Выбрать главу

— Ох, і дурань жа наш Бурса, — з палёгкаю ўздыхнуў Аўдзей.

Малаша нічога не адказала, толькі моўчкі палезла на печ. Свайго Кандра-

та яна добра ведала. Рос ён задзірысты, часта з хлопцамі біўся, а калі сам не спраўляўся, ратавацца заўсёды бег да маці. Цяпер ёй самой давялося ўтаймоўваць яго, неспакойны хлопец, але ва ўсім гарэлка вінаватая, надае чалавеку дурноты. Трэба мець меру, п’ючы, не губляць галаву, тады не будзе турбот. Але ж мужчыны не ведаюць меры, ім здаецца, што могуць мора выпіць, ды памыляюцца. Што зробіш, без гарэлкі чалавеку ніяк не пражыць. Яна лекамі служыць для цела і весяліць душу. На ёй можна зарабіць, прадаўшы колькі пляшак. Не, без гарэлкі людзі наогул загінуць. Так думала Малаша, лежачы на печы і дрэмлючы пасля перакалочанай ночы.

З гэтага дня ў яе хаце ніколі не было ні спакою, ні цішыні. Штодня да Кандрата прыходзілі сябрукі, а потым яны разам ішлі на вячоркі, пасля якіх ён вяртаўся пад ранне, мокры, вымазаны ў гной. Ягоны салдацкі шынель не паспяваў высахнуць, і тады Кандрат прасіў у Таісы на вечар новую ватоўку, якую Аўдзей атрымаў, працуючы з геолагамі. Маладзіца, даючы апратку, папярэджвала хлопца, каб не вымазаў. Ён кляўся і бажыўся, што прынясе рэч такою, якою ўзяў, аднак пад ранне зноў вяртаўся п’яны і брудны.

— Што ты рабіў? — абуралася і здзіўлялася Таіса.

— Любіўся са Стэпаю Сабакароваю ў хляве, — пасмейваючыся, адказваў Бурса.

— Якая дзеўка — такое і каханне.

Стэпа ўрадзілася не вельмі разумная і знешне брыдкая. Па прыроднай наіўнасці ні аднаму хлопцу не адмаўляла ў любошчах, бо верыла, што і для яе Бог падрыхтаваў пару, трэба толькі сустрэць нарачонага ды пакахаць. Тыя дзецюкі, якім занадта карцела зведаць асалоду з жанчынаю, пераступалі праз сумленне і прыстойнасць, запэўнівалі Стэпу, што кахаюць, карысталіся даверлівасцю, а потым пакідалі яе. Мусіць, нездарма маці-прырода пасылае на вёску адну такую неразумную дзеўку, каб моладзь спасцігала, што добра, а што дрэнна. Калі ты папускаешся, што цябе абдурваюць, дык і сам ты дурань.

— Чаму ж ты якую добрую дзеўку сабе не падбярэш? — пыталася Таіса.

— Мая дзеўка яшчэ не вырасла, — адказваў Кандрат і хітравата падміргваў ёй, а сам думаў: «Куды я прывяду жонку, калі тут поўная хата люду, бы прусакоў? Але ж ёсць завядзёнка, што малодшы сын застаецца ў бацькавай хаце, дык гэта хата мая. А розныя чужынкі няхай едуць туды, скуль прыехалі...»

19

Па радыё штодня расказвалі пра стаханаўцаў, якія абжывалі цаліну, а заліхвацкая песня пра цаліннікаў гучала шмат разоў на дзень:

Ой ты, дорога длинная,

Здравствуй, земля целинная,

Здравствуй, простор широкий,

Весну и молодосць встречай мою.

Гэтая песня прымушала Таісіну душу хвалявацца і думаць пра тое, куды паехаць з гэтага гіблага месца. Але з двума дзецьмі не рынеш у свет абы-куды. Трэба мець хоць нейкую гарантыю, што там дадуць жытло і працу, за якую будуць плаціць. Інакш які сэнс мяняць шыла на мыла? З вёскі год таму паехаў Антось Самота з вялікаю сям'ёю: пяцёра дзяцей сваіх ды жончына сястра з двума дзецьмі. Дайшлі чуткі, што няблага яны ўладкаваліся, атрымалі калгасную хату, дарослыя працуюць, ядуць белыя булкі, на працадні атрымліваюць грошы, зерне і нават кавуны, якіх у Лядах ніхто не бачыў. Таіса знарок пайшла да Антосевага брата, распытала, як туды ехаць і пачала рыхтаваць мужа да перамены месца жыхарства. Але выпадкова Аўдзей сустрэў Прохара з Янавічаў, які хваліўся, што летам ездзіў у Данецкую вобласць і вельмі добра зарабіў у калгасе, назваў адрас. Таіса лёгка пагадзілася з меркаваннем Аўдзея, што трэба ехаць менавіта туды, дзе так пашанцавала Прохару. Калі Малаша пачула пра гэтую нявестчыну ідэю, толькі сказала пагардліва: «Так і будзеце ездзіць, бы цыганы».

Але ні Таіса, ні Аўдзей не збіраліся з ёю раіцца, у іх было ўласнае жыццё, якое яны мелі намер пражыць самастойна, без аглядкі на нечыя меркаванні. Знайшлася яшчэ адна сям’я, лёгкая на пад’ём, Колькі Смаленца. Яны перасяліліся ў Ляды адразу пасля вайны разам з бацькамі. Вялікага шчасця смаленцы тут не знайшлі, але ім далі хату нейкага гаспадара, якога выслалі як кула­ка. Старыя бацька і маці на чужыне не зажыліся, застаўся адзін сын. І хоць яму цяпер было ўжо недзе пад трыццаць, усе ў Лядах інакш, як Колькам, яго не клікалі. Каб не памерці з голаду, асірацелы хлопец ажаніўся са стараватаю ўдавою, якая мела дарослую дачку і сына падлетка, а потым яшчэ нарадзіла двое дзетак ад Колькі.

Настаў дзень, калі Аўдзей і Смаленец пагрузілі свае транты на Ленікаву машыну, самі з сямейнікамі селі ў кузаў. Развітацца прыйшлі суседзі. Баба Параска ўсунула ў рукі Таісы нейкі пакунак, сказала, што кавалак сала на дарогу. Калі яны яшчэ там заробяць! Баба Настуля таксама нешта дала Таісе. Сусед Клем назіраў з-за плота за гэтаю развітальнаю мітуснёю і думаў пра тое, як добра, што ён жыве ў сваёй хаце і нікуды яму не трэба ехаць. Нават тады, калі яго хацелі забраць на вайну, ён схаваўся ў клуні і некалькі месяцаў не паказваўся на людскія вочы. Але яго ўсё роўна знайшлі, мо хто са сваіх данёс? Яго выгналі са схованкі чырвонаармейцы, звязалі рукі за спінаю, правялі праз сяло. Але ніякае ганьбы Клем не адчуваў, толькі страх на той момант панаваў у ягонай душы. Яго патрымалі ў турме, але хутка адпусцілі, бо за тыя месяцы, пакуль ён хаваўся, яго ўзрост павялічыўся роўна на столькі, што Клем стаў непрыдатным для службы ў войску. Пасля і вайна скончылася. Клем вярнуўся. І лічыў, што яму пашанцавала больш, чым тым лядчукам, якія палеглі ў баях на тэрыторыі Заходняй Еўропы.