Выбрать главу

— Калі не будзеш есці, аддам Лізе.

Перакормленая Света пачынала есці мёд з булкаю ці яшчэ якія прысмакі, ад якіх яе вярнула. Ліза не ведала смаку мёду, але разумела, калі Света не хоча яго есці, дык, мусіць, той мёд ці што там яшчэ ёй даюць, вельмі нясмачнае. Ліза любіла цукеркі. Каштавала яна іх толькі на Новы год, калі ў школе давалі падарункі. Яна збірала паперкі, у якія былі загорнуты цукеркі, чытала надпісы. На адной абгортцы было напісана «Радій» (з націскам на другім складзе), што перакладалася з украінскай мовы, як «радуйся». Невядома скуль, мо чула па радыё, але Ліза ўжо ведала, што радзіем называецца нейкае шкоднае рэчыва.

Света збіралася ў першы клас грунтоўна. Ёй купілі карычневую сукню з прыгожым карункавым каўнерыкам, бліскучы партфель, а, галоўнае, чаму ўжо нават Ліза зайздросціла, сяброўцы абяцалі зрабіць да першага верасня вялізны і прыгожы букет з вяргіняў і маёраў. Адна вясковая цётка вырошчвала гэтыя кветкі і абяцала старшынёвай дачцэ падараваць іх на першы дзень вучобы. Ліза таксама хацела б прыйсці ў школу з такімі ж кветкамі, але дзе іх узяць? Яна помніла, як у першым класе ёй падаравалі прыгожы букет, а потым настаўнік аддаў яго іншай дзяўчынцы. З таго часу яна марыла, што аднойчы ўсё ж прыйдзе ў школу з вялізным букетам. Там будуць вяргіні і маёры і яшчэ мноства розных прыгожых кветак. Што яна збіралася рабіць з гэтым букетам, не ведала, толькі хацела яго абавязкова мець. Такім уяўлялася яе дзіцячае шчасце. Хаця шчасце магло быць зусім іншым, напрыклад, праехаць на кані.

Аднойчы ў абед яна ўбачыла цётку Марыю Тронь, якая прыехала ў двухколавай брычцы па нейкай патрэбе да сваёй хаты.

— Куды вы паедзеце? — спытала Ліза.

— На агарод, — адказала суседка. — Хочаш са мною?

Ці ж трэба было пытаць у Лізы? Яна проста засвяцілася ад радасці, што мае магчымасць праехацца ў брычцы праз усю вёску. А як цікава пабачыць той агарод!

— Ну, залазь у брычку, — сказала цётка Марыя, падсадзіла Лізу ў зручны драўляны вазок, лёгенька сцебанула каня, і той затрусіў па пыльнай дарозе.

Хоць на вуліцы было вельмі горача, у вазку ад хуткай язды Ліза пачувалася выдатна. Ветрык ахалоджваў твар, лашчыў нябачнымі далонямі, мусіць, радаваўся, што можна палётаць навыперадкі з канём. Сустрэчныя віталіся з цёткай Марыяй, а Лізіна душа перапаўнялася гонарам, што яна едзе на агарод па важнай справе побач з брыгадзіркай.

Агарод знаходзіўся ў нізінцы на другім беразе рачулкі, якая жывіла памідоры і гуркі з вялізным лісцем, бы ў лопухаў. Хлопцы і дзяўчаты выбіралі гародніну і складвалі ў скрынкі.

— Кого цэ ты прывэзла, тітко Марыя? — спытаў нейкі хлопец.

— Нарочону тобі, прыглядайся, Санько, — усмешліва адказала брыгадзірша.

Лізе зрабілася няёмка, быццам яе ўжо прасваталі. Яна саромелася размоў пра замужжа.

— Бач, якая гарна діўчынка, — нахвальвала Марыя сваю пасажырку, чым зусім збянтэжыла малую.

Брыгадзірка саскочыла з брычкі, дапамагла Лізе спусціцца на зямлю і павяла яе паміж памідорнымі і гурочнымі загонамі.

— Бачыш, які мы багаті, — сказвала цётка Марыя. — Ты тут побудь, а я піду і побачу, як моя брыгада працюе.

Ліза села на нейкую драўляную скрынку і доўга чакала, назіраючы за людзьмі. Толькі пад вечар цётка Марыя сабралася завезці Лізу дамоў. Дзяўчынка з’явілася перад мамай шчаслівая, гатовая расказаць, дзе была ды што бачыла. Маці сустрэла яе грозным воклічам:

— Куды прапала на цэлы дзень?

— Я з цёткай Марыяй ездзіла на агород.

— Тата табе зараз пакажа такі агарод, што дзясятаму закажаш!

Ліза зразумела, што яе зараз будуць караць і на гэты раз, мусіць, балюча, гарачымі лупсякамі. Яна кінулася з хаты, нырнула ў бульбоўнік пад абрыкосінаю, прыпала да нагрэтай за дзень глебы і затаілася.

Ужо прыцемкам маці выйшла з хаты і пачала клікаць дачку. Ліза не адгукалася. Толькі калі пачула абяцанне, што біць не будуць, выйшла са свайго спрата і насцярожана пайшла дахаты.