— Колькі рэйсаў за ноч робіш? — уяўляючы, што такую жонку, як Таіса, трэба кахаць і кахаць.
Сябар адмоўчваўся, толькі загадкава ўсміхаўся.
За месяц, пакуль Аўдзей ляжаў у ложку, прачыталі «Яму» Купрына і «Ціхі Дон» Шолахава. Ліза іншы раз таксама слухала, як мама чытае кніжкі, але часцей яе выпраўлялі на другую палавіну хаты, бо гэта былі кніжкі для дарослых. Таму дачка папрасіла маму, каб яна ўзяла ёй якую дзіцячую кніжку.
У наступны раз яны пайшлі ў бібліятэку разам. Нарэшце бібліятэкарка завяла на дзяўчынку фармуляр і дала маленькую кніжачку, якая называлася «Жывы капялюш». Дома тую кніжку Ліза прачытала за дзесяць хвілін. Апавядалася там пра ката, на якога ўпаў капялюш, бедная жывёліна мусіла поўзаць па хаце. Бязглуздае апавяданне Лізе не спадабалася, на другі дзень яна зноў прыйшла ў бібліятэку і атрымала такую ж тоненькую і нецікавую кніжку. Яна перастала хадзіць у бібліятэку не толькі таму, што там не давалі ёй добрых кніжак, а з’явілася сапраўды цікавае чытанне. Цётка Марыя Тронь пачала запрашаць яе да сябе па святочных днях і нядзелях. У яе збіраліся суседкі, давалі Лізе ў рукі «Кабзар» Тараса Шаўчэнкі, і яна чытала доўгія паэмы пра жаночую долю. Маладзіцы слухалі, выціралі слёзы, блізка да сэрца прымалі пакуты прыгонных сялянак, бо і самі шмат чаго перажылі ў жыцці. А Ліза зразумела, што ёсць на свеце цікавыя кніжкі, толькі тая бібліятэкарка іх не ведае. Яна падумала, як вырасце, купіць у краме шмат кніжак, зробіць дома цэлую бібліятэку і будзе чытаць кожную вольную хвіліну. Можа, і дзядзьку Антося запросіць, ён жа чытаць не ўмее, а вельмі ўважліва слухае. А калі некалькі раздзелаў прачытаюць без яго, дык просіць расказаць яму, што там здарылася яшчэ. Каб дзядзька Антось захацеў, дык Ліза навучыла б яго чытаць. Ён вельмі здольны, хоць і непісьменны, а пакуль быў у Германіі, вывучыў нямецкую мову. Мусіць, не мае часу, каб вучыцца, ці не хоча? А шкада...
28
Хоць трымаўся Аўдзей годна, нягледзячы на боль і пастаянную тэмпературу, іншы раз, пакуль Таіса была занятая хатнімі справамі, ляжаў і спяваў розныя песні. Перабіраў усе, якія толькі ведаў. Аднак гэты ўяўны аптымізм палёгкі не прыносіў. Мясцовая доктарка прыпісала Аўдзею ўколы. Медсястра цэлы месяц з дня ў дзень прыходзіла і выконвала прызначанае лячэнне, ды паляпшэння хворы так і не адчуў. Нагу скурчыла, яна ўжо не разгіналася. Дактары з райцэнтра прыйшлі да высновы, што пацыенту патрэбна тэрмінова аперацыя. Далі машыну хуткай дамамогі, каб завезці Аўдзея ў абласную бальніцу. Яго суправаджала Таіса. Прыехалі з накіраваннем у адну бальніцу, але хворага не прынялі, сказалі, што няма месцаў. У іншай бальніцы адмовілі таксама, спасылаючыся на тое, што хвораму патрэбна занадта складаная аперацыя, такую тут ніхто не возьмецца рабіць. Падказалі яшчэ адзін адрас, дзе працуе выдатны хірург Панамарчук, можа, той возьмецца. Дзень ужо хіліўся да вечара, начаваць няма дзе, дома засталіся адны дзеці. Паехалі ў тую бальніцу. Але і там адмовіліся браць Аўдзея на лячэнне. Таіса з адчаю сказала доктарцы:
— Дамоў яго не павязу! Пакіну на ганку! Памрэ, дык хоць нехта будзе адказваць.
Зрабіла выгляд, што пайшла з бальнічнага двара, а сама назірала з-за рога будынка. Па Аўдзея прыйшлі дзве медсястры, пасадзілі ў інвалідную каляску. Ён махнуў Таісе рукою, маўляў, ідзі, я застаюся. Толькі тады яна супакоілася і паехала дамоў. Праз тыдзень наведала яго. А ён ужо вясёлы, на мыліцах выйшаў да яе. Нага выпрасталася — удала прафесар Панамарчук зрабіў аперацыю. Пасядзелі, пагаманілі, на развітанне Аўдзей сказаў: