Выбрать главу

— Чаму не ўпільнавала?

— Не ведаю. Ён сам.

— Каб другі раз лепш брата даглядала, я табе зараз дам паска. Якіх табе лупсякоў, гарачых ці халодных?

Ліза маўчала, нічога не адказвала. Тата яе ніколі не біў, таму яна не надта верыла, што нешта нядобрае можа здарыцца з ёю цяпер.

— Ідзі, кладзіся на ўслона, чаго стаіш?

Ліза была занадта паслухмяная, для таго каб не выканаць загад. Яна пайшла ў хату, легла спінаю дагары.

— Пяць халодных, — сказаў тата, беручы паска, і пяць разоў сперазаў Лізу.

Ёй не балела, лупсякі былі халодныя, але яна перажыла момант прыніжэння і сораму. Не магла глядзець на тату, не адчувала сваёй віны, бо хто гэтага Міцьку ўпільнуе, калі ён заўсёды абы-куды лезе, нават мама часам не можа яго ўтаймаваць.

Яна выйшла на двор, села пад вялізным абрыкосам і сказала сабе: «Больш ніколі не дазволю біць сябе! Ніколі! Ён несправядлівы, не любіць мяне. За свайго Міцьку гатовы невядома што зрабіць. Таму што не родны тата, чужы. А дзе мой сапраўдны тата? Чаму ён не шукае мяне? « Яна згадала той час, калі была яшчэ зусім малая, жыла з цёцяю Поляю. Суседкі часам пыталіся, дзе яе тата. Ліза адказвала: «Сабакам сена косіць». Дарослыя смяяліся. А малая ўяўляла зграю вялізных сабак, якім трэба вельмі шмат сена. Тата косіць і косіць ды ніяк не можа адарвацца ад гэтай справы. Цяпер Ліза разумела, што гэта быў толькі жарт. Няма сена і сабак. Тата ажаніўся з іншаю цёткаю, у яго, мусіць, нарадзіліся іншыя дзеці, і яму няма ніякае справы да Лізы. А каб і хацеў, дык дзе ён яе знойдзе? Скуль яму ведаць, што яна жыве ў стэпе. Зямля вялікая, вунь колькі гарадоў і вёсак. Не злічыць!

21

Аўдзею знайшлася праца на свінаферме. Далі яму каня, даручылі падвозіць камбікорм. Абяцалі плаціць натураю і грашыма. Праца яму падабалася, ён нават падумаў, што Харунжы, мусіць, не даверыў бы яму каня. А калі б і пусціў працаваць на свінарнік, дык толькі задарма гной выкідваць. Мо і няблага зрабілі, што прыехалі сюды. На працу прынялі, прапаноўваюць застацца назусім, абяцаюць у хуткім часе даць добрую хату. Прынамсі, да восені яны выселяцца з гэтае развалюхі без даху, столі, у якой у час дажджу цячэ, а таму даводзіцца расстаўляць па падлозе міскі.

На хутары жылі пераважна старыя людзі, але было некалькі незамужніх дзяўчат і халастых хлопцаў. Моладзь збіралася гуртам, хораша спявала. Таіса выходзіла на іхнія галасы ўжо прыцемкам, калі засыналі дзеці, і прасіла:

— Праспявайце «Падмаскоўныя вечары».

Дзяўчаты з задавальненнем і душэўнасцю выконвалі заяўку, бо гэтую песню ведалі ўсе. Недзе ў Маскве павінен быў адбыцца Міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў, па радыё гэтая песня гучала па некалькі разоў на дзень. Словы ведалі амаль усе — ад малога да старога. Да калгаснага клуба было далёка, пяць кіламетраў туды ды пяць назад, адпрацаваўшы дзень на полі, не захочаш такіх прыгод, таму хутаранская нешматлікая моладзь бавіла час, як магла, дома на родных падворках.

Аўдзей вечарамі да пазна праседжваў з тутэйшымі дзецюкамі, гуляючы ў карты. Асабліва часта пачаў хадзіць да двух братоў, якія жылі ў хаце насупраць са старымі бацькамі і малодшай сястрой Аксанай. Дзяўчыне было гадоў дваццаць шэсць. Чарнявая смуглянка з цёмнымі, як ноч, вачамі, зацікаўлена паглядвала на Аўдзея. Ён лавіў на сабе цнатлівыя дзявочыя позіркі і разумеў, што гэтая дзяўчына не супраць прыгарнуцца да яго, свежага чалавека на хутары. Свае хутаранскія хлопцы ці ёй не падабаліся, ці яна іх не цікавіла. Ды і колькі іх тут? Выбар невялікі. Калі ніхто з братоў не бачыў, ён падміргваў дзяўчыне, а яна шчасліва ўсміхалася. Так завязаўся іхні маўклівы і дужа прыязны дыялог. Доўжыўся ён тыдні два, за гэты час заінтрыгаваны Аўдзей так распаліўся, што не імкнуўся стрымліваць сваёй пажадлівасці. Хоць разумеў, што гэтая дзяўчына мо яшчэ ні з кім і не цалавалася, бо жыла пад пільным назіркам братоў і бацькоў. А з другога боку, думаў, калі нявольніцы даць волю, дык яна гатовая ляцець куды заўгодна, як насенне палявой травы. Хто ведае гэтых дзяўчат? У кожнай свае таямніцы. Мо яна ўжо даўно зведала смак забароненай насалоды і толькі шукае магчымасці, каб ухапіць ад жыцця яшчэ якую шчаслівую часінку няхай і з жанатым чалавекам, абы ён быў да сэрца?

Неяк перад самым развітаннем з яе братамі ў чарговы раз таемна падміргнуў Аўдзей Аксане і паказаў вачамі на дзверы, маўляў, выйдзі і пачакай мяне. Яна схавала шчаслівую ўсмешку і выслізнула з хаты. Аўдзей ад хвалявання ўжо нічога не цяміў, не сачыў за гульнёю і картамі, а таму атрымаў два «дурні» запар ды яшчэ «з пагонамі».