Міжволі падумалася ёй, што, мусіць, і на яе лёг праклён бабулі Аксінні. Некалі ў маладосці Таісін бацька Цімох, які толькі вярнуўся з Першай сусветнай вайны, закахаўся ў Хрысціну, якая, на думку будучай свякрухі, не падыходзіла яе сыну, бо была сірата, бедная, жыла пры старэйшай сястры Куліне, да таго ж яшчэ і старэйшая была за каханага гадоў на пяць. Што ні рабіла Аксіння, але не здолела адвадзіць сына ад Хрысціны. Мінулі гады два — і нявенчаная нявестка нарадзіла дачку Полю, а Цімох пачаў будаваць сабе хату. Каб перашкодзіць сыну, Аксіння падгаварыла мужа Мацвея таксама будавацца. Упартая была маці, але і сын, здаецца, у яе ўдаўся. Удзень працаваў на бацькавай хаце, а ўвечары ішоў будаваць хату для Хрысціны, так ён тлумачыў бацькам.
Пакуль хата будавалася, Хрысціна нарадзіла яшчэ і сына Рыгорку. Не магла стрымаць гневу Аксіння, паклялася, што прыгне ёй рукі і ногі, калі яна пойдзе ў сынава жытло. У новай хаце нарадзілася трэцяе дзіця, Таіса. Нічога не заставалася Аксінні, як змірыцца ды пайсці да Цімоха і Хрысціны, каб пабабіць новую ўнучку ды паглядзець, як жыве яе сын з нявесткаю. Паглядзела, быццам засталася задаволеная пачастункам, чысцінёю ў хаце і прыгожымі ўнукамі, а вярнулася дамоў і раптам захварэла. Прыгнула ёй рукі і ногі, скурчыла ўсю, так і праляжала гадоў дзесяць, не маючы магчымасці нават муху адагнаць непаслухмянымі рукамі. Улетку дзед клікаў унукаў абіраць вішні. Таіса бачыла ў хаце хворую бабу Аксінню, якая скурчаная ляжала на ложку і прасіла пачухрыць ёй галаву, на якой валасы збіліся на лямец. Унучка паслухмяна выконвала просьбу, шкадавала бабулю, якую так і пахавалі са скурчанымі нагамі і рукамі, нават смерць не дапамагла іх разагнуць. Няма шчасця ў каханні Аксінніным унукам. Полін муж загінуў на вайне, засталася яна ўдавою ў дваццаць гадоў. Рыгор двойчы ўжо жаніўся, ды пакідаюць яго жонкі. Таіса вось таксама другі раз замужам.
Закрактала, заварушылася на руках дзіця, нагадала пра сябе, і маладая маці прагнала вярэдлівыя думкі, загаварыла з сынком, супакойваючы малое:
— Прачнуўся, мой маленькі, естачкі захацеў. Цішэй, цішэй, зараз прыйдзем дадому, я цябе пакармлю.
Але дзіця заплакала голасна і патрабавальна. Таіса села на скрыжаванні пад старою таполяю і дала сыну грудзі. Міма праходзіла незнаёмая старая, спынілася і з дакорам сказала:
— На скрыжаванні толькі чэрці сваіх дзяцей кормяць.
— Я не ведала, — сумелася Таіса, а сама раздражнёна падумала: «Усе тут кіруюцца ў жыцці нейкімі прымхамі і забабонамі, пра якія ў нас ніхто не чуў, дзікія людзі.»
Яна паднялася і пашыбавала дамоў. Малаша сустрэла яе пытаннем:
— Правяла?
— Паехалі, — з уздыхам адказала Таіса.
— Дык будзем палуднаваці.
«Як ёй тая ежа ў горла палезе? — злосна падумала Таіса, кладучы дзіця ў калыску. — Сын паехаў, невядома, што яго там чакае, а ў яе расклад непарушны!» Маладзіца пачала завіхацца ля печы, а старая прынялася калыхаць унука ды спяваць:
Куды, воран, ляціш,
Куды адлятаеш?
Куды, мілы, едзеш,
Куды ад’язджаеш?
Мяне маладую
Кідаеш самую.
А я маладзенька
Гуляці радзенька.
Таіса, дастаючы гаршчок з крупнікам, скоса зірнула на свякруху і падумала: «Знарок такую песню спявае, каб я сумавала. Не дачакаецца! Буду жыць, як набяжыць. Аўдзей жа не адзін паехаў. Што міру, тое і бабінаму сыну. Дасць Бог, дачакаюся, і ўсё ў нас будзе добра. Шкада толькі, што сыночка паўгода яму не бачыць. Нічога, пасля нацешыцца, цэлую зіму будзе дома сядзець. Дрэннае жыццё ў вёсцы. Трэба нешта думаць, варушыцца, выбівацца з гэтай глухамані, дзе можна зарабіць толькі выгнаўшы ды прадаўшы колькі пляшак гарэлкі. Ды і той спосаб супрацьзаконны. Адзіна гарэлка для тутэйшага люду — і лекі, і заробак, і сродак узвесяліць душу...»