Наш Канстанцін бярэ гітару
І ціхім голасам пяе.
Па тым, як да яго звярталася баба Малаша, Ліза здагадалася, што гэта прыехаў Кандрат, малодшы татаў брат. Апрануты ў вайсковую форму і абуты ў кірзачы ён стараўся маршыраваць па хаце быццам на вайсковым пляцы, але, мусіць, быў п’янаваты, бо хіліўся ў адзін ці ў другі бок. Ноздры шырокага носа раздуваліся, як у каня, выгляд ён меў даволі ваяўнічы. На стале стаяла пустая пляшка з-пад самагонкі і талерка з закускаю. Сям’я святкавала вяртанне роднага чалавека, а гэта была радасная падзея.
Нарэшце ўсе Малашыны сыны былі дома, даўно яна не пачувалася так спакойна і ўпэўнена. Радавалася, што Кандрат вярнуўся з войска раней належнага тэрміну, зламаў руку, і яго камісавалі. Да вайны Малаша наракала на лёс, што рана засталася ўдавою, а пасля, калі амаль усе мужчыны палеглі на чужыне, а мноства жанчын аўдавела, яна перастала крыўдаваць на долю. Выгадавала дужых і здаровых сыноў, тым і была задаволеная.
Раніцай, калі яшчэ было цемнавата на дварэ, Ліза выправілася ў школу. За ноч намяло яшчэ больш снегу. Дзяўчынка пакрысе сунулася па цаліку, правальваючыся па калена, што нават і ў валёнкі набілася снегу. Ён памалу раставаў і мачыў панчохі і ногі. Пасля недаспанай ночы яна пачувалася млява, пабойвалася, што спозніцца на заняткі, але ісці хутка не магла, не было сіл. Яшчэ заставалася прайсці хат пяць, як яна пачула гукі званка, нейкі хлопчык бег па вуліцы і абвяшчаў пачатак заняткаў. Каля школы была пратаптаная сцежка, па ёй Ліза подбегам кінулася ў тую хату, дзе размяшчаўся першы клас. Аднак спяшалася дарма, настаўніка ў класе не было. Потым прыйшла бабуля Анішчыха, у чыёй хаце займаліся дзеці, і сказала, што заняткаў, мусіць, не будзе. Моцна перамяло дарогу, таму настаўнік не здолеў прыехаць, але параіла пачакаць трохі. Узрадаваныя першакласнікі, не апранаючы світак, пабеглі на вуліцу. Хлопчыкі закідалі дзяўчынак снежкамі, і тыя разбегліся, пахаваліся, хто куды. Ліза з Маняю прытаіліся ажно за Анішчышынай клуняю, спыніліся аддыхацца ля агароджы з жэрдак. Адсюль былі добра відаць могілкі, парослыя высокімі дрэвамі. На ўскрайку сядзела жанчына.
— Хто гэта там ? — спытала Ліза, прымхліва паглядваючы ў бок могілак.
— Мар’яся! Мусіць, вошы б’е, — адказала Маня.
— А чаму яна тут?
— Дурная яна, не з нашай вёскі. Ходзіць па старцах... Холодна, пабеглі ў хату.
Баба Анішчыха сядзела на печы і вязала шкарпэткі, вакол яе, бы кураняты вакол квактухі, сабраліся дзяўчынкі. Нешта пыталі, нешта расказвалі. Ліза з Маняю таксама ўскараскаліся на цёплую печ, грэліся, пазіралі ўніз, дзе мітусіліся хлопцы, якія ўжо добра прамерзлі, але не адважваліся ўбівацца ў дзявочую кампанію.
Ліза шкадавала, што настаўнік не прыйшоў. Яна любіла глядзець на яго, калі ён тлумачыў заданні ля дошкі, калі вучыў маляваць, а асабліва, калі браў у рукі балалайку, схіляўся над ёю, пасма валасоў прыгожа падала на лоб, а ягоныя пальцы выціналі дзівосныя гукі. Лізе і ўсім дзецям таксама хацелася вось гэтак жа аднойчы зайграць, каб увесь свет заскакаў ад радасці. Яна ўяўляла, як Вячаслаў Уладзіміравіч спяшаецца па высачэнных гурбах да іх і спачувала яму.
— Баба, раскажы казку, — папрасіла Маня.
— Якую казку? Хіба такую: жыў чалавек Івашка, была ў яго чорная рубашка, на галаве белая шапка. Ці добрая мая казка?
— Добрая, — сказалі дзеці.
— Калі добрая, дык слухайце зноў: жыў чалавек Івашка, была ў яго белая рубашка, на галаве чорная шапка. Ці добрая мая казка?
— Не! Благая! — нездаволена закрычалі дзеці.
— Калі вам мая казка не спадабалася, дык і расказваць больш не буду, — заўпарцілася бабуля.
У гэты час прыбег вучань са старэйшага класа і адпусціў першакласнікаў дамоў. Хлопцы пахапалі свае світкі і торбы, ды пабеглі дахаты. Дзяўчынкі таксама не затрымаліся, толькі Ліза ўсё сядзела ля бабы Анішчыхі і назірала, як шпарка рухаюцца пруткі, на якіх яна вязала шкарпэткі, нават не азвалася, калі яе паклікала Маня, каб ісці разам дахаты. Тут, на чужой печы, было цёпла і ўтульна, можна было назіраць за старою Анішчыхаю, яе шэрым катом, а для Лізы гэта быў самы цікавы занятак.
Дамоў яна вярнулася пазней, чым заўсёды. Яшчэ ў двары пачула крыкі, якія даляталі з хаты. Калі ўвайшла ў пакой, убачыла, што тата і баба Малаша стараюцца ўтрымаць п’янага Кандрата. А ён узняўся, бы свечка, уніз галавою паміж лаваю і сцяною ў куце. Яго ўсё ж пакацілі на падлогу, звязалі рукі і ногі, пакінулі ляжаць на лаве.