Выбрать главу

Ранкамі сярод дашчэнту выгаралай травы ў стэпе грэліся на сонцы яшчаркі, карычневыя, пад колер зямлі. Ліза спрабавала лавіць іх. Але маленькія стварэнні пакідалі ёй хвост, а самі знікалі. Дзяўчынка ніяк не магла спасцігнуць таямніцу яшчарак, якім чынам яны гэта робяць. Як яны могуць раптам адкінуць частку свайго цела без крыві і без раны. Днямі Ліза напаролася ступ­нёю на пабітую пляшку, парэзала нагу да крыві, сядзела на прызбе і заціскала рану, болю не адчувала. Мама выйшла з хаты, убачыла акрываўленую даччыну нагу, завойкала, прамыла рану, завязала кавалкам палатна. Праз некалькі дзён усё зажыло. Калі б людзі маглі, як яшчаркі, гэтак жа імгненна гоіць свае раны ці адкідаць гэткія хворыя рукі, як у бабы Малашы, а потым у іх вырасталі б новыя прыгожыя і здаровыя рукі... Але гэтага няма і не будзе, пакуль не адкрыецца таямніца яшчарак.

У тую раніцу Ліза, як звычайна, выбегла ў стэп, пільна глядзела пад ногі, каб знайсці яшчарку і не заўважыла, скуль узяліся два дзядкі. Былі яны апрануты ў вышываныя сарочкі, у руках неслі па лазовым кошыку. Ліза спынілася і глядзела на іх, як зачараваная. Яна адразу зразумела, што гэта тыя самыя дзядкі, пра якіх расказвала баба Малаша, Палевічок і Рэха. Прыйшлі яны з Беларусі, каб паглядзець, як Ліза жыве, чым займаецца. А яна яшчарак ловіць. Як нядобра, як сорамна!

Дзядкі выглядалі здарожанымі і папрасілі Лізу прынесці ім вады. Дзяўчынка была радая хоць нечым дапамагчы ім. Хуценька пабегла дамоў і вярнулася з паўнюткім слоікам вады, несла яго асцярожна, каб не расплёскаўся. Дзядкі пілі ваду, пра нешта гутарылі паміж сабою, паглядвалі на дзяўчынку, а на яе найшло нейкае дзіўнае ачмурэнне, яна чула галасы, але не магла зразумець і запомніць ні слова. Падарожнікі выпілі ваду дарэшты, аддалі Лізе пусты слоік і сказалі:

— Ідзі.

Ліза паслухмяна накіравалася дамоў, прайшла колькі крокаў, азірнулася, і са здзіўленнем убачыла, што дзядкі зніклі сярод шырокага і пустога стэпу. Яна не паверыла сваім вачам, пачала вяртацца на тое месца, дзе яны толькі што стаялі. І раптам як з-пад зямлі з’явіўся маленькі руды сабачка, пачаў брахаць і кідацца на Лізу. Такога сабачкі не было на хутары, яна дакладна ведала. Дзяўчынка адышла ад таго зачараванага месца — сабачка зліўся з зямлёю, быццам прапаў. Варта ёй было наблізіцца, як ён зноў з’яўляўся і пачынаў злосна брахаць. Шмат разоў спрабавала Ліза падысці да таго месца, дзе размаўляла з дзядкамі, але так і не здолела. Яна вырашыла паклікаць Наталку, якая была за яе старэйшая і, мусіць, таго сабачкі не спалохалася б. Ліза занесла слоік дамоў і пабегла да сяброўкі, якая яшчэ спала. Пакуль ранняя госця раскатурхала Наталку, прайшло трохі часу.

— Хутчэй, хутчэй, — прыспешвала Ліза. — Там дзядкі пакінулі нейкага сабачку.

— Які дідкі?

— Незвычайныя, як з казкі. Я іх адразу пазнала. Адзін жыве ў полі, а другі — у лесе.

— Які ліс? Нэмае ў нас лісу, — недаверліва адказала сяброўка.

— З нашага лесу, з беларускага, — патлумачыла Ліза.

— Так ото воны і прыйшлы до тэбэ пішкі, — насмешліва скасавурыла Наталка вочы.

— Яны чароўныя, яны ўсё могуць. У лесе жыве дзядок Рэха, а ў полі — Палевічок.

За спрэчкаю яны хутка дайшлі да таго месца ў стэпе за хутарам, дзе Ліза сустрэлася з дзядкамі.

— Ну, показуй, дэ тут шчо? — спытала Наталка.

— Там стаялі дзядкі і пілі ваду, а потым зніклі, а замест іх з’явіўся сабачка, маленькі калмаценькі.

— Підэм, побачымо...

Дзяўчынкі рушылі на зачараванае месца, але там ужо ніякага сабачкі не было.

— Чы не прыснылыся тобі оті дідкы? — пасміхнулася Наталка.

— Як яны маглі мне прысніцца, я ж не спала? Вады слоік выпілі, нешта казалі. Толькі я нічога не запомніла.

— Чы мало хто по стэпі ходыть! Дядькы, дідкы, діткы... Пішлы відсыля. Сонцэ надто жагучэ.

Ліза расчаравана яшчэ раз азірнулася на тое месца, дзе яе душа нечакана сутыкнулася з невядомым цудам. Але цуд гэтак жа раптоўна знік, як з’явіўся, быццам тая вялізная рыбіна, што выплыла да яе з ручаіны, торкнулася рукі і сплыла. Хто паверыць, што Ліза яе бачыла? І цяпер гэтак прыкра атрымалася. Мусіць, Наталка будзе думаць, што Ліза зманіла, прыдумала, а яшчэ горш — прысніла. А навошта выдумляць і маніць? Хацела разгадаць таямніцу яшчарак, а займела сваю, хто растлумачыць, што гэта было на самой справе?..