— Годзе, хлопцы, зусім вы мяне адурачылі, сёння буду спаць моцна, як дурны, — весела сказаў ён, паціскаючы братам рукі на развітанне.
На дварэ было цёмна, бязмесячна, ніводная зорка не свяціла, насунуліся невядома скуль хмары. Аўдзей нават разгубіўся, не ведаючы, дзе шукаць дзяўчыну. Аксана аклікнула яго ля весніц. Ён пайшоў на яе голас.
— Што ты, мая прыгажуня, у такім відным месцы схавалася. Пойдзем у садок, ці куды, — прашаптаў ён, абдымаючы гарачае падатлівае цела дзяўчыны.
Яна ўзяла яго за руку і павяла праз двор да дрэў, кроны якіх ледзьве праглядваліся ў цемры. Тыя два дзясяткі крокаў здаліся ім вечнасцю, бо баяліся, што выйдзе хто з братоў і жорстка і груба развядзе іх. Але вокны ў хаце свяціліся, ніхто дзвярыма не грукаў. Яны спыніліся пад высокім дрэвам. Аксана прыгарнулася да Аўдзея, і ён абшчаперыў яе так моцна, каб яна адразу адчула ягоную сілу. Дзяўчына ціхенька войкнула і абмякла, быццам страціла прытомнасць, аддаючыся жарсці. Ён знайшоў яе гарачыя вусны і доўга піў насалоду, задыхаючыся, няўтольна і сквапна, як п’юць самы салодкі нектар. Яна горача адказвала яму, пакрывала пацалункамі ягоны твар, вочы, быццам хацела ўвабраць у сябе ўсё яго мужчынскае хараство і непаўторнасць.
— Давай прысядзем на траву, — прапанаваў ён.
Яна згадзілася, выслізнула з ягоных рук, як вялізная рыбіна, і апусцілася на дол. Нешта шаптала няўцямна, трымаючы яго за рукі. Ён прымасціўся побач. Баючыся, што іх пачуюць, папрасіў:
— Ціха, маўчы...
Але яна не сунімалася, і ён, каб прымусіць яе замоўкнуць, упіўся сваімі вуснамі ў яе з усяе сілы, да болю. Яна прастагнала, але не адхіснулася, а наадварот горача абняла яго.
Ён і сам не разумеў, што з ім зараз адбывалася. Быццам нейкае вар’яцтва апанавала душу. Ён, жанаты чалавек, раптам захваляваўся, як хлапчук.
— Боюся тэбэ, Оўдійко! — сказала яна.
— Не трэба баяцца. Усё будзе цудоўна... Ты мне верыш? — спытаў ён.
— Хочу вірыты, хочу кохаты одного тэбэ, як нікого, — адказала яна, абвіваючы ягоную шыю рукамі. — Ты не покінэш мэнэ? Скажы, не покінэш, ні...
«Гэтага толькі не хапала. Давяла да гарачкі, а цяпер патрабуе паклясціся ў вернасці назаўсёды, — падумаў ён. — А яна не прасцячка, як мне спярша здавалася...»
— Маўчы, маўчы, нас могуць пачуць, — загадаў ён.
Яна сціхла, толькі цяжка дыхала, падуладная ягоным рукам, ён таксама соп, распранаючы яе і блытаючыся ў бялізне.
— А што гэта вы тут робіце? — раптам прагучаў над імі голас старэйшага Аксанінага брата.
Аўдзей падскочыў на ногі і адказаў:
— Шчасце шукаем.
— Я тобі зараз такэ шчасця ўвалю, шчо нэ понэсэш, — адказаў Аксанін брат і заляпіў залётніку аплявуху, ад якой той ледзьве ўстаяў на нагах.
Аўдзей, адчуваючы сваю віну, не стаў адбівацца і падаўся з двара, атрымаўшы яшчэ наўздагон пад азадак. Пачуў, як брат злосна закрычаў на Аксану:
— Чого лэжыш, як карова? Паспіла ўжэ підставытыся...
— Ні, ні, у нас нічого не було, мі тількі цілувалыся, — апраўдвалася дзяўчына.
