Выбрать главу

Была тут пахавана прыгожая дзяўчынка Галя з доўгімі косамі, якая ўтапілася. Ляжаў тут і муж Бузюмішынай Надзі, той самы багаты сірата, які раптам захварэў і памёр. Яго Ліза бачыла жывым толькі некалькі разоў. Быў ён невысокі, чарнявы, кідаўся ў вочы не тутэйшай, усходняй прыгажосцю.

Была тут і магіла Банадысінага Івана, яго Ліза трохі помніла. Гэта ён некалі на Украіне, калі ўсе жылі ў хаце Антося Самоты, спяваў пра дзяўчыну, з якою яе маці не дазваляе жаніцца. Яго ўтапіў у возеры айчымаў дваюрадны брат Якім. Ліза чула, як бацькі ціха абмяркоўвалі гэты страшны выпадак. Падслепаваты Якім ніяк не мог выбраць сабе дзяўчыну, усе яны яму былі на адзін твар. Банадысін Іван працаваў разам з ім на земснарадзе ды ўсё нахвальваў сваю Палаю Сердзюкову. Якім таксама паспрабаваў падступіцца да той прыгажуні, якую так упадабаў Іван, але дзяўчына не захацела з ім нават размаўляць. Казалі, што ён аднойчы пачаставаў Івана гарэлкаю, а потым стукнуў па галаве і спіхнуў у возера, калі дзяжурылі разам у начную змену. Івана пахавалі, вінаватых не знайшлі, а Якім праз колькі месяцаў ажаніўся з Палаяю, якая, мусіць, не надта кахала яго, бо нарадзіла толькі аднаго сына, такога ж падслепаватага, як ягоны бацька.

Ляжала тут пад маленькім крыжыкам немаўлятка. Гэта быў адзіны сын Антося Самоты, пра якога ён марыў. Шэсць дачок раслі і гадаваліся, а сёмы сын памёр, пражыў толькі два тыдні.

Сёння павінны былі хаваць Севу Стылягу, які загінуў у войску. Усяго і паспеў гэты хлопец у сваім жыцці, што пакрасавацца ў штанах-дудачках ды пакахаць Лору Піліпаву. Яго прывезлі на могілкі салдаты ў закрытай труне са шкельцам, за якім нічога нельга было разгледзець. Над труною плакалі маці, сястра, нейкія яшчэ жанчыны. Толькі Лора стаяла з сухімі вачамі і нікога не заўважала навокал. Ліза не адважылася падысці да яе і вывесці з цяжкога одуму.

37

Кандрат дарэмна спадзяваўся атрымаць пляц пад хату ў гайку або на выгане. Калі ён прыйшоў да начальства, дык аказалася, што ўся зямля ўжо даўно падзеленая. Кандрату зноў прапанавалі нейкую выспу за вёскаю. Што і казаць, ён тады пакрыўдзіўся на ўсіх. Як жа можна трываць такую несправядлівасць? Усе, хто даўно працуе на будоўлі і да калгаса не мае ніякіх адносін, атрымалі лепшыя пляцы! Клем размясціўся ў самым гайку на востраве, ужо і зруб паставіў! А хто ён такі? Што зрабіў для калгаса? Ды ён заўсёды працаваў толькі на сябе! Узяў замуж дачку заможнага чалавека, які ездзіў на заробкі ў Амерыку і прывёз грошай. У яго і старая сядзіба вялікая, з садам, канец агарода ўпіраўся ў лужок, дзе была воля качкам ды гусям. Ля хаты ў Клема расла асінка, якая трапятала кожным лістком, а ў двары — тры вялізныя яліны, на якіх прыжыліся вавёркі. Гэта хто ж мог сабе дазволіць елкі ў двары вырошчваць. У Малашы адна яблынька, ды і на той горкія яблыкі, есці немагчыма.

Кандрат помніў, як напрыканцы вайны, калі Ляды вызвалілі ад немцаў, у войска пачалі браць мужчын, чый узрост падпадаў пад мабілізацыю. Прыйшла позва і Клему. Ён выправіўся разам з усімі ў райваенкамат, а па дарозе ўцёк і ўпотай вярнуўся дамоў, доўга хаваўся. Клеміха папрасіла Кандрата з Аўдзеем дапамагчы абмалаціць жыта. Аднойчы хлопцы згледзелі Клема на вышках у клуні, зарослага барадою, ажно не пазналі яго, спалохаліся. Клем схаваўся не адзін. Да ягонай сястры Веры заляцаўся Аверка, малады і прыгожы хлопец. Яго таксама прызвалі ў войска. Прыйшоў Аверка перад самай мабілізацыяй да Клема, каб дазволіў ажаніцца з каханаю дзяўчынаю. Той запярэчыў, маўляў, не аддам сястру, ты на вайне згінеш, а яна ўдавою застанецца. Калі хочаш, схавайся пакуль, а пасля, як усё сціхне, пажэніцеся.

Аверка схаваўся дрэнна, у хуткім часе яго арыштавалі і пасадзілі ў турму на дваццаць пяць гадоў. Ён яшчэ і да гэтага часу ўсё даседжваў свой тэрмін, нават смерць Сталіна не дазволіла яму атрымаць жаданую волю. Калі вайна скончылася, Клем вылез са сваёй схованкі, і па яго прыйшлі вайскоўцы. Кандрат помніў, як вялі суседа праз вёску да сельсавета, старога, страшнага, за­рослага барадою. Але Клем неяк адкруціўся, мо таму, што быў ужо стараваты, не годны для таго, каб ваяваць, дык яго мо праз які год ці два адпусцілі. І гэтаму баязліўцу далі найлепшы пляц! За што? Мо за хабар? Вядома. Тры ягоныя сыны працуюць на будоўлі, грошай куры не клююць. Цётка Дамінка як удава, муж якой загінуў на вайне, таксама збіралася будавацца каля Харунжага. Як загінуў дзядзька Саўка, сорамна каму прызнацца! Людзі казалі, што рабаваў у Берліне нейкую кватэру, а немец-гаспадар яго за гэта застрэліў. У Дамінкі зусім новая хата, пастаўленая перад самай вайной. Яна ў калгас на працу не ходзіць, яе дзеці, Якім і Алеся, на будоўлі працуюць, толькі Алёша ў войску служыць! Што і казаць, няма справядлівасці на свеце!