Рыжы рахманы конь вывез тату на возе з двара стайні, побач прымасцілася Ліза, і яны рушылі ў дарогу. Чатыры колы дружна каціліся ўперад і везлі вазакоў так хутка, што дзяўчынка ледзьве паспявала агледзець наваколле: старая таполя, голыя бязлістыя дрэвы абапал дарогі на вёску Янавічы, яшчэ адзін поплаў, заліты талаю вадой і круглую, як сподак, сажалку. Ліза чула, што недзе паблізу ёсць возера, скуль аднойчы мужчыны прыносілі рыбу, таму яна спытала:
— Гэта возера?
— Не, гэта балотца, а тая круглая сажалка называецца Цагэльня. Тут даўней капалі гліну для цэглы. Возера знаходзіцца ў тым канцы, за сялом, далекавата адсюль. Яно вельмі вялікае, — адказаў Аўдзей.
Вазок падняўся на ўзгорак — і наперадзе, удалечыні паказаўся вятрак, ён круціў крылы і, здавалася, зараз узляціць над зямлёю. А Ліза глядзела і глядзела на яго, спрабуючы зразумець таямніцу гэтага руху. Усё, што было звязана з палётам, з небам, зачароўвала яе. У тым горадзе, адкуль яны прыехалі да бабы Малашы, яна бачыла ў краме, якая называлася «Дзіцячы свет», зялёныя самалёты з чырвонымі зоркамі на крылах, якія луналі высока пад столлю. Дзяўчынка разумела, што яны не прадаюцца, а існуюць асобна ад той мітусні, якая пануе ўнізе, таму ніколі не прасіла купіць ёй нейкую цацку, бо ў той краме нічога не бачыла, акрамя самалётаў. Разумела: самалёт — не цацка, гэта такая рэч, пра якую можна толькі марыць. Як і тыя недасяжныя самалёты, якія лётаюць у небе. Ліза ездзіла на цягніку, на грузавіках, на возе, але ўжо тады падсвядома ў яе душы нараджалася мара: лётаць на самалёце, кіраваць крылатаю машынаю, як тата канём. Яна мела вялікую ляльку і буквар, які ўжо прачытала не адзін раз, — вось і ўсё багацце ў шасцігадовай дзяўчынкі.
І цяпер, калі Ліза ўбачыла вятрак, зямны і крылаты, ёй зрабілася неяк вельмі ўтульна і хораша. Яна падумала, як бы было добра жыць побач з гэтым млыном і сачыць за ягоным рухам.
Пакуль тата ў чужым двары нагружаў сена на воз, Ліза ўсё любавалася ветраком, потым пераводзіла вочы на высокія аблокі, якія паволі плылі, злучаліся, набывалі дзіўныя абрысы. Дамоў яна вярталася, седзячы высока на сене, а тата ішоў побач і паганяў каня. Зверху было вельмі добра ўсё відаць. Паціху аддалялася чужая вёска з шэрымі хаткамі і пазелянелымі платамі, з высокімі бярозамі на ўскрайку, наперадзе была вялізная купіна старой таполі на скрыжаванні, а далей цягнуліся Ляды, даволі вялікая вёска, стаяла быццам на ўзгорку. Справа ад яе цягнулася сіняя сцяна лесу, а злева было поле, якое таксама ўдалечыні акалялася лесам. Ліза азірала наваколле, запамінала дарогу і думала, што абавязкова прыйдзе, каб зблізку паглядзець на сажалку і балотца, а таксама наведае старую таполю. Ціхая радасць напаўняла сэрца маленькай вандроўніцы. Яна здзіўлялася, якая чыстая і блакітная вада разліта навокал, быццам гэта сама зямля расплюшчыла вочы і глядзіць на незнаёмую дзяўчынку. Сонца шчодра прыгравала і асляпляла, і следу не засталося ў душы ад учарашняй крыўды і слёз, хіба толькі ў памяці засела стрэмкаю адчуванне счужэласці да бабы Малашы і Алесі.
А дома Лізу чакала новая радасць. Пакуль яны з татам ездзілі па сена, мама атрымала пасылку ад цёці Сімы, якая прыслала пляменніцы казку пра залатую рыбку, новы сшытак і аловак. Атрымаць адразу такое багацце — было вялікім шчасцем. Цёцю Сіму, малодшую маміну сястру, Ліза помніла мала. Згадвалася толькі, як яна ўпершыню ўзяла пляменніцу ў кіно. Ліза, калі зараз заплюшчыць вочы, дык бачыць тое залатое поле, якое красавала буйнымі каласамі на экране. Пры гэтым гучала песня:
Стеной стоит пшеница золотая,
И ни конца, ни края не видать.
За дзедавай хатаю расло такое высачэннае жыта, што Ліза баялася нават туды хадзіць, каб не заблудзіцца, а яшчэ там магла жыць гадзюка, якая церлася аб сцябліны і скідала сваю старую скуру. Дзяўчынка ведала, што гадзюка можа балюча ўкусіць, пасля чаго чалавек памірае. Таму гадзюк не любяць і забіваюць.
Ліза адразу разгарнула тоненькую кніжачку, спачатку пагартала, разгледзела малюнкі, пачала чытаць пра тое, як жылі-былі на свеце дзед з бабаю і задумалася, чаму так атрымліваецца, што бабуля Хрысціна даўно памерла, а з яе дзедам жывуць толькі ягоная дачка Поля і ўнук Віця, а ў бабы Малашы няма дзеда, ён таксама даўно памёр. Чаму людзі паміраюць? Няхай бы жылі і жылі. Але тут жа забылася і пачала чытаць далей пра тое, як дзед злавіў залатую рыбку. Віця таксама браў з сабою Лізу на рыбалку. Хлопцы залазілі ў ваду з таптухамі, сплеценымі з лазы, заганялі ў іх рыбу, а дзяўчынка чакала на беразе. Малая так захапілася чытаннем, што нічога не чула і не бачыла. І раптам да яе даляцела песня бабы Малашы. Тая спявала пра нейкую раку Дунай. Ліза спыніла сваё чытанне і прыслухалася.