Аўдзей прыбег у свой двор, спыніўся ля дзвярэй, прыслухаўся, ці хто не даганяе яго. Было ціха. Ад сэрца адлегла, пачаў супакойвацца. Сеў на прызбе, выцер даланёю ўзмакрэлы лоб, падумаў: «Папаўся, як дурань. Добра, што нічога не паспеў, бо невядома што было б... А з другога боку, шкада. Сарвалася рыбка з кручка. Цяпер і ў карты не будзе з кім пагуляць увечары. Ужо туды з сабачымі вачамі не пасунешся. Ды і Аксана гэтая, спакусніца, будзе касавурыцца, толькі аскому наганяць. Эх, хутчэй бы выбрацца з гэтага хутара. Абяцаюць хату даць. А калі? Дзе?»
Ён дастаў з кішэні распачаты пачак махоркі, адарваў шматок газеты, скруціў цыгарку, чыркнуў запалкаю, прыкурыў, зацягнуўся дымам і ад сэрца адлегла. «Вось дакуру і пайду з Таісай дабіраць тое, чаго з Аксанаю не ўдалося, — пасміхнуўся ён сам сабе. — А шкада. Нечапанай я так яшчэ і не зведаў. Усё трапляліся мне дзяўчаты распачатыя...»
Ён згадаў усіх жанчын, якімі яму давялося аднойчы авалодаць. Першаю была Стэпка Сабакорова ў Лядах, якая ні аднаму хлопцу не адмаўляла, хто хацеў упершыню выпрабаваць свае мужчынскія здольнасці. Потым, ужо пасля службы ў войску, калі жыў у Растове, сышоўся з маладзіцаю, якая пражыла з ім тры месяцы, украла грошы і ватоўку і некуды знікла. Пасля прыляпіўся да Таісы. Доўга прыглядаўся да яе. Заўважыў выпадкова. Ён з напарнікам ладзіў дах у бараку насупраць, а яна таўклася каля пліты, нешта варыла. Напарнік сказаў:
— Добрая гаспадыня некаму дастанецца. Увесь час нешта гатуе.
Аўдзей зірнуў уніз праз акно і ўбачыў сімпатычную дзяўчыну, зграбную, тоненькую, бялявую. Ён пазнаёміўся з яе суседкаю па пакоі і пачаў хадзіць туды. Сядзеў на ложку, маўчаў. Таіса часам кпіла з яго, але не крыўдна. Ён не звяртаў увагі. Неяк убачыў, што яна з дзяўчатамі стаіць ля барака, падышоў, прыкаціў нейкі камень, запрасіў пасядзець. З таго і пачалося іхняе знаёмства. Яна не спяшала звязваць свой лёс з ягоным. Казала, што ў яе дачка расце. Не хоча абяздоліць дзяўчынку новым сваім замужжам, натрывалася бяды з першым мужам. Але неяк так само сабою склалася, што захварэла яе дачка. Таіса адпрасілася з працы, пазычыла грошай у Аўдзея, нават пінжак у яго ўзяла, бо не мела плашча, а летам часам здараюцца пахаладанні. Вярнулася яна праз месяц, прывезла даведкі з паліклінікі, што дачка хварэла і сказала Аўдзею, што хоча вярнуцца дамоў. Вярбоўшчыкі падманулі яе, абяцалі прыстойнае жытло, месца ў дзіцячым садку для дачкі, а пасялілі ў былым турэмным бараку, пра садок і гаворкі няма, ды і заробкі мізэрныя. Адзін здзек з людзей. Пасля вяртання яна быццам паверыла Аўдзею, з удзячнасці ці што, з прыязнасцю і даверам пазірала. Нарэшце ён угаварыў яе зняць пакой, каб жыць разам. Яна не хацела больш заставацца тут. Напісала ліст з папрокамі быццам бы ад сястры, якая патрабавала, каб яна забрала дзіця, і пайшла з гэтым лістом да начальніка. Юрыдычна ён не меў права адпускаць яе, бо тэрмін вярбоўкі яшчэ не скончыўся, але чалавек аказаўся прыстойны, які разумеў, што не жаночая гэта справа будаваць масты, пашкадаваў яе і адпусціў. Калі яна звольнілася і сабралася ехаць на радзіму, Аўдзей сказаў, што не хоча з ёю разлучацца. Так яны разам прыехалі да яе бацькі. Там у хаце вісеў у рамцы вялікі фотаздымак, дзе яна была сфатаграфаваная з былым мужам. Аўдзей патрываў колькі дзён, а потым, калі нікога не было ў хаце, зняў са сцяны рамку, адрэзаў ад Таісы былога мужа і гэты кавалак фотаздымка спаліў на Дняпроўскай кручы, а попел закапаў, такім чынам быццам знішчыў яе мінулае.