Праз два гады Таіса атрымала пашпарт, пайшла шукаць якую працу. Дзіўным чынам звёў яе лёс зноў з Г аўрылам Норыкавым, які ўзяў яе да сябе касірам. У яе службовыя абавязкі ўваходзіла забіраць выручку ў сельскіх крамах і здаваць на пошту або прывозіць у райцэнтр. Праца гэтая была па тым часе вельмі небяспечная. У лесе хаваліся зламысныя людзі, якія рабавалі крамы. Не раз даводзілася ў райцэнтр вяртацца пешкі праз лес з грашыма. Гаўрыла Васільевіч на правах начальніка апекаваўся дзяўчынаю, нават занадта, называў дачкою, стараўся паехаць з ёю ў якую далёкую вёску, каб там разам заначаваць. Але Таіса, прадбачачы ягоную асаблівую зацікаўленасць, не звяртала ўвагі на залёты начальніка і ніколі не заставал ася нанач, старалася любым спосабам вярнуцца дамоў. У адну з такіх начовак, калі яна пайшла дамоў адна, а Гаўрыла заначаваў у вёсцы разам з упаўнавжаным з раёна ў хаце старшыні калгаса, лясныя людзі абрабавалі тутэйшую краму, пастралялі ўпаўнаважанага і старшыню, а Ганя ўцёк праз акно. Потым яго яшчэ шмат разоў дапытвалі, але доказаў яго вінаватасці не знайшлі, таму адпусцілі. Паколькі на Норыкава ўпалі падазрэнні праваахоўных органаў, ён палічыў за лепшае памяняць месца працы, але папярэдне накіраваў Таісу на бухгалтарскія курсы ў Брэст. Яму вельмі падабаўся яе почырк, наогул лічыў яе здольнаю да навукі, аднак пасля курсаў не дазволіў вярнуцца на ранейшае месца працы, а тым больш працягваць вучобу, прымусіў узяць з ім шлюб. Пачалося яе новае жыццё. Хоць два гады яна працавала побач з гэтым чалавекам, а, як акзалася, зусім не ведала яго. Ён не біў яе, як Аўдзей, але ўмеў паставіць на калені, прынізіць, схлусіць, схаваць заробак. Ды і наўрад ці яна, маладая, магла здагадвацца пра ягонае двайное жыццё. Хаця, мусіць, кожны мужчына ўмее адваяваць сабе права на пэўную частку вольнага і незалежнага ад сям’і жыцця. Ды Бог з ім, тым Ганем. Што здарылася з Аўдзееем? Быў жа такім шчырым і добры хлопцам. І раптам азвярэў, страціў сябе. Усё гарэлка вінаватая. І беспрацоўе. Ад няма чаго рабіць чалавек губляе розум і ўсё лепшае ў сабе.
18
Тры дні Таіса хварэла, увесь гэты час у хаце панавала цішыня. Яна не папракала Аўдзея, думала, што ён і сам зразумеў сваю віну. Малаша прытрымлівалася нейтралітэту. Часам толькі малы сын капрызіў ці пачынаў штонебудзь прасіць:
— Нянь кука! — прамаўляў ён, і ўсе разумелі, што дзіця просіць цукру, самага найвялікшага ласунку па тым часе.
Ліза таксама нікому не назаляла. У свае шэсць гадоў яна была даволі самастойная, сама спраўлялася з хатнімі заданнямі, моўчкі нешта чытала ці пісала, а пасля вячэры ўсе рана клаліся спаць. Аднойчы ноччу Ліза абудзілася ад спеваў, калі прыслухалася, а потым падняла галаву і зірнула з печы, дык у святле лямпы ўбачыла дзецюка, які хадзіў па хаце і спяваў: