Ліза адчувала, што настаўніца яе не любіць, але дарэмна імкнулася зразумець, за што. Бачыла, як іншыя дзяўчынкі з класа перад заняткамі бягуць сустракаць настаўніцу, дапамагаюць ёй несці сумку са сшыткамі, нешта шчабечуць. Падумала, можы, і ёй трэба рабіць тое ж, і на наступны дзень кінулася насустрач, але ўбачыла, што настаўніца аддала сумку дзвюм дзяўчынкам, а выдатніцу Г анначку Яшчук павяла за руку. Ролі былі размеркаваны.
Яна не злюбіла школу. Асабліва стала цяжка восенню, калі пачаліся дажджы. Чарназём раскісаў, чапляўся за яе кірзавыя боцікі. У школу дзяжурныя вучні ў брудным абутку дзяцей не пускалі. Трэба было знайсці на полі вялізны шар бур’яну, каб выцерці ногі. Вучні, якія прыходзілі раней, збіралі бур’ян, ці ўмелі неяк праскочыць міма дзяжурных, а Ліза цягнулася далёка ў стэп, дзе на яе чобаты набіралася столькі бруду, што іх было не дачысціцца. Спазнялася на заняткі, яе ставілі ў кут. Яна зусім не адчувала сябе пакаранаю, наадварот, у куце можна было не слухаць настаўніцу, нічога не пісаць, а марыць пра штонебудзь добрае, якое абавязкова збудзецца.
Ліза цяпер наогул не хацела хадзіць у школу. Кожнай раніцы яна прыслухоўвалася, ці не баліць горла, каб пажаліцца маме і не пайсці на заняткі. Але горла не балела, і пачынаўся новы нецікавы і сумны дзень. Яшчэ адна бяда звалілася на Лізу. Штодня яе падпільноўваў рыжы Хвэдзько з трэцяга класа і распачынаў бойку. Яна адбівалася і баранілася партфелем, але біцца з хлопцам ёй зусім не хацелася. Кожны раз, выходзячы са школы, яна азіралася, не ведаючы, дзе яе падпільноўвае вораг, і выбірала новы шлях дамоў, часам у абыход патрэбнага напрамку праз пасадку акацый з вялізнымі карычневымі стручкамі, якія шаргацелі, быццам бляшаныя. Але да вясны неяк усё само сабою наладзілася. Хвэдзько адчапіўся. Ліза з Надзяю пачалі размаўляць памясцоваму. Нават мама, слухаючы іх, аднойчы засмяялася і сказала:
— Паглядзіце на іх, якія ў нас дзве хахлушкі завяліся.
Аднойчы да дзяўчынак на неабгароджаны двор прыйшлі два хлопчыкі з Лізінага класа Ораст і Вася. Павіталіся, перакінуліся словамі з Лізаю і Надзяю, а потым далі ім цыдулку і ніякавата сышлі. Дзяўчынкі разгарнулі паперку і прачыталі: «Ліза + Ораст = Любоў. Надзя + Вася = Любоў». Гэта было першае прызнанне ў каханні. Дзяўчынкі засмяяліся. Лізе не падабаўся таўставаты і кучаравы Ораст. Надзя Васю наогул не ведала. Аднак прыемна было чытаць напісанае на паперцы. Праўда, Лізе яшчэ некалі ў дзіцячым садзе падабаўся хлопчык Толя Балык. Было гэта даўно ў іншым горадзе, яна нават не помніла цяпер ягоны твар і ведала, што ніколі з ім больш не ўбачыцца. А пра Ораста ўдзячна падумала, можа, гэта ён заступіўся за яе, таму задзірысты Хвэдзько перастаў чапляцца.
Другі клас Ліза скончыла з тройкамі. Мама кпіла з яе. Ліза трывала, старалася не крыўдаваць і звыкалася з рэпутацыяй троечніцы. Засмуціла яе тое, што яна страціла сяброўку Надзю, бацькі якой вырашылі ехаць у Растоўскую вобласць, дзе, казалі, калгасы былі больш заможныя і працаўнікам болей плацілі. Восенню Смаленцы, калі атрымалі разлік у калгасе, з’ехалі. Разам з імі паехала і сястра жонкі Антося Самоты Маня з дзецьмі. Мусіць, вырашыла пажыць самастойна, годзе чапляцца за чужое шчасце.
Цяпер другая палавіна хаты, дзе жыла Аўдзеева сям’я, апусцела, але туды пакуль нікога не засялялі. Смаленцы пакінулі свой стол і ўслоны. Часам у той палавіне хаты Ліза выконвала хатнія заданні і згадвала Надзю, як разам наведвалі калгасны сад, дзе расло шмат тутавых дрэваў, на іх даспявалі белыя і чырвоны салодкія ягады. Ніхто не забараняў збіраць дзецям ураджай, бо дрэвы гэтыя вырошчваліся для тутавых шаўкапрадаў. На корм ішло зялёнае голле. Дзяўчынкі разам хадзілі ў райцэнтр па хлеб. Бацькі дазвалялі ім выпіць па шклянцы газіроўкі за тры капейкі, прыпраўленай сіропам, гэты напой называўся «сітро». Тае шклянкі было мала, асабліва ў спякотны дзень, дома яны рабілі самі шыпучку, дадаючы ў ваду соду і воцат. Разам купаліся, а на Новы год з вясковымі дзецьмі хадзілі віншаваць суседзяў са святам. Рассыпалі ў хаце зерне і прыгаворвалі: «Сеем, веем, павяваем, з Новым годам паздраўляем!» Дзе цяпер жыве сяброўка? Як вучыцца? З кім сябруе?
Надзя не напісала ніводнага ліста. Ліза ўпершыню з сумам зразумела, што сябры могуць з’яўляцца і знікаць назаўсёды. Іх нельга нікім замяніць, таму што міжвольна размаўляеш з імі, раішся, хоць іх няма, але яны працягваюць жыць у тваёй яве і снах.