У адзін з такіх вечароў Малаша папрасіла сына:
— Запісаў бы ты, Кандраце, мае песні. Памру і панясу з сабою, што ведаю. А ў мяне песень тых, не злічыць!
— Каму трэба твае песні? Вунь па радыё штодня іх столькі спяваюць, што Божа літасцівы, невядома скуль яны бяруцца. А за гэта ж, мусіць, і грошы некаму плацяць.
— Ай, спяваюць яны абы-што. Гондэ ў мяне песні дык песні. Ты запішы, я табе таксма заплачу.
— Колькі? — зацікаўлена спытаў Кандрат.
— Па рублю за песню.
— Дамовіліся. Алег, дай чысты сшытак і ад сунь трохі свае падручнікі, — сказаў бацька сыну, які якраз рашаў задачы.
Малаша села бліжэй да стала, пачакала, пакуль Кандрат заточыць аловак і пачала напяваць першую песню:
Ой, стары, стары,
Што нам Бог дае,
Што ў нашым садку
Зязюля куе.
У песні апавядалася пра гаротную долю маладой замужняй жанчыны, якая засумавала па бацьках, абярнулася зязюляю і прыляцела дамоў.
— Не спяшайся, маці, я не паспяваю.
Малаша паўтарыла словы больш марудна, а Кандрат старанна запісваў.
Пасля трэцяй песні ён спыніўся і сказаў:
— Плаці грошы.
— Заплачу, ты пішы, пішы.
— Я хачу бачыць свой заробак, — заўпарціўся сын.
Малаша палезла на печ, дастала са сваёй схованкі тры рублі і аддала сыну.
— Выдатна, — задаволена адказаў Кандрат, кладучы паперку ў кішэню. — Заўтра святая нядзелька, куплю сабе пляшку і выпью за тваё здароўе. А зараз працаваць ужо нельга, бо сонейка зайшло.
— Хітры ты, Кандрат.
— Не бядуй, маці, яшчэ ўся зіма наперадзе. Запішам твае песні.
Яшчэ колькі разоў зарабляў Кандрат у маці па траяку, так непрыкметна і
вясна настала, а там ужо было не да спеваў. Ды і не ведала Малаша, што з тымі запісамі рабіць, каму іх аддаць, каб не прапалі. Аднак летам ёй пашчасціла, прыехаў у вёску нейкі малады мужчына, па ўсім было відаць, што разумны чалавек, бо ўжо з залысінамі, а з ім дзве маладзенькія дзяўчыны і запісалі на магнітафон (яны тады толькі з’явіліся) Малашыны скарбы. Амаль цэлы дзень яна спявала ім і жніўныя, і вясельныя, і валачобныя песні. Моладзь стамілася, а яна — ніколечкі. Песні спяваць — даваць роздых душы і адпачынак целу. Потым часткова праслухалі запіс — Малаша ад радасці ажно засмяялася і ціха сказала:
— Вялікі дзякуй вам, дзеткі, што паслухалі. Перадала я вам маю спадчыну, спадзяюся, што не прападзе, мо які спявак і па радыё праспявае, а я паслухаю. А не, дык самі спявайце. А мне пасля гэтага ўжо і паміраць не страшна.
— Што вы, бабуля, жывіце сто гадоў, — сказаў малады навуковец.
— Пажыву яшчэ, сынок, пажыву, мне няма куды спяшацца, — зноў засмяялася Малаша незвычайна маладым смехам.
38
Ліза заканчвала дзявяты клас і марыла, што нарэшце яна паедзе паступаць у тэхнікум, і, калі пашанцуе, дык мо і застанецца ў горадзе, бліжэй да дзеда і цёці Полі. Насталі канікулы, але паездка ўсё адкладвалася, найперш з-за таго, што Ліза павінна была адпрацаваць вытворчую практыку на бетонным вузле. Цэлы месяц яна вымушана была хадзіць на працу, аднастайную і нецікавую. Разам з рабочымі сачыла за прапарачнымі камерамі, даставала з формы бардзюры, прыступкі, перамычкі, а найчасцей сноўдалася без справы па тэрыторыі вузла, смажылася на сонцы ды чакала канца змены.
Нарэшце мама сабралася ехаць да дзеда разам з Міцькам і Лізаю, якая вельмі радавалася, што яе надзея патроху збываецца. Цягніком прыехалі раніцай на вакзал, а стуль аўтобусам. Пакуль дабіраліся да дзедавай вёскі, Ліза з радасцю прыслухоўвалася да гамонкі жанчын, ажно сэрца яе заходзілася ад задавальнення, калі яна слухала такі знаёмы ёй з маленства дыялект.
Раней аўтамабільная траса праходзіла праз дзедаву вёску. Цяпер дарогу праклалі сярод поля кіламетры за тры ад селішчаў, таму падарожнікі выйшлі з аўтобуса насупраць дзедавай хаты, але да яе трэба было яшчэ доўга ісці. Аднак гэта быў прыемны шлях, абапал якога цягнулася жытнёвае поле. Удалечыні за ім відналіся высокія таполі, якія раслі ля дзедавага агарода. Ліза ўяўляла, як яна выбежыць на высокі бераг Дняпра і будзе доўга любавацца ракою, памяць пра якую насіла ў сэрцы, як найвялікшую каштоўнасць.
У Таісы былі іншыя ўспаміны. На гэтым полі ў час вайны немцы расстралялі яе дваюрадную сястру Арыну з сынам і дачкою, а родныя нават не змаглі пахаваць яе, ноччу прыпаўзлі і так-сяк прысыпалі зямлёю. Бо на гэтым беразе Дняпра былі немцы, чырвонаармейцы — на тым. Пахавалі Арыну толькі пасля вызвалення. Адкапалі і на саначках завезлі дамоў. Саначкі былі кароткія, ногі нябожчыцы ў самаробных панчошках з воўны валакліся па зямлі. Пры жыцці Арына была вельмі прыгожая. А цяпер твар яе распляскала цяжарам зямля, зрабіла не падобным на ранейшы. Нябожчыцу абмылі, апранулі ў чыстае. Новых панчох не было, дык ногі абгарнулі палатнянымі анучамі. Дзяцей паклалі ў адну труну, Арыну — у другую, так і пахавалі.