25
Пасля таго, як Аўдзей са сваім вывадкам з’ехаў ва Украіну, Кандрат нарэшце адчуў сябе гаспадаром у хаце. Зрэшты, так у палешукоў вялося спрадвеку: малодшы сын заставаўся пры бацьках, якія з ім дажывалі да старасці. Малаша шкадавала Аўдзея, што яму так не пашанцавала з жонкаю, натурыстаю і ўпартаю. Ды яшчэ з далёкіх краёў. Таму вымушаны ён вандраваць па свеце ў пошуках невядома якога шчасця. Але нічога не зробіш, мусіць, такі ягоны лёс. Як кажуць разумныя людзі, ад лёсу не ўцячэш. Яна спадзявалася, што Кандрат ажэніцца з тутэйшаю дзяўчынаю, і зажывуць яны ў міры ды згодзе. Праўда, малодшы сын у яе трохі баламутны і задзірысты, але ў Малашы знойдзецца вяроўка, каб адхвастаць неслуха ці звязаць, калі ўзбунтуецца. Характар яму перадаўся ад мужавай радні, казалі, што ягоны прадзед з-за нейкае бяды здурэў і пабег у палі, слабы аказаўся духам. Каб сын удаўся ў Малашу, іншы меў бы нораў. Неяк яна спытала ў Кандрата:
— Што рабіцьмеш, сынку, як збіраешся жыць далей?
— А што тут доўга думаць? Я застаўся адзін у хаце гаспадар. Паеду з хлопцамі ва Украіну, зараблю грошай, а вярнуся, дык жаніцца буду.
— А ці ёсць якая дзяўчына на прыкмеце?
— Дзяўчат шмат, ажно вочы разбягаюцца. Прыглядаюся. Пакуль тут быў Аўдзей, дык не было куды жонку весці, а цяпер можна на нешта адважыцца. Не бойся, не памылюся. Вазьму дзеўку бацькі разумнага, добрая табе будзе нявестка, не пашкадуеш.
— Дай божа нашаму цяляці ваўка паймаці, — пасміхнулася Малаша.
— Чаму ты так са мною? Ці я дурнейшы за іншых?
— Добры ты ў мяне хлопец, толькі як лішні кілішак вып’еш, дык надта дурны робішся, у свайго прадзеда ўдаўся.
— Ай, маці, гэта не ад дурноты, хочацца паказаць сілу на людзях, толькі і ўсяго.
— Сілу не кулакамі паказваюць, а працаю, гаспадаркаю, разумнымі дзецьмі. А ў нас гондэ падлога земляная, хата старая. Колькі ёй гадоў? Мо ўсе сто.
— Усё ў нас будзе добра. Пабачыш. Ажанюся, хату пабудую, унукі народзяцца. Каб толькі пляц атрымаць у гайку ці хоць на выгане, каб можна было развесці качак ды гусей, каб кароўку можна было ў пашу не ганяць, а прыпнуць каля плота.
— Твае словы ды богу ў вушы, сынок.
У траўні Кандрат паехаў з гуртам моладзі на заробкі. Прыняла іх хлебадайная Палтаўская зямля. Працавалі палешукі шчыра, ніякай работы не цураліся: ні самай бруднай, ні самай цяжкай. Праўленне калгаса паставілася да наймітаў больш-менш справядліва. Заплацілі няблага: далі грошай і па тоне пшаніцы. Там жа, у вялікім палтаўскім сяле, прыгледзеў сабе Кандрат паляшучку Ульяну, праўда, не з Лядаў, а з суседніх Янавічаў. Дзяўчына была мілая з твару, з пышнымі вуснамі, цёмнымі простымі валасамі, зачэсанамі на прабор па сярэдзіне лба, негаваркая, але прыязная і ўсмешлівая. На заробках не было калі заляцацца, бо працавалі нават у нядзелю і ў святочныя дні. Наперадзе была зіма, калі можна было адаспацца і адпачыць, а цяпер ніхто не шкадаваў сябе, шчыравалі на ўкраінскім калгасным полі, як на сваім. Хто быў памочнікам у камбайнёра, пражыўся цэлы дзень на спякоце, што пасля ні есці не мог, ні на нагах стаяць. Выпіваў літры два вады і падаў знясілены. Каму пашанцавала вазіць салому на вялізных арбах коньмі, тыя, лічы, адпачывалі. Гэта ж не праца, а задавальненне — ездзіць дзень пры дні на возе, даглядаць каня, запрагаць яго ды вадзіць купацца ў ставок. Кандрат аказаўся такім шчасліўцам. Даверылі яму добрага рахманага коніка, які слугаваў хлопцу ўсё лета і дазволіў зарабіць не менш за іншых лядчукоў. Ужо калі вярталіся дамоў цягніком, падсеў Кандрат да Ульяны на траскую вагонную лаўку і сказаў:
— Падабаешся ты мне, Ульянка. Вернемся дамоў, сватоў прышлю да цябе.
— Чаго гэта раптам надумаў? — спытала дзяўчына, не ведаючы, як успрыняць гэтыя словы, ці не жартуе хлопец?
— Не раптам, даўно да цябе прыглядаюся. Добрая ты дзяўчына. Не хачу шуры-муры разводзіць, заляцацца гадамі, думаць, сумнявацца. Скажу шчыра: мне не каханка патрэбная, а жонка, добрая, надзейная. Здаецца мне, што ты такая і будзеш.
— А ты які будзеш? — спытала яна, усё ж не верачы ў сур’ёзнасць ягоных намераў, усміхаючыся, пазіраючы з-пад ілба.
— Я таксама пастараюся быць добрым мужыком, хачу дзяцей, хачу шчасця.
— Пажывём — пабачым, што нам жыццё пакажа.
— Ці можна прыйсці да цябе дамоў, каб з бацькамі папярэдне пазнаёміцца? — спытаў ён, упэўненасць з яго зляцела, ён баяўся адмовы.
— Прыходзь. Чаго ж. Будзем знаёміцца, — яна заўсміхалася, — тут жа за працаю свету не бачылі. Толькі ў цягніку адпачылі ды выспаліся.
Кандрат праседзеў каля Ульяны цэлы дзень, нават хлопцы пачалі з яго кпіць, але ён не зважаў, а толькі спакойна адказаў: