Выбрать главу

27

Аўдзей ведаў, што з Лядаў прыехаў Хведар, па мянушцы Жаўнер, з маці і сястрою, спярша спыніўся таксама ў Антося Самоты, а потым і гэтым перасяленцам далі нейкую хату. Мянушку атрымаў зямляк з тае прычыны, што ў маленстве марыў стаць жаўнерам, бо там давалі бясплатна адзенне, абутак і зброю. Вясковаму хлапчуку, які рос без бацькі, здавалася вялікім шчасцем магчымасць жыць на дзяржаўны кошт. Аднак жаўнерам ён стаць не паспеў, таму што Саветы прагналі палякаў. Давялося Хведару стаць салдатам, але служба яму не спадабалася. Чамусьці жонку з дочкамі Жаўнер з сабою не ўзяў. Людзі казалі, што сумеснае жыццё ў іх не ладзілася.

Аўдзей пазбягаў сустрэч з Хведарам з-за даўняй сутычкі. Якраз у той час, калі пан мусіў уцякаць са свайго маёнтка, вяскоўцы кінуліся захопліваць сабе загоны на ягонай зямлі. Тады і счапіліся Хведарава маці Агатэля з Малашаю за кавалак поля. Аўдзей разгублена стаяў і не ведаў, што рабіць. Агатэля тым часам здзёрла з Малашынай галавы хустку, тузала за валасы, а Жаўнер дубасіў кулакамі.

— Сынку, тваю маці б’юць, а ты стаіш! — у адчаі крыкнула Малаша.

Аўдзей схапіў сучкаваты калок і з размаху апусціў на галаву Хведару, той

заліўся крывёю і пабег уцякаць. Следам за ім падалася Агатэля. Свой кавалак поля Аўдзей з Малашай адваявалі, але гэта было дарэмнае змаганне. Прыйшлі Саветы і па-свойму падзялілі зямлю. У той час Хведар і Аўдзей былі падлеткамі, але хіба такое здарэнне забудзецца і даруецца? Прыхаваная варожасць засталася жыць у душах абодвух хлопцаў. І цяпер ва ўкраінскай вёсцы іх зноў звёў лёс. Як ні ўхіляўся Аўдзей ад сустрэчы з былым ворагам, жыццё прымусіла яго скарыцца і змірыцца. Жаўнера накіравалі працаваць на тую самую свінаферму, дзе працаваў Аўдзей. Хведар сам падышоў да яго, працягнуў руку для вітання. І хоць Аўдзею вельмі не хацелася, ён мусіў паціснуць руку Жаўнеру, але душа яго не прымала гэтага вітання, і першае, што зрабіў Аўдзей, пайшоў і памыў рукі.

З гэтага дня як ні стараўся Аўдзей размінуцца з Жаўнерам, той усё роўна знаходзіў магчымасць пабачыцца з ім. Дайшло да таго, што Аўдзей пачаў адчуваць нежаданне хадзіць на працу, бо там трэба вітацца з Хведарам, рабіць выгляд, што яны ледзьве не таварышуюць. Разважаў сам сабе, што нельга гэтак доўга насіць крыўду ў душы, але не мог змірыцца, не разумеў, чаму ён абавязаны штодня сутыкацца з чалавекам, якога не любіць, не паважае. Вялікая Жаўнерава галава, агромністыя ступакі і сам ён, непаваротлівы бамбіза, выклікалі ў Аўдзея агіду. Усё часцей яму прыходзіла ў галаву думка папрасіць начальства, каб далі яму якую іншую працу. Але быў ён з тых маўчуноў, якія на цвярозую галаву лішняга слова не скажуць. Так і трываў, пакуль пад восень не захварэў. Раптам стала балець нага, прастуджаная яшчэ ў маленстве, калі пасвіў статак. Пад каленам утварылася некалькі нарываў, скуль цякла сукравіца, нага распухла, як калода. Аўдзей ужо і на вуліцу не выходзіў, цэлымі днямі ляжаў у ложку. Найчасцей яго наведваў Антось Самота. Разам яны слухалі радыёпрыёмнік, разважалі пра падзеі ў свеце. А Ліза дзівілася, навошта яны слухаюць гэтыя размовы, лепш бы песні якія ўключылі. Скуль было ведаць малой, што ў канцы пяцідзясятых гадоў разгаралася халодная вайна паміж СССР і Амерыкай. Абедзве дзяржавы назапашвалі ядзерную зброю, спаборнічалі ў магутнасці сваіх войскаў. Сяляне Антось з Аўдзеем страшыліся новай вайны, адну яны ўжо перажылі падлеткамі, галадалі, існавалі ў жудасці. Антосю дасталося больш, бо яго вывозілі на прымусовую працу ў Германію, дзе ён напоўніцу хапіў ліха, працуючы на заводзе. Баяліся яны не толькі за сябе, але і за дзяцей. Што іх чакае, якая будучыня? Аднойчы Антось уважліва паглядзеў на Лізу і спытаў:

— Ты кім хочаш быць, як вырасцеш?

— Лётчыкам, — упэўнена адказала яна.

— Не, дзяўчат у лётчыкі не бяруць, — сказаў ён, а сам падумаў: «Калі і дзяўчаты пачнуць скідваць атамныя бомбы, дык жыццё на зямлі спыніцца».

— Чаму? — здзівілася і не зусім паверыла дзядзьку Ліза.

— Мужчынская гэта справа.

Тата таксама пацвердзіў, што лётчыка з Лізы ніколі не атрымаецца. Яна расчаравана зашылася ў куток і задумалася, калі нельга быць лётчыкам, дык кім жа яна тады будзе? Адказу на гэтае пытанне яна яшчэ не ведала. Перабірала ў памяці розныя прафесіі, але ні адна не падабалася ёй.

Таіса, каб палепшыць прыгнечаны Аўдзееў стан, пачала браць кніжкі ў бібліятэцы і чытаць услых. Ён і сам чытаць умеў, дзве зімы хадзіў у поль­скую школу, але дадаўся яшчэ адзін удзячны слухач, Антось Самота, які быў непісьменны, і з вялікай цікавасцю далучыўся да таго сумеснага чытання. Не толькі раманы прываблівалі сюды Антося. З першай сустрэчы спадабалася яму Таіса, гаваркая, усмешлівая, жартаўлівая. Са сваёю Антоляю, непрыгожаю, з вуглаватаю мужчынскаю паставаю, ён пабраўся па разліку. Як вярнуўся з Германіі, не меў дзе жыць. Маці з сястрою і яшчэ дзве гаротніцы, Бабця з Луцяю, туліліся ў цесным хлеўчыку, прыстасаваным пад жытло, бо хаты іхнія пагарэлі. Тады і падаўся ён у прымы да Антолі, якая жыла з сястрою Маняю ў прасторнай хаце, пры якой быў даволі вялікі пляц зямлі. Жончын бацька за польскім часам працаваў вартаўніком у аканома Кубіцеля, таму сям’я лічылася даволі забяспечанай. Дочкі ў вартаўніка былі надта ж непрыгожыя, выпетраныя, з грубымі рысамі твару, але нязлосныя і добрыя. З-за гэтае жаніцьбы і празвалі Антося Юдэлям, бо толькі з хітрасці такі прыгожы хлопец мог узяць замуж непрыгожую Антолю. Але часцей называлі яго ласкава Юдэлька. Што і казаць, употай зайздросціў Антось Аўдзею, які ўзяў сабе прыгожую жонку без каровы і без хаты, і жывуць людзі ў такім жа калгасным жытле ў аднолькавых умовах. Не спатрэбілася Антосю ні Антоліна хата, ні карова. А цяпер жыві век з кабетаю, да якой ніякіх пачуццяў, акрамя абавязкаў. Бачылі вочы, што бралі, цяпер ешце, хоць павылазьце. Іншы раз Антось пытаў у Аўдзея: