Два дні хадзіла Ліза ў школу, і кожны раз настаўнік усё пытаў, як яе завуць і нешта пазначаў у сваім сшытку, быццам прозвішчы ўсіх іншых дзяцей ён ведаў, а Лізіна ніяк не мог запомніць. А ўвечары завітаў да іх дамоў. Спытаў, чаму Лізы няма ў спісе першакласнікаў. А калі дазнаўся, што дзяўчынцы толькі шэсць гадоў, здзівіўся:
— Навошта малую выправілі ў школу?
— Яна сама пайшла, — адказала Таіса.
Тады настаўнік спытаў:
— Ці хочаш ты, Ліза, вучыцца?
— Хачу.
— Што ж, няхай пакуль вучыцца, а там пабачым, — адказаў настаўнік. — Разумееце, дзяўчынка малая, можа не справіцца з праграмай, давядзецца адлічваць. Гэта будзе непрыемна ўсім: ёй, вам, мне.
— Справіцца, яна ўжо і чытаць даўно навучылася. Вось яе буквар і кніжкі, якія мая малодшая сястра прыслала. Ліза іх ужо шмат разоў прачытала.
— Ну, калі так, дык мне ўсяго працы застаецца, што навучыць яе пісаць.
Размаўляючы з Таісай, Вячаслаў Уладзіміравіч пачуў знаёмы дыялект, і
спытаў, скуль яна родам. Высветлілася, што яны землякі. І тут паплылі згадкі пра радзіму, а Ліза тым часам выслізнула з хаты, каб расказаць Бузюмішанай Мані, што настаўнік сядзіць у іх у хаце, размаўляе з мамай, што ён прыехаў таксама з вёскі, якая стаіць на Дняпры.
На наступны дзень настаўнік больш не пытаў у Лізы яе прозвішча, яна сапраўды стала вучаніцаю першага класа, старалася пісаць, як паказваў Вячаслаў Уладзіміравіч, і маляваць. Калі пасля заняткаў Ліза з Маняю вярталася дамоў, іх перастрэў Банадысін індык, вялізны, ростам з першакласніц, страшны, з чырвонаю галавою і барадою. Калі ён выцягнуў шыю, пайшоў у наступ на Лізу і наважыўся дзюбнуць яе, тая адбілася торбаю. Тады індык кінуўся ў атаку на Маню, яна спалохалася, заенчыла, затуляючыся торбаю. Ліза кінулася на дапамогу сяброўцы і адбіла яе ў разгневанай і зламыснай птушкі. Індык павярнуўся і пачаў пагражаць Лізе. Зноў дзяўчынка размахвала торбаю, баронячыся ад нахабнага драпежніка. Індык убачыў, што Ліза не баіцца яго, кінуўся палохаць Маню. Так-сяк разам яны адбіліся ад лютага індыка і пашыбавалі дамоў, разважаючы, што ў наступны раз трэба хадзіць асцярожней, каб зноў не ўвязацца ў непатрэбную бойку.
Дома Ліза нікога не застала. Дзверы былі на замку. Яна села на прызбе і стала чакаць, малюючы дубчыкам на зямлі кветкі. У двор увайшоў худы і высокі міліцыянер у шапцы з чырвоным аколышкам, даўганосы, як той індык, з якім давялося сёння біцца Лізе.
— Дзе твае ўсе? — спытаў ён
— Не ведаю. Я толькі са школы прыйшла.
Міліцыянер уцягнуў паветра носам, патузаў за замок, пазаглядваў у занавешаныя вокны, плюнуў пад ногі і пайшоў з двара. Ліза недаўменна правяла яго позіркам і зноў пачала маляваць на пяску, раздумваючы, чаго гэты дзядзька прыходзіў. Хвілін праз колькі з’явілася баба Малаша, сказала, насцярожана выглядваючы за вароты:
— Пайшоў міліцыянт.
— Ага, — адказала Ліза.
— Халера яму ў бок.
Малаша пастаяла ў двары, нарэшце супакоілася і паклікала Лізу.
— Папалуднуеш і будзеш вартаваць, каб міліцыянт зноў не вярнуўся.
Ліза ўвайшла ў хату, убачыла ля печы самагонны апарат і здагадалася,
чаму баба баялася міліцыянта. Ён забараняў людзям гнаць самагонку. Звычайна самагонку гналі па начах, а баба чамусьці вырашыла зрабіць гэтую справу ўдзень, і ледзь не папалася. На запечку сядзела мама і калыхала браціка.
— Цябе баба замкнула? — спытала Ліза.
— Замкнула. А што ў цябе міліцыянер пытаў?
— Дзе ўсе?
— А ты што?
— Нічога. Я нічога не ведала.
— Ты ж нікому не кажы, што баба самагонку гоніць. Нам гарэлка трэба, каб ахрысціць браціка, куму з кумам пачаставаць.
— Добра, дабра, — пагадзілася Ліза, а сама падумала, ці ж яна не разумее, што міліцыянту нельга праўду казаць, магла б і не папярэджваць.
15
Аўдзей вярнуўся з заробкаў толькі ў лістападзе, прывёз паўтоны пшаніцы ды трохі грошай. Усё ж лепш чым нічога. Відно было, што засумаваў па сям’і. Гэта цешыла Таісу. Першыя дні яны амаль не разлучаліся. Нават калі спатрэбілася намалоць жорнамі мукі, ён сабраўся памагаць жонцы.
— Ідзі яшчэ і за хлеў за яе, — злосна сказала Малаша сыну.
Яна сама не бачыла спачування ад свякрухі, не мела дапамогі ад хворага мужа, таму не спачувала нявестцы. Была перакананая, што ў гаспадарцы, кожны валачэ свой воз сам на колькі стае моцы.
Жорны мела Дамінка, да яе і накіраваліся Аўдзей з Таісаю. На замес цеста трэба было перамалоць два вядры зерня. Хлеб пяклі раз на тыдзень і захоўвалі ў каморы, каб чарсцвеў і меней з’ядаўся. Павіталіся з гаспадыняю, перакінуліся словам ды заняліся справаю. Круцілі ўдваіх цяжкія жорны, размаўлялі. Яна расказвала пра дзяцей, пра тое, як хрысціла сына, што баба Параска дала памідораў і гуркоў, дык стол атрымаўся, як на яе думку, прыгожы і быццам багаты. Не мела чым аддзячыць добрай суседцы, дык аддала Лізіну ляльку яе ўнучцы.