Выбрать главу

— Не чапайце, у нас каханне.

Ульяна засаромелася, яе твар заліўся чырванню. Яна нават пакрыўдзілася, але Кандрат супакоіў яе:

— Не звяртай увагі на гэтых баламутаў, яны зайздросцяць нам.

Сапраўды, па вяртанні ў Ляды Кандрат прыйшоў неяк лістападаўскім надвячоркам да Ульяны, пазнаёміўся з яе бацькам, сказаў пра свае сур’ёзныя намеры. У Янавічах пра Кандрата ведалі мала. Ён з’явіўся добра апрануты, у новым паўпаліто, будучага цесця адразу стаў называць бацькам. Стары Каленік паслухаў хлопца і застаўся задаволены, думаючы пра яго, што хоць і сірата, а не разгубіўся, ездзіць на заробкі, не ветрагон, гаспадар у хаце, і сказаў:

— Няхай дачка сама вырашае, а я пярэчыць не буду.

Ульяна згадзілася. Так усё і вырашылася. Праз тыдзень Кандрат прыйшоў са сватамі, вяселле прызначылі на Каляды. Пасля гэтага штовечар малады хадзіў да сваёй Ульяны цалавацца ды мілавацца, а Малаша жыла ў шчаслівых турботах перад вяселлем сына. Планавала забіць парсюка, нагнаць самагонкі, трэба было дамовіцца з рыбакамі наконт рыбы, каб на стале было больш разнастайнай ежы. Прыкідвала, каго з родзічаў запрасіць, каму які пасад даць ды нікога не пакрыўдзіць. Была задаволеная сынавым выбарам, нарэшце яна займее разумную нявестку, здатную да ўсялякай сялянскай працы. Пра Ульянінага бацьку ведала, што чалавек ён майстравіты, добры гаспадар, на яго дапамогу ды параду заўсёды могуць спадзявацца маладыя, а ёй, Малашы, застаецца толькі дачакацца ўнукаў ды дапамагаць іх гадаваць. А пра большае шчасце яна і не марыла. У старэйшага сына дзяцей не было, мабыць, жонка трапілася няздатная, ды і сам ён, як і бацька, хварэў на сухоты. Аўдзеева Таіса таксама не разгоніцца, каб шмат дзяцей нарадзіць, як вялося спрадвеку ў сялянскіх сем’ях. Была перакананая: у Кандрата ўсё будзе ладам.

Пасля вяселля маладая пераехала на сталае жыццё да Кандрата, узяла на сябе ўсю хатнюю працу. Малашы заставалася толькі хадзіць на вячоркі, прасці, жыць бесклапотна ды чакаць унукаў. Стары Каленік не мог дазволіць, каб яго Ульянка тупала па земляной падлозе. Таму дамовіўся з лесніком, нарэзаў з Кандратам дрэва, напілаваў дошак і разам з зяцем паклаў добрую падлогу. Малаша не магла нарадавацца на новых сваякоў, якія не пакідалі Ульяну без увагі, а дапамагалі харчамі, нават сена воз далі, калі не хапіла яго Малашынай карове. Яно, вядома, нявестцы патрэбна было добрае харчаванне, бо яна адразу зяцяжарала. Ды восенню з’явіўся ў Малашы здаровенькі і прыгожанькі ўнучак Алег, вельмі падобны з твару на Кандрата, што асабліва ўсцешыла яе. Нікога яшчэ яна так не песціла і не любіла, як гэтае немаўля. Сваіх дзяцей гадаваць не было калі, хворы на сухоты муж заставаўся з дзецьмі, а яна працавала за сябе і за яго. Ён вельмі добра даглядаў дзяцей. Неяк Малаша і Дамінка, дзве маладыя гаспадыні, забыліся пакінуць у печы чыгун з цёплаю вадою. Яму спатрэбілася падмыць дзіця. Дык ён з крышаноў зліў вадкасць і выкарыстаў на гэтую патрэбу. Цяпер Малаша як бы адпрацоўвала і сваё страчанае маладое мацярынства, і абавязкі бабулі.

26

На лета Таісе прапанавалі працу ў калгасным дзіцячым садку, які абсталявалі ў вялікай хаце суседкі Марыі Тронь, высокай ладнай жанчыны. Яна ўзначальвала брыгаду агароднікаў, вырошчвала гуркі, памідоры, цыбулю, перац. Мела двух сыноў. Малодшы Мікола служыў у войску мараком. У тое лета ён якраз прыехаў на пабыўку. Ліза, як і ўсе вясковыя дзеці, з захапленнем разглядвала ягонае марацкае адзенне: белую сарочку, бесказырку са стужкамі. Ёй хацелася паслухаць, пра што ж расказвае марак сваім сябрам, якія сабраліся ў ягонай хаце. Яна падбягала да акна, дзе тоўпіліся хлопчыкі, заглядвала ў яго і чула брыдкія словы, якімі Мікола перасыпаў свой аповед. Мацюкі быццам адкідвалі яе ад акна. Але цікаўнасць перамагала. Яна зноў падбягала да акна і зноў адлятала ад яго, як напалоханая птушка. У яе засталося адчуванне, што знешнасць маракоў вельмі падманлівая. Звонку яны прыгожыя і цікавыя, але калі пачынаюць гутарыць з некім, адразу губляюць прывабнасць.

Старэйшы Марыін сын Андрэй працаваў даяром у калгасе і славіўся вялікімі надоямі на ўвесь раён. Гэта была рэдкая з’ява, каб хлопец рабіў справедку жаночую справу. Але так ужо атрымалася, што муж Марыі загінуў на вайне, а яна мусіла працаваць у калгасе і гадаваць двух сыноў. Вось і дзяліла хатнія абавязкі са старэйшым сынам, які не цураўся ніякае працы, добры вырас хло­пец.

Праца ў садку лічылася лёгкаю, Таісу ўзялі туды, бо яна мела даведку ад доктара, якая забараняла ёй працаваць на полі. У гэты ж садок уладкавалі і малога Міцьку. Ліза была школьніца, але ў садку і ёй знаходзілася дзе-якая справа: за малымі паназіраць ці памагчы чым на кухні. Цяпер у яе з’явілася шмат вольнага часу, які яна бавіла на рэчцы. У садок хадзіла дачка старшыні калгаса, Лізіна равесніца, Светка. Яе бацькі вельмі аберагалі, яна толькі збіралася ў першы клас. У святочныя дні, калі садок не працаваў, Ліза хадзіла ў госці да Светкі. Там яна чытала сяброўчыны кніжкі, але яны былі нецікавыя. І не падабаліся Лізе. Напрыклад, у адной каляровай кніжцы быў вершык пра жанчыну, якая любіла насіць капялюш, які ёй падыходзіць, як карове сядло. Гэты верш быў падобны на плётку, а пляткарыць, на Лізіну думку, брыдка. Іншы раз Свеціна мама пры Лізе спрабавала накарміць пульхную дачушку, а тая ўпарта адмаўлялася ад ежы. Жанчына пагражала дачцэ: