Выбрать главу

— Добра, сходзім у нядзелю, — паабяцаў Кандрат.

З дзяцей дома заставаліся Віталік і Сярожка, які вярнуўся дамоў са спецінтэрната. Дачка Ала вучылася на швачку ў Гродне, старэйшы Алег служыў у войску. У нядзелю Малаша з Сярожкам засталася дома, а Кандрат з Ульянаю і Віталікам выправіліся ў госці. Добра там пасядзелі і пагаманілі. Кандрат не ўтрымаўся, каб не выпіць лішнюю чарку. Ішоў па дарозе, хістаючыся з боку ў бок, як матрос па палубе. Міма праносіліся машыны, асляпляючы фарамі. Ён злаваў і лаяўся:

— Ух, навалач! Скуль вас столькі ўзялося на нашу галаву! Ненавіджу іх! — сказаў ён Ульяне. — Забралі наша поле, наша жыццё! Усё лепшае забралі! Я колькі гадоў ездзіў, зарабляў, потым будаваўся, недаядаў, капейку да капейкі складаў. А яны муруюць сабе будынак за будынкам і раздаюць за так кватэры чорт ведама каму! Донер ветэр!

Кандрат з маладых гадоў вынес гэтую нямецкую лаянку і ўжываў яе значна часцей, чым звычайны мат, бо яна была больш мудрагелістай.

— Аўдзей кватэру атрымаў! Вада халодная, вада гарачая, газ, калі ласка! А я да смерці буду насіць ваду з калодзежа! Не, я не зайздрошчу! Наадварот, ганаруся, што ўсё зрабіў сваімі рукамі, сваімі мазалямі! Мае дзеці будуць мець у спадчыну хату ад бацькі, яшчэ і садок пасаджу! Усё ў мяне будзе! — ён прамаўляў са злосцю, шырокія ноздры раздзімаліся.

Міма пранеслася машына. Кандрат памахаў ёй кулаком услед і крыкнуў:

— Гэй вы, набрыдзь смярдзючая, вы нам усю зямлю спаганілі сваёю атрутаю! Гэтая станцыя штодня ў дзве трубы пыхкае дымам, яшчэ і машыны тудысюды шнуруюць! Слухайце, а чаму гэта яны ездзяць, а мы пешкі сунемся! Ды яны павінны нас на руках насіць, што мы такую зямлю ім падаравалі! Кандрат азірнуўся, убачыў, што іх даганяе машына і кінуўся ёй наперарэз, махаючы рукамі і крычучы:

— Стой, паскуднік! Стой, кажу!

Завішчалі тармазы, машыну развярнула на месцы і недзе там пад машынаю апынуўся Кандрат. Ульяна загаласіла, кінулася да мужа. У святле фараў убачыла ягоную скрываўленую галаву. Ён быў непрытомны.

Кандрат так і не прыйшоў да памяці. Тры дні яго патрымалі ў рэанімацыі. А потым душа ягоная адляцела на вечны спачын. Над яго труною Ульяна галасіла на ўсе могілкі, называла словамі, якіх ён ад яе жывы ніколі не чуў, саколікам ды ясным месячыкам. Малаша плакала ціха, нешта прамаўляла сама сабе і ніяк не магла ўзяць да розуму, чаму Бог забраў у яе некалі маленькую дачку, потым маладога мужа і сярэдняга сына, а цяпер і самы малодшы Канд­рат выправіўся за імі. Чым яна ўгнявіла Бога, што столькі стратаў выпала на яе долю, ці ж можна гэта перажыць, не звар’яцець, не акалець самой? Нельга, каб дзеці паміралі раней за маці!

Пасля пахавання ў хаце ўсталявалася гнятлівая цішыня. Малаша крыўдавала на Ульяну і ўнука, што не ўтрымалі Кандрата. Ужо ж яны ведалі, які ён нястрыманы, калі п’яны. Але нічога нельга было паправіць. Бог забраў сына, а з Богам не паспрачаешся.

Каб суцешыць маці, па вечарах пачаў заходзіць Аўдзей, сядзелі з Ульянаю за сталом, вячэралі, выпівалі пляшку самагонкі, згадвалі Кандрата. Мала­ша дрэнна адчувала сябе, ляжала на печы, маўчала, не мела сілы гаварыць. Удзень яна яшчэ трохі варушылася, а пад вечар знемагалася, старасць паступова падбіралася да яе. Глядзела яна на Аўдзея і Ульяну, думала, няхай бы ён кінуў жонку з чужыны, а прыйшоў да нас, дык і зажылі б мы няблага. Ульяне ж яшчэ дзяцей трэба падгадаваць.

Калі Аўдзей заседжваўся дапазна, па яго прыходзіла Таіса, сціпла прымошчвалася на ўслоне, каля парога, маўчала, слухала гаворку, пасля лагодна пачынала ўгаворваць мужа вярнуцца дамоў. Ульяна моўчкі ціснула Аўдзею на нагу пантофлем пад сталом, як ён разумеў, прапаноўвала застацца. Але ён шкадаваў Таісу і сыходзіў разам з ёю. Аднойчы жонка сказала Аўдзею:

— Калі табе падабаецца Ульяна, дык бяры з хаты, што хочаш, і ідзі да яе, я табе слова супраць не скажу.

— А чаго гэта я да яе пайду? — абурыўся Аўдзей. — У мяне ёсць свая хата і жонка.

Ён перастаў хадзіць у новую Кандратаву хату. А потым дазнаўся, што занемагла маці, паклалі яе ў бальніцу і сказалі, што позна старая звярнулася, нават аперацыю не ўзяліся рабіць. Малаша згарэла хутка, за нейкія тры тыдні. Перад смерцю яшчэ пабачылася з Аўдзеем і незадаволена сказала:

— А ты, дурань, купі на мае памінкі тры пляшкі гарэлкі.

Ён ведаў, чым была незадаволена маці: не тую жонку сабе выбраў у маладосці і цяпер адмовіўся ад Ульяны. Хвалявалася Малаша за лёс унукаў, хацела, каб Аўдзей стаў ім бацькам. А ён не мог пакінуць Таісу, хоць сварыўся з ёю, часам біў яе, але лічыў самаю прыгожаю і разумнаю жанчынаю. А Ульяна была яму чужая і не патрэбная.