Выбрать главу

Ужо седзячы ў кузаве машыны, Аўдзей выпадкова сустрэўся са спачувальным Клемавым позіркам, згадаў, як той на пытанне Аўдзея пра жыццё, аднойчы адказаў, сёрбаючы зацірку з лустаю хлеба: «Нічога, жывём, хлеб з хлебам ем!» — «Мо і я цяпер буду есці хлеб з хлебам», — усміхнуўся сам сабе ў думках Аўдзей.

Малаша і Кандрат памахалі родным рукамі на развітанне. Машына паімчала па дарозе, абапал якой слалася пустое красавіцкае поле, а потым уехала ў лес. Сосны лапамі чапляліся за барты машыны, быццам прадбачылі нешта благое і хацелі затрымаць, але дарэмныя былі іхнія намаганні.

Да Данбаса перасяленцы дабіраліся цягніком з перасадкаю ў Харкаве. Рэчы адправілі багажом. У Харкаў прыехалі раніцай, цягніка ў напрамку Данецка трэба было чакаць да самага вечара. Час цягнуўся марудна. Мужчыны хадзілі глядзець горад, а жанчыны бавілі час пры дзецях. Лізе найбольш спадабалася хадзіць у прыбіральню, дзе невядома як і чаму раптам лілася вада ў чорную дзірку. Яна шмат разоў хадзіла туды і ніяк не магла зразумець, як уладкавана гэтае дзіва. Яе заўсёды цягнула да вады. Калі яны жылі ў Сібіры, хоць Ліза амаль нічога не помніла, але адзін малюнак застаўся ў памяці: яна сядзела на кладцы, звесіла ногі ў ваду і пялёхалася. На беразе пасвіліся коні, свяціла сонца, так ціха і спакойна навокал, што, здавалася, можна тут гуляць да самага вечара. Потым, калі жылі ў дзедавай вёсцы на Дняпры, магутная і прыгожая рака заўсёды была перад вачамі. Ды і ў Лядах яна знайшла прыгожую балотную ручаіну, зарослую лотаццю, і цагельню. Ёй цікава было, якая ж рака будзе ў тым новым месцы, куды яны едуць? Аднак сваю цікаўнасць дзяўчынцы задаволіць не ўдалося. Калі яны выйшлі раніцай на патрэбнай станцыі, адразу тата з дзядзькам Колькам пайшлі шукаць калгас, дзе яны маглі б уладкавацца на працу. Жанчыны зноў засталіся на вакзале. Малы Лізін брат ужо не прасіў «кука» — цукру, цяпер ён патрабаваў: «Дай цюпці», што на ягонай дзіцячай мове азначала «дай супу». Дзе было ўзяць той суп на вакзале і за якія грошы?

Таіса выйшла на прывакзальную плошчу, пашыбавала да першай хаты, пастукала ў вароты. З’явілася гаспадыня, нездаволена спытала:

— Што трэба?

— Можа, дасце дзіцяці трохі супу. Мы ўжо трэція суткі ў дарозе...

— Бог падасць, — адказала маладзіца і ляпнула весніцамі.

— Тут зімою снегу не дапросішся, — сама сабе сказала Таіса, але накіравалася да другой хаты, спадзеючыся, што свет не без добрых людзей.

Сапраўды, у наступнай хаце стараватая цётка дала супу не толькі малому, але Лізе і Таісе, ды яшчэ распытала, куды яны едуць, паспачувала, што сям’я з такімі малымі дзецьмі мусіць вандраваць па свеце ў пошуках лепшае долі. Ад гэтае спагады і разумення ў Таісы адлягло ад сэрца, і яна пачала думаць, што ўсё ў іх будзе добра.

Мужчыны вярнуліся ўвечары з дрэннаю навіною. На працу нідзе не бяруць. Пабедавалі, параіліся і вырашылі ехаць да Антося Самоты. У крайнім выпадку хоць будзе дзе спыніцца на першым часе. Узнікла пытанне, як быць з багажом, заадрасаваным на гэтую станцыю.

— Пойдзем праверым, раптам багаж ужо тут, — прапанавала Таіса, якой не хапала ніякай цярплівасці жыць у невядомасці.

— Не мог ён так хутка прыйсці. Мы, як пасля вайны ехалі, дык багаж атрымалі толькі праз два тыдні, — сказаў Колька.

— Тое было даўно, цяпер іншы час.

Колькава жонка маўчала, яна ўпершыню ў жыцці выправілася ў далёкую дарогу і адчувала сябе надта няўпэўнена, бо добра ведала толькі сялянскую працу, а вандроўкі яе палохалі невядомасцю і стратамі. Аўдзей пагадзіўся, што сапраўды варта праверыць багаж, павінна ж хоць у нечым пашанцаваць. На агульную радасць, багаж аказаўся на месцы, яго неадкладна пераадрасавалі і ў той жа вечар рушылі ў Днепрапятроўскую вобласць. Ліза пачула назву і ўзрадавалася: мусіць, там таксама цячэ Дняпро, любімая рака. Зноў можна будзе глядзець на яе з гары, спускацца ўніз да берага, прадзіраючыся праз зараснікі лазы, ажыны, хмелю, каліны...