліза і Алеся. Сёння Лізіны мама і тата пайшлі да нейкага татавага сябра Лапіцка на вяселле ў Малыя Ляды. Гэтая вёсачка была сапраўды малая, забудоўвацца пачала нядаўна, але туды Ліза яшчэ ніводнага разу не хадзіла.
Узбуджаныя дзяўчаты па адной бегалі фатаграфавацца, нарэшце дайшла чарга да Малашы. Яна папрасіла, каб ёй роўненька паставілі чубок хусткі, бо сама не магла дацягнуцца рукамі, пакручанымі каўтуном. Яе просьбу выканалі. І вось ужо стаяць перад фатографам новыя мадэлі: старая ў шэрым мужчынскім каптане, што дастаўся ёй ці не ад мужа, у белым вышытым фартушку, прыпнутым паверх паласатага андарака і па-гарадскому апранутая дзяўчынка ў зялёным каптурыку на галаве, з-пад якога выбіваюцца кучаравыя светлыя кудзеркі, у зялёным паліто з палярынкаю, аблямаванаю чорным аксамітам і ў зашнураваных чорных чаравічках. Адно імгненне — і справа зроблена. Алеся знялася сама. Яна сарамліва паглядвала на фатографа з-пад ілба, таму ён вымушаны быў падысці і прыпадняць за падбародак яе галаву, ад чаго дзяўчынка засаромелася і пачырванела.
Потым Малаша, Ліза і Алеся доўга назіралі, як фатаграфаваліся іншыя вяскоўцы, дамоў пайшлі толькі пасля таго, калі майстар сфатаграфаў усіх жадаючых, згарнуў сваю размаляваную посцілку і паабяцаў неўзабаве прывезці фотаздымкі.
Паступова насунуўся вечар. Баба Малаша вячэру не варыла, ужо ў паўзмроку дастала з печы капусту, якая засталася ад абеду, наліла ў міску і ўтрох яны пасёрбалі тое варыва.
На дварэ было ўжо зусім цёмна, трэба было класціся спаць, але мама і тата ўсё не вярталіся з вяселля, таму Ліза спытала:
— Баба, калі мама вернецца?
— Халера яе ведае, — адказала старая абыякава.
Ліза, перакананая, што ў Лядах можна хадзіць скрозь, прапанавала:
— Давайце і мы пойдзем на вяселле.
— Нас туды не клікалі, — прамовіла Малаша.
— Я хачу да мамы, — запатрабавала малая.
— Ідзі, хто цябе трымае. На вуліцы ноч, мо цябе ваўкі з’ядуць.
Пра тое, што ваўкі жывуць у Лядах, Ліза не ведала ды і не вельмі іх баялася. Яны ёй уяўляліся падобнымі да сабак, якіх бачыла на малюнку. У дзеда таксама была рыжая сучка Пальма, з якою дзяўчынка сябравала яшчэ з таго часу, калі была ростам меншая за сабаку. Раней яе заўсёды палохалі толькі старцамі, якія забіраюць непаслухмяных дзяцей. Іх яна сапраўды баялася, бо добра ўяўляла, як непрыемна апынуцца ў брудным мяшку. Чамусьці ў тым канцы, дзе жыла баба Малаша, людзі не трымалі сабак. Не было чаго ахоўваць. Занадта бедны тут люд сабраўся. І дзяўчынка адказала:
— Тут і сабак няма. Скуль жа ваўкі возьмуцца?
— З лесу. Яны тым і карыстаюцца, што сабак няма, ды забіраюць непаслухмяных дзяцей, — сказала баба.
Ліза была перакананая, што яна паслухмяная і некапрызлівая, але цяпер ёй трэба было пабачыць маму, каб упэўніцца, што ўсё добра, усе дома, і можна класціся спаць. Раней, калі яна жыла ў дзеда, яны ўсе разам, цёця Поля, яе сын Віця і Ліза, слаліся на печы. Клалі ватоўкі і падушкі пад галовы, накрываліся посцілкамі. Цяпер яна спала з бабаю Малашаю на печы. Пасцель стуль не прыбіралася, таму і слацца не трэба было.
— Хачу да мамы, — зноў запатрабавала дзяўчынка.
— Нагуляецца твая мама, дый сама прыйдзе, — адказала Малаша.
— Завязіце мяне да мамы, — скрозь слёзы папрасіла малая.
Ні Алеся, ні баба не звярталі на яе ўвагі. Тады Ліза заплакала ўголас.
— Чаго равеш, як цялушка? — спытала Малаша і перадражніла. — А-а-а.