Шворан за акном усё сіліўся стрэліць са сваёй іржавай стрэльбы каменьчыкам, брудна лаяўся і ўсё крычаў:
— Выходзь! Ты маю маці зганьбіла! Усё роўна табе не жыць!
Таіса забілася ў самы куток, было страшна, раптам гэты боўдзіла разаб’е акно і ўваліцца ў пакой, як тады ад яго адбіцца? Хата ж замкнёная. Няма куды ўцякаць. А яна цяжарная на апошнім месяцы, яшчэ дзіцяці нашкодзіць. Які жах! Што за сямейка вар’яцкая.
Пачуліся яшчэ нейкія галасы. Таіса выглянула з-пад запечка і ўбачыла за акном Малашу і ўчастковага міліцыянера. Сэрца яшчэ шалёна калацілася, але ўжо прыйшла палёгка ад думкі, што самае страшнае мінула. Здагадалася, што свякроў прывяла ўчастковага, дзякуй і на гэтым, выратавала будучага ўнука ці ўнучку.
Паўлюсь, прыстрашаны міліцыянерам, уваліўся ў воз і паехаў дамоў. Дамінка адамкнула хату, увайшла з Малашаю ды Алесяю.
— Злякалася? — спачувальна спытала свякроў.
— Вядома. А чаго ён на мяне ўз’еўся? — спытала Таіса.
— Адарка Сымонкава расказала яму, як ты мне не захацела ліст прачытаць, што бацьку пісала. Ён і прыехаў помсціць.
— Дзе ён узяў стрэльбу?
— Дык жа сторажам працуе. Вось яму і далі гэтую ламачыну.
— І што цяпер будзе? Мо ён заўтра зноў прыедзе ваяваць?
— Не, мусіць, не. Міліцыянт сказаў, што пасадзіць яго ў турму, калі ён будзе са стрэльбаю па вёсцы без ладу ездзіць. Ён спалохаўся і кінуўся наўцёкі.
Таіса зморана паплялася дамоў. Пасля перапуду адчула млявасць ва ўсім целе, прылегла на запечку, занепакоена думаючы: «Дзе той Аўдзей? Чым займаецца? Усё з нежанатымі хлопцамі бавіць час. Не нагуляўся. Навошта я сюды ехала? І што мяне чакае? Ці не будзе тое, што і ў першым замужжы."
Яна адчувала сябе ў варожым атачэнні. Нават малодшы Дамінчын сын Алёша не даваў спакою да апошняга часу, выцікоўваў, калі яна ішла ў хлеў, ускокваў туды і пачынаў ганяцца за ёю. Яна саромелася нават каму пажаліцца, трывала. А потым, калі аднойчы і Ліза паскардзілася ёй, што Алёша стаяў каля запечка і качаргою ганяў яе на печы з кутка ў куток, Таіса аднойчы не вытрымала, схапілы вілы, рушыла на яго і крыкнула:
— Ідзі прэч, бо прапару наскрозь .
Хлопец спалохаўся, ажно збялеў, выбег з хлява, і пасля таго разу больш не чапляўся.
Дзіця нездаволена варухнулася ў жываце. Стараючыся супакоіць яго, Таіса пагладзіла жывот і падумала, што трэба ўціхамірыцца і самой, каб не здарылася чаго благога.
11
Ноччу Ліза прачыналася некалькі разоў. Яе будзілі галасы: размаўлялі сямейнікі. Чамусьці кіравала ўсімі суседка, бабуля Настуся, якая загадвала падаць ручнік ці балею з цёплаю вадою. Потым дзяўчынка пачула, як моцна заплакала дзіця, і зноў заснула. А раніцаю даведалася, што ў яе з’явіўся маленькі брацік, ружовенькі і пісклявы. Тры дні мама ляжала на запечку хворая. Побач з ёю час ад часу папісквала дзіця. А Лізе была дадзена воля хадзіць дзе заўгодна. Яна выкарыстала гэтую магчымасць і зноў пайшла да старой таполі, якая ўжо акрылася маладым зялёным лісцем, а шэрыя кутасікі, якіх раней шмат было раскідана па зямлі, некуды зніклі. Ліза падумала, што статак яе авечак некуды разбегся, і рушыла далей, да балотца і сажалкі, якія яна бачыла, калі ездзіла з татам па сена. І як жа здзівілася, калі згледзела ў вадзе ярка-жоўтыя кветкі лотаці. Раней дзяўчынцы ніколі не сустракаліся такія кветкі. У Дняпроўскай затоцы раслі толькі белыя і жоўтыя гарлачыкі, таксама вельмі прыгожыя, з тонкімі, быццам фарфоравымі пялёсткамі. Ліза разулася, зайшла ў халодную ваду, нарвала букет гэтых дзівосных кветак. Потым пасядзела на маладой траўцы, пасушыла ногі і зноў абула чаравічкі. Агледзелася. Тут было хораша. Лёталі чырвоныя з чорнымі кропачкамі на крылах матылі і лупатыя стракозы. Зводдаль хадзіў бусел на цыбатых нагах, нешта вышукваў у траве. Потым узняўся і паляцеў у чыстым блакіце. Лізе таксама хацелася вось гэтак жа паляцець, але яна ведала, што ў яе не атрымаецца, бо ўжо не раз спрабавала, ды ўсё дарма. Каб вывучыцца на лётчыка! Тады б яна ўздымалася на самалёце высока-высока, куды і буслам не даляцець.