Выбрать главу

Раніцай яны былі ўжо ў райцэнтры Сафіеўка, усяго за тры кіламетры ад вёскі Зялёны Кут, дзе жыў Антось Самота. Зноў мужчыны пайшлі, як яны казалі, на разведку, а гадзіны праз дзве прыехалі на возе са сваім усмешлівым земляком. У Антося была надта прыгожая ўсмешка, як цяпер кажуць, — галівудская. Як яму ўдалося захаваць свае прыгожыя зубы, яго ж падлеткам вывозілі немцы на прымусовую працу ў Германію, дзе ён галадаў. Мабыць, парода такая нязводная ды прывабная. Усе вандроўнікі селі на воз і паехалі па шырокай вуліцы з белымі хатамі, крытымі саломаю, шыкоўна аздобленай бела-ружовымі абрыкосавымі дрэвамі, якіх беларусы засталі ў самую пару квітнення. Сюды вясна прыходзіла значна раней. Насустрач ехала вялізная арба. Вандроўнікі ўпершыню бачылі такі незвычайны воз з адкіднымі жалезнымі драбінамі.

— Салому на такіх возяць, — патлумачыў Антось. — Вельмі зручна, не трэба вяроўкамі абвязваць, як у нас.

Мужчыны пагадзіліся, прыкідваючы, што сапраўды вельмі зручная гэта рэч — арба. Але ў Беларусі ў ёй няма вялікай патрэбы, бо там такі воз спатрэбіцца мо раз на год: прывезці сена.

— Тут дроў няма, паляць у печах саломаю ды кукурузным бадыллем, — патлумачыў Антось.

— Вой, вой, дзе ж тае саломы набрацца, — схапілася за галаву Колькава жонка.

— Пшаніцы сеюць вельмі шмат. Саломы хапае ўсім, — з веданнем справы адказаў Антось. — А яшчэ топяць кізяком, наразаюць авечы гной, як у нас торф. А хаты ў іх з чаго вы думаеце? З саломы ды гліны! Наогул хахлы добра жывуць, ядуць толькі белы хлеб, на працадні атрымліваюць гародніну і садавіну, яшчэ і грашыма плацяць. Гэта ў нас галота і занядбанасць. Нічога, тут жыць можна.

Калі прамінулі высокі будынак з чырвонае цэглы, Антось сказаў, звяртаючыся да дзяцей:

— Гэта школа, будзеце тут вучыцца.

Самота падганяў каня, і хутка падарожнікі апынуліся ў вялікім неагароджаным двары, пачалі выгружаць з воза свае пажыткі. Вакол іх круціліся Антосевы дзеці. З цікавасцю лядчукі ўвайшлі ў хату і ўбачылі, што ля печы гаспадарылі дзве гаспадыні: Антосева жонка, Антоля, і яе сястра Маня. Падлога была засланая саломаю. А мэбля знаёмая: самаробны стол, лавы, запечак ды печ.

— Спім покатам на падлозе, — патлумачыў гаспадар. — Хата вялікая. Усім месца хопіць.

Пакуль жанчыны варылі бульбу, Антось прывёз з калгаснай каморы белага хлеба, кіслай капусты, яек. Паабедалі разам смачна. І зноў мужчыны паехалі з Антосем шукаць калгаснае начальства, а Ліза выправілася аглядаць наваколле, таемна спадзеючыся адшукаць Дняпро. Яна выйшла на вуліцу, агледзелася. З суседняга двара выехаў хлопчык на трохколавым веласіпедзе, такой цацкі Ліза ніколі не мела. Яшчэ калі яна была вельмі малая, ёй купілі ляльку, але пасля нараджэння брата мама аддала ляльку ўнучцы бабы Параскі Рачычанкі. Зноў кінуліся ў вочы квітнеючыя абрыкосы за агароджаю. У Самотаў саду не было і двор быў адкрыты, як душа гаспадара. Справа праз некалькі хат дзяўчынка ўбачыла доўгую няўклюдную будыніну, якая стаяла на ўзгорку, мусіць, свінарнік ці ферма. Ліза пайшла ў процілеглы бок. Яна мінула некалькі хат і апынулася насупраць канюшні. Коні тапталіся, прывязаныя да слупоў. Ліза паназірала за гэтымі прыгожымі і вялікімі жывёламі.

За канюшняю пачыналася нізінка, зарослая кустоўем. Дзяўчынка рушыла туды, каб паглядзець, што ж там расце. Пакуль ехалі ў вёску, дык толькі і бачылі бяскрайняе голае поле. Хоць бы дзе якое дрэўца парадавала душу, не кажучы пра лес. Тут яго спрадвеку не было. Калючыя галінкі кустоў пакрыліся першаю дробнаю лістотаю, а ў прагале былі бачны прыгожыя вялікія кветкі жоўтага і чырвонага колеру. Яны мелі далікатныя кубачкі, як у званочкаў, толькі значна большыя. Дзяўчынка з захапленнем пазірала на іх і ўсё спрабавала дазнацца, дзікія яны ці пасаджаныя чалавечай рукой. Занадта былі прыгожыя для таго, каб быць дзікімі. Вырашыла, што, мусіць, тут была некалі чыясьці сядзіба, а потым людзі пакінулі гэтае месца. Увогуле, у вёсцы, дзе жыў Лізін дзед, было шмат рэшткаў хат, якія згарэлі ў час вайны. Каля іх там-сям засталіся асобныя дрэвы ці кусты бэзу, а кветак не было. Асцярожна рассунула калючыя галінкі, пры гэтым балюча ўкалола пальцы, што нават войкнула ад болю, але наблізілася да кветак, прысела каля іх, кранала тонкія пялёсткі, любавалася, але рваць не стала. Няма сэнсу насіць кветкі ў чужую хату. Калі жылі ў бабы Малашы, Ліза часта прыносіла букеты, а маці ставіла іх на стол у слоік, цяпер толькі нацешылася, налюбавалася кветкамі, выйшла з кустоўя, убачыла трыснёг, здагадалася, што недзе паблізу ёсць вада. Можа, там рэчка, радасна падумалася ёй. Сапраўды, у нізінцы бегла жвавая ручаінка, пераціснутая з двух бакоў вялізнымі камянямі. Дзяўчынка села на цёплую плоць каменя, апусціла руку ў ваду, адчуваючы даланёю пругкасць струменя, пачула куванне зязюлі, спытала: «Зязюлька, зязюлька, колькі мне жыць?» І пачыла лічыць: «Адзін, два, тры... Восем. Вой, шмат!»— усцешылася малая і падумчыла, што тады ёй будзе ажно пятнаццаць гадоў.