Выбрать главу

Аўдзей прыйшоў з вуліцы, лёг побач, сцішыўся і хутка размерана засоп. А Таіса доўга ўсё не магла задрамаць. Згадалася ёй жыццё ў бандыцкім Растове. Калі вербавалі, абяцалі залатыя горы, а пасялілі ў барак за калючым дротам. Якраз тады пасля смерці Сталіна па амністыі выпусцілі мноства асуджаных. Былі сярод іх не толькі бязвінныя людзі. Мелася шмат паскуднай навалачы, цынічнай, злой, звераватай. Неяк яе сяброўка на дзень нараджэння вырашыла пачаставаць Таісу. Заробкі мізэрныя, праца цяжкая з ломам ды рыдлёўкаю і, як горка жартавалі будаўнікі, з машынаю асо — дзве ручкі і калясо. Грошай было мала, дык запрасіла ў вакзальны буфет павячэраць. Купіла дзве шклянкі разліўнога піва ды два курыныя кумпячкі. Толькі пачалі есці, як падышоў нейкі прышчавы хлюст, вырваў у сяброўкі курыную нагу і пачаў сам есці. Што скажаш мярзотніку? Ён жа з-за гэтага кавалачка мяса і нажом парнуць можа. Страшнае было жыццё. Адну дзяўчыну з яе барака два блатныя згвалцілі і пачалі спрачацца паміж сабою, забіць ці пакінуць жывою. Яна ўжо і з жыццём развіталася. А калі яны пачалі паміж сабою біцца, пабегла да шасейкі ратавацца. На шчасце, якраз вайскоўцы ехалі, узялі яе ў машыну, так і выжыла. Яшчэ адна сышлася з былым зэкам. Ён аказаўся садыстам, усю яе сцізорыкам історкаў за ноч.

Мімаволі вярнулася да свайго сну. Гэта ж праз колькі часу прыснілася некалі перажытае. Чаму? Што гэта за калідор? Што чакае наперадзе? Пасля таго выпадку яна вымушаная была пайсці з барака жыць з Аўдзеем на кватэру. Калі б не паехалі ў Ляды, дык мо ўсё добра было б. Хлопец ён быў прыгожы, добра апрануты, умеў зарабіць, не скупы, не піў, ад кухля піва хмялеў. А ёй хацелася мець сям’ю, мужа, мо і дзяцей яшчэ. Ці ж яна горшая за іншых? Гэта ў Лядах ён распіўся ды разгуляўся ад няма чаго рабіць. Цвярозы — залаты чалавек і да ўсялякай працы здатны. А варта выпіць — звер зверам, ніколі не ведаеш, што ад яго чакаць.

Да раніцы Таіса так і не заснула. Як толькі пасвятлела за акном, паднялася, згатавала кашу дзецям на сняданак, а таксама боршч і смажаную бульбу на абед, сказала Аўдзею, што збіраецца да доктара, паедзе тым жа возам, якім людзей вязуць на працу па брыгадах, Міцьку возьме з сабою. Вядома, Ліза пойдзе ў школу. Так што хату трэба падпіраць якім калком. Хоця каму што тут трэба.

Доктар памераў ціск, пахітаў галавою, паслухаў сэрца, выпісаў нейкія парашкі і сказаў Таісе:

— У вас высокі ціск, гіпертанія... Дзе працуеце?

— У калгасе...

— Вам нельга працаваць на полі. Я напішу даведку, аддасце яе свайму начальству. Няхай падбяруць якую лягчэйшую працу, на сонцы вам нельга знаходзіцца, салёнага і тлустага не есці.

— Дзякую, — сказала Таіса, ледзьве ўтрымліваючы на руках Міцьку, які цягнуўся рукамі да танометра, што вісеў на шыі ў доктара.

— Калі адчуеце сябе блага, звяртайцеся. Не варта трываць боль. І наогул, калі пап’яце тыя лекі, якія я вам выпісаў, дык прыходзьце, трэба паназіраць за вашым станам. А пакуль зайдзіце да медсястры, яна зробіць вам укол. Толькі пасля ўкола пасядзіце з гадзінку ў двары ў цяньку. Вы ж па сонцы збіраецеся дамоў ісці?

— Нічога, я хустку завяжу.

— Добра, ачуньвайце, — адказаў доктар.

Таіса выйшла з кабінета доктара і адчула, што ёй палепшала ўжо ад ягонай чалавечай спагадлівасці і разумення.

23

У Лізы пачаліся канікулы, і цяпер ёй не трэба было спяшацца штораніцы ў школу за пяць кіламетраў. Апошні тыдзень быў асабліва гарачы. Абутку ў дзяўчынкі не было ніякага, акрамя гумавых ботаў, таму давялося хадзіць на заняткі басанож, чаго яна саромелася, бо ўсе дзеці былі абутыя. Іншыя нават паказвалі на яе пальцам і казалі:

— Дывіцця на цю пэрэсэленку!

Яна старалася на перапынках не выходзіць з класа, каб на яе лішні раз не звярталі ўвагі. Але ўсё гэта нарэшце скончылася. Па хутары можна колькі заўгодна бегаць босаю, ніхто табе лішняга слова не скажа. Па-ранейшаму Ліза прачыналася рана і не толькі з-за звычкі. У такі час малодшы брат яшчэ спаў, таму не трэба было пільнаваць яго. Ён такі пранырлівы, вечна з ім нешта здараецца. На мінулым тыдні запхаў у ноздру рамонак, які дарослыя ніяк не моглі дастаць. З носа пачала сачыцца сукравіца. Міцька плакаў, калупаў у носе ды ўсё далей запіхваў той рамонак. Мама страшэнна напалохалася, бягом кінулася за восем кіламетраў у раённую паліклініку. Доктар дзьмухнуў мало­му ў вольную ноздру паветрам з вялізнага шпрыца — той рамонак сам выскачыў. А пазаўчора Міцька зусім прапаў. Мама бегала вакол калодзежа, галасіла, думала, што ён утапіўся. Гаспадыня з суседняй хаты выйшла і супакоіла яе, сказала, што Міцька ў іхняй хаце загасцяваўся ды і заснуў. Цяпер, калі Лізе давяраюць няньчыць брата, яна ні на крок не адпускае яго ад сябе. Наогул стараецца насіць на руках, каб ён не ўпаў, не пашкодзіў сабе што-небудзь ці не запэцкаўся. Але пакуль ён спіць, дзяўчынцы — воля.