Немаладая ўжо настаўніца, худая і знерваваная, выкладала адразу ў двух класах, першым і трэцім, пасадзіла Лізу за пустую апошнюю парту, паказала ў задачніку, якія прыклады ёй трэба рашыць, а сама пайшла да дошкі і пачала нешта тлумачыць трэцякласнікам. Ліза старанна перапісала прыклады, падрахавала і выканала заданне. У канцы ўрока настаўніца падышла да яе, праверыла працу, і сказала:
— Добрэ. Будэш вучытыся...
Ліза была радая, што яе прынялі ва ўкраінскую школу. На наступным уроку ўважліва слухала настаўніцу, але мова была нязвыклая, не ўсё разумела, што казала настаўніца. Міжвольна задумалася, згадваючы, як добра апавядаў на занятках Вячаслаў Уладзіміравіч, як хораша граў на балалайцы і спяваў! Каб яго сюды, адразу ўсё было б зразумела...
— Дывысь на мэнэ! — прагучаў незадаволены жаночы голас. — Ліза зразумела, што гэтая заўвага датычыцца яе, і перавяла позірк на настаўніцу. Але праз некалькі хвілін яна зноў згубіла ўважлівасць, згадваючы дняпроўскі бераг, дзедаву хату, цёцю Полю, па якой яна вельмі засумавала. Яе вярнуў да рэчаіснасці рэзкі голас настаўніцы, якая зноў загадала:
— Дывысь на мэнэ!
Ліза старалася да канца заняткаў больш не зводзіць вачэй з настаўніцы, хоць слухаць яе не мела сэнсу, Ліза не разумела мову, яе вуха яшчэ не прывыкла да чужой гаворкі. Дамоў яна вярталася з Наталкаю. Прайшлі вёскі Мар’янаўку і Зялёны Кут. Майскі дзень выдаўся па-летняму гарачы. За зіму Ліза падрасла, чаравікі зрабіліся малыя, абуць не было чаго, таму ў школу выправілася ў гумавых ботах, ад якіх ступакі ажно гарэлі ад спякоты. Дзяўчынка разулася і пайшла басанож па гарачай зямлі. Наталка завярнула ў бок да зялёнай ясеневай паласы, якія тут садзяць, каб абараніць зямлю ад ветравею і для затрымкі снегу зімою. Пад дрэвамі панавала прыемная прахалода. Далей дзяўчынкам належала перайсці шашу. Яны пастаялі, прапускаючы прыгожую светлую легкавушку. Машына спынілася, з яе выглянуў малады мужчына і паклікаў Наталку:
— Паедзем, дзяўчынка, з намі!
Наталка нічога не адказала яму, толькі падхапіла Лізу за руку і хуценька пашыбавала праз дарогу.
«Дзіўная гэтая Наталка, — падумала Ліза. — Калі б мне прапанавалі праехаць на такой прыгожай машыне, я не адмовілася б».
— Чаму ты з імі не паехала? — спытала Ліза.
— Як бы я тэбэ покінула? Заблукаеш одна, — засмяялася Наталка.
Ліза зразумела, што яе спадарожніца — добрая дзяўчынка, якая дбае не толькі пра сябе, а таму з ёю варта сябраваць, хоць яна і старэйшая ажно на тры класы.
Дома быў толькі тата, ён бавіўся з малым Міцькам, а як толькі з’явілася Ліза, адразу даручыў ёй займацца малодшым братам. Для яе гэта была справа звычная. Яна брала малога на рукі і ішла з ім куды-небудзь, дзе было ёй цікава самой. На хутары яе найбольш прываблівала месца каля калодзежа, там раслі дрэвы і кусты, панавала прахалода і пахла такою знаёмаю травою, якая расла ўнізе, каля самага Дняпра.
Ліза паставіла брата на зямлю, а сама найперш зазірнула ў калодзеж, потым агледзелася, шукаючы дзе якіх кветак. Убачыла рамонкі, сарвала колькі каліў, села ў цяньку, разглядвала белыя пялёсткі ды жоўтую сярэдзінку. Як дзіўна ўсё ўсталявана ў гэтым свеце. Кожная кветка прывабная па-свойму. Скуль яны бяруцца? Самі сеюцца, самі растуць. Лізе хацелася б сабраць і пабачыць усе кветкі на свеце. Які вялізны атрымаўся б букет! Але дзе ж ты аб’едзеш увесь свет? Хіба толькі на самалёце. І дзяўчынка міжвольна падумала, што аднойчы яна стане лётчыцай, будзе лётаць з краіны ў краіну і разглядваць, якія там растуць кветкі. Занятая сваімі марамі, яна зусім забылася пра малодшага брата, які на той час ужо з вялікім задавальненнем тупаў па лужыне. Сандалікі ягоныя зрабіліся чорныя ад мулу. Ён не ўтрымаўся на нагах, чарназём прысмактаўся да падэшваў. Міцька хлюпнуўся ў лужыну азадкам і захныкаў. Ліза падхапілася, узяла брата на рукі і панесла дамоў адмываць. Тата абчэсваў у двары нейкага калка. Калі ўбачыў вынікі Лізінай прагулянкі з братам, строга спытаў: