Лізу мама на могілкі не пусціла і сама не пайшла з малым, маўляў, няма чаго дзецям рабіць сярод мерцвякоў. Пасля абеду нечакана здарылася навальніца. Сярод яснага неба раптам разгарнуліся цёмныя сувоі хмар, загрымела, забліскалі маланкі. Ліза баялася грому. Яшчэ калі жыла ў цёці Полі аднойчы так спалохалася грымотаў, што пачала заікацца. І цяпер, калі спрабуе хутка гаварыць, дык можа спатыкнуцца на нейкім складзе. Баба Малаша зачыніла юшку ў коміне, каб маланка не ўляцела праз печ у хату, моўчкі сядзела на лаве. Мама прымасцілася на запечку, схілілася над сыночкам, нешта шаптала яму. Дзіця ў калысцы ўсміхалася і матляла ручкамі.
— Вой папрэла паміж ножкамі ў малога. Трэба прысыпка, а дзе яе ўзяць? — у роспачы сказала Таіса.
— Знайшла бяду. Гондэ парахна надзяры, — адказала Малаша і пачала калупаць раму, паедзеную шашалем, скуль пасыпалася жоўтая труха.
Гром пагрозна ляскаў раз за разам, успыхвала белае святло маланак, лінуў моцны дождж, што ажно бурбалкі заскакалі па лужынках. Навальніца хутка скончылася, сціхлі грымоты, вызірнула сонца і Ліза выбегла на вуліцу, азіралася на свае сляды, якія адбіваліся на пяску. Потым крутнулася на пятцы адной нагі і намалявала прыгожы круг. Такімі кругамі ўпрыгожыла вуліцу насупраць сваёй хаты. Яна была ў тым мілым узросце, калі ні крыўды, ні смутак надоўга не селяцца ў сэрцы, а для радасці знаходзілася мноства прычын, хоць бы такая: маляваць кругі на мокрым пяску, крутнуўшыся вакол пяткі, ці збіраць кветкі на лузе, ці назіраць за жвавымі чорнымі пранікамі на балотцы. Гэтую радасць дарыла навакольная прырода, нічога не патрабуючы, а між тым забіраючы, палонячы душу сціплай і цнатлівай прыгажосцю. Лужок нават са скошанай травой застаецца прывабным са сваімі матылькамі і стракозамі, з крумканнем жаб у твані і спевамі жаваранка высока ў неба. А яшчэ ж былі першыя васількі ў жыце, а потым — жніво, калі мама брала з сабою браціка ў калысцы і жала сярпом жыта...
14
Лета праляцела хутка. Аднойчы Ліза прыйшла да Бузюмішыных дачок пагуляць і ўбачыла, што Маня збіраецца ў школу. Гэтая навіна вельмі ўсхвалявала юную госцю. Хоць яна была равесніцаю з самаю малодшаю Нінаю, але вырашыла таксама ісці і запісвацца ў першы клас, бо чытаць ужо ўмела. Пабегла дамоў, пачала хуценька збірацца. Паспрабавала абуць чаравікі. Яны аказаліся цесныя: за лета на волі ступні выраслі. Ліза абула бліскучыя гумавыя боцікі. Узяла пад паху буквар і выбегла з хаты. Аказалася, што Маня яе не дачакалася і пайшла ў школу са старэйшымі сёстрамі. Ліза не разгубілася, а выправілася ў другі канец вёскі, дзе былі па хатах раскіданыя класы школы. Яшчэ здалёку ўбачыла, як хлопчык прабег па вуліцы са званком, склікаючы дзяцей на першыя ў навучальным годзе заняткі. Першакласнікаў паставілі ў радок. Ліза ўбачыла Маню Бузюмішыну і стала побач з ёю. Новых вучняў павіншавалі з пачаткам новага жыцця, раздалі букеты кветак. Лізе дастаўся вялікі прыгожы букет з аксамітак і рамонкаў. Потым малых павялі ў клас і дазволілі сесці за парты. Малады і прыгожы настаўнік агледзеў новых сваіх выхаванцаў і ўбачыў, што адна маленькая дзяўчынка плача, спытаў у яе:
— Што здарылася?
— Мне кветак не далі, — усхліпваючы, адказала малая.
Настаўнік узяў Лізін букет, які яна паклала на парту, і аддаў плаксе. Лізе было шкада кветак, але яна не стала плакаць. На поплаве кветак поўна, можна колькі хочаш нарваць. Г алоўнае, што яе прынялі ў школу. Цяпер яна навучыцца пісаць і пашле ліст цёці Полі, дзеду і дваюраднаму брату Віцю.
Настаўнік сказаў, што яго завуць Вячаслаў Уладзіміравіч, паўтарыў некалькі разоў, а дзеці — услед за ім. А пасля пачаў называць па прозвішчах і імёнах вучняў, а яны адгукаліся і ўставалі з-за парты. Лізы ў тым спісе не было. Настаўнік спытаў, як яе завуць.
— Селіч Ліза, — адказала дзяўчынка.
Настаўнік дапісаў яе прозвішча ў вялікі тоўсты сшытак, пагутарыў з дзецьмі, спытаў, якія гарады яны ведаюць. Ліза назвала найбольш гарадоў, бо нягледзячы на свой малы ўзрост, ужо шмат паездзіла. Настаўнік пахваліў яе, а пасля адпусціў дзяцей дамоў, папярэдзіў толькі, каб заўтра прынеслі з сабою сшыткі і алоўкі.
Шчаслівая Ліза вярнулася дахаты і сказала здзіўленай маме, што яна запісалася ў школу, заўтра раніцай ёй трэба ісці на заняткі, а для гэтага неабходны сшытак і аловак. Аловак знайшоўся, сшытак — таксама, хоць ён быў ужо распачаты, бо Таіса выдрала з яго два лісты, калі пісала пісьмо Аўдзею, а торбы не было. Маці знайшла маленькую вышытую навалачку, якую ёй некалі падаравала прыяцелька, прышыла дзве ручкі — і праблема вырашылася.