Выбрать главу

13

Пасля нараджэння брата на Лізу зваліўся новы абавязак: калыхаць малога. Мама палола грады, мыла бялізну ці варыла абед, а Ліза абавязана была сядзець на запечку і сачыць за гэтым ружовым камячком, які час ад часу пачынаў варочацца, крактаць або нават плакаць, тады яна клікала каго-небудзь са старэйшых. Не было цяпер у яе часу пагуляць з лялькаю, пагартаць кніжку ці збегаць да Бузюмішыных дачок. Толькі па нядзелях ды ў святочныя дні вясковы люд не працаваў. Звычайна па абедзе жанчыны збіраліся на чыёйнебудзь прызбе ці на лаўцы, размаўлялі пра надвор’е ды агароды, нешта згадвалі, нечым дзяліліся. Адну толькі справу дазвалялі сабе лядчукі ў нядзелю — хадзіць у лес у ягады, бо гэта лічылася адпачынкам.

У той дзень маладзіцы і старыя кабеты сабраліся каля хаты Параскі Рачычанкі. Таўклася побач і малеча: Ліза ды Бузюмішыны дочкі Маня з Нінаю. Клемава Вера хораша спявала, жанчыны падцягвалі, не заглушаючы яе моцны і чысты голас, за які пакахаў яе некалі Аверка, ды ўсё не вяртаўся да сваёй нарачонай з турмы. А яна цярпліва чакала, спяваючы сумныя песні пра раз­луку і каханне.

— Глядзіце, Бабця з Луцяю ідуць, — сказала Дамінка.

— Мусіць, з лесу, — здагадалася Параска.

Да гурту падышла стараватая, шырокая ў крыжы кабета з вельмі падобнаю на яе дзяўчынаю ці маладою жанчынаю. У абедзвюх былі светлыя валасы, якія маляўнічымі кудзеркамі выбіваліся з-пад белых хустак. Неслі яны ладны кошык, сплецены з лыка і сціпла ўпрыгожаны ружовымі кветачкамі.

— У ягады хадзілі? — спытала Дамінка.

— Ага, — адказала старэйшая жанчына і пачала раздаваць малым дзяўчаткам галінкі з чорнымі ягадамі.

— Што гэта? — здзівілася Ліза.

— Чарніцы, — адказала Бабця і ўсміхнулася радасна ад таго, што змагла здзівіць і парадаваць чужое дзіця.

Сваю дачку Луцю яна не адпускала ні на крок ад сябе, баялася страціць. Гэта была адзіная яе найвялікшая каштоўнасць. Усе ў вёсцы ведалі, што некалі яна, Матруна Шумук, сімпатычная вясковая дзяўчына, служыла ў нейкага падпанка, даглядала ды няньчыла дзяцей, якія называлі яе бабцяю. Гэтае слова так прыліпла да яе, што стала мянушкаю. Ад гэтага самага падпанка нарадзіла яна дзве дачкі Эвеліну і Люцыю. Падпанак сам даў дзяўчынкам імёны, аднак Эвеліну ў хуткім часе ў Матруны забраў, бо яна з твару была падобная на яго, і аддаў сваёй бяздзетнай сястры, а Бабці заплаціў нейкія грошы, хоць яна і не згаджалася. Ды падпанак настрашыў яе, што і Луцю забярэ, калі яна не дасць згоды. Матруна вымушана была саступіць, суцешылася тым, што мела магчымасць наведваць дачушку. Аднак у 1939 годзе падпанак выехаў у Польшчу і вывез з сабою Эвеліну. Засталася Бабця з Луцяю. Ніхто не ведае, колькі начэй яна праплакала, сумуючы па малодшай сваёй дачушцы, прадчуваючы, што больш ніколі яе не ўбачыць. Так яно і атрымалася.

Ліза абрывала смачныя ягадкі з чарнічніка і ўяўляла, што яны растуць высока на дрэве, як вішні, і ўжо марыла, што аднойчы сама пойдзе ў лес, сустрэне там дзядулю Рэха, а ён пачастуе яе чарніцамі.

— Ці шмат сёлета ягад? — спытала Параска.

— Даволі, толькі зеленаватыя яшчэ, — адказала Бабця.

— Прысядзьце, адпачніце з дарогі.

Жанчыны пасунуліся, Бабця з Луцяю селі. Старэйшая ягадніца адгарнула хустку, якою быў абвязаны кошык, па жменьцы пачаставала ўсіх прысутных жанчын чарніцамі. Тыя смакавалі ды нахвальвалі пачастунак.

Ліза, задаволеная, што пакаштавала смачных чарніц, вырашыла наведаць улюбёную сваю мясціну — балотца і сажалку. За некалькі тыдняў поплаў расцвіў мноствам ружовых, жоўтых і белых кветачак, дробных, ды ўсё ж прывабных і прыемных для позірку. А на ўзгорку, за якім знаходзілася сажалка, раслі іншыя кветкі: ліловыя, фіялетавыя. Ліза не ведала, як яны называюцца, бачыла іх упершыню. Прыглядалася да лісцікаў і пялёсткаў, радавалася, здзіўлялася, любавалася хараством кожнай расліны, нават простай травы, якая выганяла ўгору каласкі, што калыхаліся пад ветрам і ажно паблісквалі на сонцы. На Дняпроўскай кручы раслі іншыя зёлкі і кустоўе. Там можна было нарваць арэхаў і груш-дзічак, нават сустрэць падбярозавіка, надыбаць якую ажыніну. А з кветак раслі толькі дробныя блакітныя званочкі, белыя рамонкі ды духмяная мацярдушка.