Выбрать главу

— Вы жылі ў нейкім старым горадзе, а я пабудую новы.

— Жадаю поспеху. А я не хачу больш у Сібір. Мне б куды-небудзь у Крым ці на Каўказ. Там цеплыня, мора, садавіна. Ты бачыла мора? Ты каштавала персікі і вінаград?

— Не, не бачыла. Каштавала толькі абрыкосы, кавуны і дыні.

— Калі б ты пабачыла мора, дык больш нікуды не захацела б стуль ехаць. Дарэчы, там таксама можна будаваць нешта.

— Каб ты пабачыла мой Дняпро, — летуценна прамовіла Ліза, — прыгажэйшай ракі няма на свеце. Ніякае мора з ім параўнаць нельга.

— Кожны кулік сваё балота хваліць. Няма ў нас ні мора, ні Дняпра, а ёсць возера, там мы і будзем адпачываць, загараць і трохі думаць пра экзамены. Я ўсё роўна траякоў за чвэрць нахапала, так што не варта мне тут асабліва высільвацца, а ты грызі граніт навукі. Табе трэба, бо давядзецца ісці ў бетоншчыцы, як твой бацька.

Гэтыя Лорыны словы Лізу пакрыўдзілі, яна адказала:

— Усялякая справа годная.

— Дык чаму ж ты ў прыбіральшчыцы не пайшла, як мы на грамадскіх пачатках размяркоўвалі шэфскую дапамогу клубу?

— Прыбіральшчыц там і без мяне хапае, — агрызнулася Ліза. — Не люблю грамадскую работу. Не падабаецца...

— Наш камсамольскі сакратар сказаў бы, што гэта крайні эгаізм і індывідуалізм, вельмі шкодная з’ява ў грамадстве.

— Мяне не цікавіць, што і хто скажа. Бывай.

— Бывай, не забывай.

Яны разышліся. Кожная з іх ужо прыкладна спланавала будучы шлях, але жыццё ўсё паламала і зрабіла па-свойму. Таіса ўзялася на лета няньчыць суседчына дзіця. Ёй было не да Лізіных выбрыкаў, калі заўсёды не хапае гро­шай. У сям’і два школьнікі, якіх трэба абуць і апрануць. Яна і думаць забылася, што абяцала дачцэ адпусціць яе да цёці Полі.

Пасля экзаменаў Ліза спытала ў маці:

— Калі мы паедзем да дзеда?

— Як мы можам паехаць? Бачыш, я дзіця няньчу. Трэба табе новую сукенку да школы купіць.

— Я ж паступаць хацела.

— На наступны год абавязкова паедзем. А цяпер зусім няма грошай. Ты ж бачыш, колькі ў мяне даўгоў. Ад аванаса не хапае да палучкі. Ледзьве канцы з канцамі зводзім. А тут кожны месяц дадаткова будзем атрымліваць па пятнаццаць рублёў! Як жа можна адмовіцца? Ды і суседку нельга падвесці. Куды яна падзенецца са сваёю малою?

Ліза ведала, што суседка нарадзіла без мужа, было ёй ужо гадоў пад сорак, і сапраўды, не было на каго разлічваць. Што ж, трэба людзям дапамагаць. А хто дапаможа Лізе? Як пратрываць яшчэ адзін год?

36

Лора Піліпава ў дзявяты клас не прыйшла. Хадзілі чуткі, што яна зацяжарыла, ездзіла некуды ў Расію да родзічаў і зрабіла там аборт. Ліза не хацела верыць гэтым плёткам. А калі ажно ў лістападзе выпадкова сустрэла сяброўку на вуліцы, дык здзівілася, як тая памажнела, стала падобная больш на дарослую маладую жанчыну, чым на юную дзяўчыну.

— Чаму ты не прыйшла ў школу? — здзівілася Ліза.

— Ты ж ведаеш, я вучыцца не люблю. Пайду ў вячэрнюю, неяк атрымаю атэстат.

— А цяпер, што будзеш рабіць?

— Працую ў татавай брыгадзе.

— Падабаецца?

— Цікавей, чым у школе. — А ты паступала? — у сваю чаргу пацікавілася Лора.

— Не атрымалася. — А як твой стыляга?

— У войску служыць.

— Заходзь калі, — запрасіла Ліза.

— А як там у класе?

— Няма нашага класа. Гэля выйшла замуж і некуды паехала са сваім мантажнікам. Шмат хто з вясковых дзяўчат падаліся вучыцца на ткачых у Іванава, што за Масквою. Некаторыя пайшлі няньчыць дзяцей да начальнікаў. Той-сёй паехаў на новую будоўлю з бацькамі. Так што ў нас цяпер у большасці новыя вучні, што прыйшлі з вясковых васьмігодак, пераважна дзяўчаты.

— Сумота, відаць, там у вас?

— Якая розніца, кожны ж для сябе вучыцца.

— Пайшлі са мною ў вячэрнюю школу, — прапанавала Лора. — Я папрашу тату, ён і цябе возьме на працу.

— У мяне ж яшчэ пашпарта няма. Я ў школу пайшла ў шэсць гадоў.

— Ты такая малая? — здзівілася Лора. — Ну, тады расці яшчэ.

Яны развіталіся, але да вясны так ні разу і не сустрэліся, розныя ў іх былі заняткі і інтарэсы. Лора ўдзень працавала, увечары хадзіла ў вячэрнюю школу. У Лізы была іншая праблема. Яна якраз трапіла ў той выпуск, калі з адзінаццацігодкі зрабілі дзесяцігодку. За два гады новыя выпускнікі павінны былі засвоіць праграму, разлічаную на тры гады. Цяпер старшакласнікам настаўнікі проста чыталі лекцыі. Больш здольныя юнакі і дзяўчаты паспявалі засвоіць матэрыял, слабакі ледзьве цягнуліся на тройкі.

У наступны раз Ліза пабачылася з Лораю на могілках. Тутэйшых людзей хавалі пад крыжамі. На магілах памерлых гараджан ставілі жалезныя чырвоныя пірамідкі з зоркамі. Пакуль будавалася станцыя, пірамідак стала некалькі. Першым пахавалі шыбеніка, які засіліўся на вышках бальніцы яшчэ ў час яе будаўніцтва. Наступным стаў мантажнік, які зваліўся з вышыні і разбіўся. Ліза помніла, што ягоная труна стаяла ў клубе, і ўсе прыходзілі развітвацца з ім, а на могілках казалі жалобныя прамовы.